Прастора вакол “нёманскай ніці”

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

“Фундамент” сучаснага мастацтва Лідчыны — гэта…
У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі адкрылася другая пастаянная экспазіцыя мастацкага аддзела — “Сучаснае мастацтва краю”, якая прадставіла работы трох пакаленняў творцаў Лідчыны. Праз жывапіс, графіку, скульптуру і вырабы шклозавода “Неман” у музеі прадстаўлена творчасць найбольш знакамітых аўтараў, творцаў-педагогаў, самадзейных мастакоў і тых, хто актыўна ўдзельнічае ў выставачным працэсе рэгіёна. Таксама ў музеі адкрылася і майстэрня вядомага творцы Уладзіміра Мурахвера.

/i/content/pi/cult/577/12701/6-1.jpgПачалі з эксперыментаў

Творчы калектыў праводзіў эксперыменты з дызайнам залы ў камп’ютарных праграмах — так прасцей, і па кішэні асабліва не б’е (музей, дарэчы, адмовіўся ад паслуг сталічных дызайнераў). Пасля пошукаў колеравай гамы спыніліся на белай: светлая прастора з вялікім люстэркам, падсвечанымі вітрынамі і подыўмамі візуальна пашырае залу. Старшы навуковы супрацоўнік музея, куратар экспазіцыі Таццяна Нікіфарава кажа: “Хацелася дамагчыся, каб зала захавала баланс паміж класічнымі і сучаснымі характарыстыкамі”.

У новай зале музей прапануе такі варыянт прагляду экспазіцыі, як знаёмства з творчасцю і біяграфіяй аўтараў работ праз інфакіёск, “начыннем” якога займаўся Мікалай Ёда. Акрамя даведачнага матэрыялу і рэпрадукцый у тэрмінале ёсць яшчэ і відэафайлы. Як высветлілася, за два гады да адкрыцця экспазіцыі “Сучаснае мастацтва краю” рэалізоўваўся тэлепраект “Адлюстраванне”, які і стаў крыніцай для ролікаў. Скажам, я пагледзела 15-хвілінную праграму пра Уладзіміра Мурахвера журналіста Марыны Грыгор’евай і аператара Аляксандра Плескачова. Тым не менш, пытанне, а ці патрэбен наведвальнікам экскурсавод, для мяне засталося. Таццяна Нікіфарава выказала з гэтай нагоды такое меркаванне: "Мая задача — распавесці наведвальніку пра жанр, стыль, тэхніку, аўтарскую ідэю. І калі чалавеку будзе цікава маё меркаванне, магу яго выказаць. Але важна, каб наведвальнік склаў уласнае ўражанне ад убачанага. А інфакіёск толькі дапаможа даведацца пра творчасць аўтараў больш падрабязна".

Жывапісны дакумент

На карцінах жывапісцаў, у асноўным, — пейзажы і выявы знакамітых архітэктурных дамінантаў Лідчыны. Напрыклад, сінагогу са старой паштоўкі напісаў Мікалай Лазоўскі (сам помнік архітэктуры быў падарваны ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны). Алена Юрыкава, якая зараз жыве ў Германіі, падарыла музею работу з выявай Лідскага замка. Каштоўнасць карціны — у яе сюжэце: пасля рэканструкцыі замка змяніўся і ландшафт, што атачаў гэту перліну дойлідства, няма ўжо старых дамкоў, забалочанай мясцовасці. Вось таму пэўныя карціны і можна лічыць жывапіснымі дакументамі.

Уважліва разглядала работу “Мой родны кут” Міхаіла Яварца. Якая ж тут тэхніка: жывапіс, графіка, тэкстыль? А падавалася б, работа — са звыклым для беларускіх мастакоў матывам. Адзначу і акварэлі Аляксандра Судара, а таксама серыю партрэтаў Уладзіміра Мельнікава.

Цвёрдыя целы

Амаль усё прадстаўленае ў раздзеле скульптуры прысвечана чалавечаму целу і ягонаму ўвасабленню. Скажам, у вобразе прыгожай жанчыны Вадзім Вараб’ёў паказаў падступства ракі Дзітва. Скульптура “Шэпт” Міхаіла Фінскага прасякнута спакоем: анёл, заплюшчыўшы вочы, слухае гукі прыроды і літаральна раствараецца ў яе мелодыях, шэпт натуры пакідае далікатнае рэха ў душы юнака. Нездарма гэта скульптура “сустракае” наведвальнікаў: яна настройвае гледача на хвалю супакаення.

