“Пiнская шляхта” з пярчынкай самаіроніі

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Зусім нядаўна, у сярэдзіне сакавіка, Палескі драматычны тэатр адзначыў другую гадавіну свайго існавання. За гэты час пінскія гледачы змаглі пабачыць нямала цікавых пастановак: спектаклі паводле сусветнай і нацыянальнай класікі, сучаснай драматургіі як для дарослых гледачоў, падлеткаў, так і для самых маленькіх тэатралаў. Асаблівы поспех зазнала п’еса Георгія Марчука “Адгукніся, браце!”, прысвечаная жыццю і творчасці Якуба Коласа, які, як вядома, пачынаў свой творчы шлях менавіта ў горадзе над Пінай. Па выніках работы ў 2007 годзе ДУ “Палескі драматычны тэатр г. Пінска” занесены на гарадскую Дошку гонару.

 
Сцэна са спектакля “Пінская шляхта”.
Першай прэм’ерай 2008 года сталася “Папялушка” па п’есе Яўгена Шварца ў пастаноўцы рэжысёра тэатра Алены Гаўрыловіч. Нягледзячы на тое, што казка гэтая ідзе на сцэнах многіх тэатраў і вядомая не аднаму пакаленню гледачоў, мае шэраг кінаверсій, тэатр здолеў знайсці сваё рашэнне, не кідкае, без залішняй вытанчанасці, а зарыентаванае на сцвярджэнне перамогі дабра над злом і першынства душэўнай і духоўнай прыгажосці — таго, што робіць чалавека Чалавекам.

І, вядома ж, з нагоды 200-гадовага юбілею Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча пінскі тэатр не мог прамінуць “культавую” п’есу гэтага драматурга — “Пінскую шляхту”. Тым больш, што ў свой час гэты твор у пастаноўцы цяперашняга галоўнага рэжысёра тэатра Івана Базана быў візітоўкай Тэатра-студыі “Дыяген” пры гарадскім Доме культуры Пінска.

Натуральна, што мясцовыя тэатралы чакалі вяртання гэтага спектакля на прафесійную сцэну.

Але гэтым разам Іван Базан прапанаваў гледачам новае прачытанне “Пінскай шляхты”, адрознае ад таго, што было ўвасоблена ім 15 гадоў таму.

У сённяшняй трактоўцы перад намі паўстае не зусім сатыра, а, хутчэй, — лірычная прытча, з вялікай доляй гумару і самаіроніі адносна пінчукоў. Своеасаблівы ўрок “нацыянальнай памяці” на прыкладзе сцэнак з жыцця продкаў, якія могуць стацца годным прыкладам таго, як, пасмяяўшыся з сябе, зрабіць і пэўныя высновы адносна таго, каб не паўтараць памылак продкаў...

У галоўных ролях заняты артысты тэатра Павел Рыжоў (Грышка), Вольга Ермалаева (Марыся), Аляксандр Горак (Кручкоў), Андрэй Дзмітрычэнка (Цюхай-Ліпскі), Аляксандр Белавус (Куторга). Апошні, дарэчы, іграе сваю ролю не ў першы раз, што дадае яе выкананню адметны “гістарычны” каларыт. Ён, а таксама і іншыя акцёры былі прыняты пінскімі гледачамі надзвычай прыязна. Хацелася б, каб работу пінчан змаглі пабачыць тэатралы і ў іншых гарадах нашай рэспублікі. Скажам, у Брэсце ўжо не першы год з поспехам праходзіць Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”. Чаму б не прадставіць на ім яшчэ адзін сцэнічны калектыў з Брэстчыны з каларытнай пастаноўкай паводле нашай нацыянальнай класікі? Думаецца, што гэта было б цікава і карысна не толькі для самога тэатра, але і для шматлікай тэатральнай публікі, што збіраецца штогод у Брэсце. Гэта лішні раз пацвердзіла б і тэатральны імідж вобласці.

Валерый ГРЫШКАВЕЦ
Пінск
Фота Вячаслава ІЛЬЯНКОВА