А сувеніраў пакуль няма…

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Гэтая публікацыя — пра сёння культуры Ляхавіцкага раёна. Пасля грунтоўнага знаёмства з ёю мы пераканаліся, што іншым разам суседнія рэгіёны пры аднолькавых быццам умовах выдаюць на-гара вельмі розныя вынікі культурнай дзейнасці, у тым ліку — і пазабюджэтнай. Мо і іншым варта было б да гэтага прыгледзецца ды пэўныя высновы зрабіць.

/i/content/pi/cult/577/12698/10-1.jpg53 мільёны на відэаназіранне…

З нядаўняга часу гасцініца ў Ляхавічах мае тры зоркі. Нумары тут, сапраўды, шыкоўныя. Маем на ўвазе не толькі мэблевыя гарнітуры ды цікавы дызайн пакояў. У кожным з іх — шырокі выбар рэкламных буклетаў пра тутэйшыя культурныя, гістарычныя і архітэктурныя цікавосткі. А вось гэта ўжо — вялікая рэдкасць для іншых гатэляў, нават абласнога ўзроўню. Так што перад сустрэчай з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мікалаем Дабрыянцам асвяжылі ў памяці тое, на што забыліся па выніках колішніх камандзіровак.

А размову з начальнікам распачалі з выканання планаў па аказанні культурных паслуг насельніцтву. Маўляў, на Стаўбцоўшчыне яны падскочылі, а на Ляхавіччыне? Галоўная праблема для аддзела традыцыйная — няма фінансавання. Тым не менш за мінулы 2015 год установамі культуры раёна былі зароблены 774 з паловай мільёны рублёў. З іх 540 мільёнаў — непасрэдна паслугі ў сферы культуры. Па словах Мікалая Дабрыянца, сёлета неабходна зарабіць, як мінімум, на 15 працэнтаў больш. Як гэта часцей бывае, асноўны пастаўшчык платных паслуг — мясцовы ГДК, на чыёй пляцоўцы праводзяцца канцэрты айчынных “зорак”. Пры гэтым тэндэнцыя — на раскручаных даўно спевакоў кшталту Саладухі, Ціхановіча з Паплаўскай збіраюцца залы, на маладых і амбіцыйных незалежна ад жанру — адзінкі. Ходзяць ляхаўчане і на сваіх. Вось толькі кошты на такія канцэрты “сацыяльныя” — у межах 10 тысяч рублёў за білет.

За бюджэтныя грошы быў набыты праектар для ГДК, дзве газонакасілкі, сістэма відэаназірання і на 89,5 мільёна закуплены музычныя інструменты ў раённую школу мастацтваў. Закранулі ў размове з Мікалаем Дабрыянцам і дзейнасць Раённага дома рамёстваў. Як высветлілася, сёння ён размяшчаецца не ў Ляхавічах, а ў вёсцы Дарава, пра якую далей пойдзе асобная гаворка.

Не абышла раён і аптымізацыя. За мінулы год былі ліквідаваны дзве ўстановы культуры. Што цікава, пустуючыя будынкі даволі хутка прадалі з аўкцыёна. Цяпер насельніцтва гэтых вёсак абслугоўваецца бібліобусам, а таксама творчымі калектывамі раёна. Што да аўтаклуба, то як асобнай штатнай адзінкі апошніх гадоў дзесяць яго ў Ляхавіцкім раёне няма. Але ў аддзела маецца мікрааўтобус, які і выкарыстоўваецца пад паездкі па аддаленых вёсках, а таксама за межы раёна.

Актыўна выкарыстоўваюцца ў Ляхавічах пабрацімскія сувязі. Апошнія тры гады рэгулярна адбываюцца выезды калектываў у Польшчу. Цяпер маюцца задумы распрацаваць сумесны праект з фінансаваннем Еўрасаюза.