Стылізаванае цела “Евы” Яўгена Мацюты асацыюецца са словамі “завершанасць”, “цыклічнасць”, “адасобленасць”. Мне гэты твор падаецца самым “закрытым” і “маналагічным” у экспазіцыі. Адзначу: аўтар “Евы” працуе і ў кірунку стрыт-арта ў Мінску.

Японскія матывы — у Андрэя Асташова, чый стыль — запамінальны. У ягоных гераінь няма падкрэсленых плаўных выгінаў жаночых фігур, інтымных намёкаў. Гераіні скульптара быццам бы перабраліся з мультфільмаў усходняй краіны ў Ліду і гарманічна злучыліся з прасторай музея.

Шкляная цішыня

Мастацкае шкло прадстаўлена, у асноўным, старэйшым пакаленнем мастакоў, якія ў 1960-я змянілі стыль завода “Неман” аўтарскім бачаннем: Уладзімір Жохаў, Уладзімір Мурахвер, Людміла Мягкова... Вырабы гэтых майстроў можна лічыць класікай жанра: далікатныя, змястоўныя. Авангардным мінімалізмам на іх фоне запомніліся аранжавага колеру работы Сяргея Шэціка. А далей — адкрыцці. Скажам, доўга разглядала “Цішыню” мастака па шкле Галіны Сідарэвіч. Сутнасць тэхналогіі аўтара заключаецца ў тым, што ў “цела” шклянога выраба “ўпіваюцца” фрагменты дроту, што нагадвае графічны малюнак. Можна ўбачыць творы, выкананыя таксама па аўтарскай тэхналогіі — “неманская ніць”, якую прыдумаў Анатоль Федаркоў. Акрамя выставачных работ ў экспазіцыі знаходзяцца і інтэр’ерныя творы Валянціны Сучковай.

Таццяна Нікіфарава вылучыла ў канцэптуальнай “раскадроўцы” залы і вітрыну для сувенірнай прадукцыі шклозавода розных гадоў. На яе думку, сувеніры “ілюструюць” істотны від дзейнасці майстроў і мастакоў шклозавода: не заўсёды ёсць магчымасць набыць паўнавартасны выраб, а сувенір — чаму б і не! Асобнае месца сярод кубкаў з сімволікай горада і нацюрмортаў займае анімалістыка Уладзіміра Жохава.

З лідскай прапіскай

Невялікі раздзел экспазіцыі — за графікай. Што цікавага? Мініяцюры Чэслава Тумілевіча, серыя партрэтаў рабочых шклозавода “Неман” Уладзіміра Мурахвера і першыя адбіткі работ таго ж Андрэя Асташова (падарунак музею ад мастака). У партрэтах работы Мурахвера — і настрой, і тэмперамент, і гісторыя. Увогуле экспазіцыя “Сучаснае мастацтва краю” знітавана з постаццю гэтага майстра, бо працяг яе вядзе ў абсталяваную тут жа майстэрню. Асабістыя рэчы сапраўды “жывуць” у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі: іх перавезлі з майстэрні-студыі ў Бярозаўцы. Што ў гэтай зале? Эскізы, эцюды, кнігі пра творчасць Уладзіміра Сямёнавіча і яго жонкі Людмілы Мягковай, мантыя мастака… Цікавасць выклікала партфоліа, якое зрабіў сам творца: ягоныя работы (у тым ліку і рэпрадукаваны жывапіс) можна прагледзець у слайд-рэжыме.

Творы і прастора ў экспазіцыі добра спалучаюцца. Але, як мне падаецца, “фундамент” тут — мастацкае шкло. Жывапіс, графіка і скульптура таксама “не адстаюць” ад зададзенага вырабамі са шкла ўзроўню. Вядома ж, варта падкрэсліць і сістэмнасць “зборкі” прасторы, і спосаб падачы яе “начыння”, і канцэпцыю экспанавання. Усё тут збалансавана.

Мінск — Ліда — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст