“Трэці век”, або Каб не ў макулатуру

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

На Мінскім міжнародным кніжным кірмашы ля самага ўваходу стаяў стэнд з бясплатнымі кнігамі. Іх раздавала кіраўнік групы валанцёраў Універсітэта трэцяга веку Першамайскага раёна Мінска Наталля Хлапкова. Яна распавяла “К” пра тыя праекты, у якіх удзельнічае названая супольнасць.

— Кнігі ўсе — з кантэйнераў для макулатуры, у Мінску іх блізу 380. (Таму лепш, закідаючы кнігі ў вялікія зялёныя скрыні, папярэдне звязаць і спакаваць іх у цэлафанавы пакет — проста каб стан не пагоршаў.) Макулатуру прывозяць на сарціровачную базу, дзе кнігі аддзяляюць, дэзінфікуюць, ставяць адмысловы штамп, потым перадаюць у бібліятэкі бальніц, дзіцячых дамоў, турмаў, шматдзетным сем’ям або раздаюць, як на гэтай выставе. Кнігамі займаюцца валанцёры. Спачатку прыйшла моладзь, а потым стала зразумела: без старэйшага пакалення не справіцца. Ужо з той прычыны, што выкідаюць, у асноўным, выданні, якія друкаваліся яшчэ за савецкім часам, і моладзь не ведае многіх з гэтых аўтараў, каб зрабіць пісьменную сарціроўку.

На месцы склада раней быў завод “Белгіпс”, а потым прыдумалі праект “БелгіпсЭка”. Адна з яго мэт — даць кнізе другое жыццё, бо, калі яна трапіць на перапрацоўку, з яе, імаверна, зробяць туалетную паперу. Раздача ж выданняў — цалкам дабрачынны праект, бо грошы “БелгіпсЭка” атрымлівае толькі ад перапрацоўкі макулатуры.

Тым часам да стэнда падыходзіць жанчына сталага веку, скардзіцца, што ў кантэйнер нязручна закідаць кнігі, цяжка іх несці, кажа, што аддала б шмат выданняў, каб па іх прыехалі. Наталля Мікалаеўна тлумачыць, што машыны для выездаў па кнігі няма, і раіць насіць па некалькі тамоў у кантэйнер. Затым яна дадае:

— Сярод кніг бываюць сапраўдныя скарбы: аднойчы нават выкінулі выданне 1894 года! Сустракаецца беларуская літаратура: “Хатынская аповесць” Алеся Адамовіча (праўда, на рускай мове), “Неруш” Віктара Казько, “Каліна пад акном” Анатоля Бароўскага, выданне з серыі “Замежная фантастыка”.

Распавяла візаві і пра Універсітэт трэцяга веку:

— Я займаюся ў групе “Мода і стыль”, а яшчэ кірую валанцёрамі. У нас шмат хто адначасова і вучыць, і вучыцца. 62-гадовы мужчына асвоіў камп’ютар, а цяпер выкладае. Сам жа ён пайшоў у групу па псіхалогіі. Запіс ідзе ў канцы верасня, узрост — ад шасцідзесяці гадоў. Можна вывучаць мовы, нават кітайскую, здымаць кіно... У пазамінулым годзе запісалася 500 чалавек, летась — ужо 1500. І тысяча стала займаецца! Гэта лічба залежыць ад таго, колькі прыйдзе валанцёраў, бо выкладанне не аплочваецца.

Таццяна Сталярова, выкладчыца фатаграфіі у адным з мінскіх універсітэтаў трэцяга веку, апавядае:

— Неяк мае вучаніцы прагаварыліся, што ідуць на заняткі збольшага не вучыцца, а пагутарыць, паслухаць, выйсці ў свет, як кажуць. Я тады пакрыўдзілася. А пасля, падумаўшы, наадварот, стала больш свабодна пачувацца ў выкладанні. І неяк заўважыла, што і вучаніцы горнуцца да тэмы. Пачалі мне тэлефанаваць, каб спытаць, чаму фотаапарат не ўключаецца, ці з просьбай раздрукаваць інструкцыю менавіта да іх мадэлі “мыльніцы”. Адна жанчына не пашкадавала пенсіі і набыла люстраны фотаапарат. Загарэліся вочы і ў астатніх! Цяпер іх не спыніць. Усе сталі рабіць хатнія заданні больш адказна. Ды што там, нават на фотавыставы сталі хадзіць і мяне запрашаць! А нядаўна пачула пытанне: “Навошта вам гэта валанцёрства?!.” У адказ проста параіла ім самім паспрабаваць. Яны ж таксама могуць адкрыць “універсітэт” для нас і шмат чаму навучыць.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"