Не забыліся запытацца і пра нашу Грушаўку (як-ніяк суботнік арт-суполкі Тадэвуша Рэйтана і рэдакцыі “К” ужо тры гады запар праводзіцца менавіта там). Цяпер завяршаецца працэс падрыхтоўкі дакументаў на сядзібна-паркавы комплекс Рэйтанаў. Засталося зрабіць пашпарты толькі на асобныя руіны. Пасля комплекс будзе выстаўлены на продаж. Праўда, маецца надзея захаваць унікальны помнік у дзяржаўных руках. Спадзяюцца ў гэтым плане на фінансавую дапамогу з боку Польшчы. Па словах Мікалая Дабрыянца, гэтае пытанне будзе разглядацца на ўзроўні міністэрстваў культуры дзвюх краін. Галоўнае, каб Грушаўка не паўтарыла лёс сядзібы ў Савейках, якую пад санаторый выкупіў некалькі гадоў таму прыватны інвестар, але так і не пачаў укладаць у аб’ект інвестыцыі...

У адным з буклетаў у гатэлі знайшлі інфармацыю пра музей Міхаіла Пташука ў вёсцы Федзюкі. Наважыліся пад’ехаць і паглядзець, як наш імпэт перапыніў Мікалай Мікалаевіч: маўляў, такога музея на балансе аддзела няма. Не праводзіцца там і ніякіх памятных мерапрыемстваў. А тое, што цяпер робіцца ў доме, дзе жыў славуты рэжысёр, выключна прыватная ініцыятыва. На думку кіраўніка раёна, ствараць там музей з пазіцыі сённяшняга фінансавання немагчыма. Дазволім сабе не пагадзіцца. Мы звязаліся з дачкой рэжысёра Лікай Пташук, якая распавяла пра тое, што ў доме захавана аўтэнтычная атмасфера, напоўненая архіўнымі фотаздымкамі. І будзе вельмі прыкра, калі такі аб’ект акажацца страчаным. Тым больш, што ў раёне няма ўвогуле ніякіх музеяў, не лічачы школьных…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Як правіла, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, калі ён прыйшоў на пасаду з ідэалагічнай сферы, скіроўвае нас, журналістаў, да свайго намесніка, звычайна — колішняга галоўнага спецыяліста, ці начальніка раённага аддзела культуры. І робіцца гэта з той простай прычыны, што першы больш разбіраецца ў ідэалогіі, а другі — у культуры. Мы з Кастусём Антановічам маем немалы досвед такіх зносін, таму ведаем, пра што кажам. Дык вось, Мікалай Дабрыянец, добры, як аказалася, гаспадарнік ды арганізатар, у размове з намі па дапамогу да спецыялістаў не звяртаўся, на пытанні адказваў з глыбокім веданнем справы. Гэта пры ім ажыла міжраённая канцэртная дзейнасць, нават пры СДК устанаўліваецца сістэма відэаназірання, каштоўныя кадры пры аптымізацыі не скарачаюцца… Так што падыход да справы ў начальніка канструктыўны.

Яшчэ адна «Берагіня»

Вёска Дарава прывабіла: як запэўнілі, ёсць тут цікавы клуб аматарскай песні «Берагіня», які дзейнічае пры СДК, і Дараўскі дом рамёстваў, што месціцца пад гэтым жа дахам. Для Брэстчыны досыць характэрна тое, што РДР знаходзяцца не ў раённым цэнтры. Скажам, на Баранавіччыне такая ўстанова працуе ў вёсцы Русіно, пра якую мы пісалі неаднойчы. Падумалі, што такая ж сітуацыя і ў Дараве. Добрая нагода для параўнання.

Вонкава ўстанова даволі зграбная. Наведалі найперш Дом культуры. Пяць гадоў ім кіруе Вольга Цімашок. Летась яна завочна скончыла Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя Максіма Танка. Поўная сіл, ідэй ды амбіцый. “Берагіня” зрабіла ў Польшчы фурор, чакае запрашэння на чарговыя замежныя гастролі. Цудоўна! Не так ужо часта нам даводзіцца пісаць пра экспарт нашай нацыянальнай культуры. (Іншая справа — таўталогія назваў нашых фальклорных гуртоў ды фэстаў. Усё ж Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў Акцябрскім паспеў стаць у нас не проста брэндам, а адмысловай сацыяльна-грамадскай з’явай. Самы час пра аўтарскія правы на брэнд казаць…) Насамрэч, калі падлічыш, колькі ў рэспубліцы фальклорных гуртоў пад назвай, скажам, “Жытніца”, дык ніякавата становіцца. Яшчэ адзін доказ таму, што паміж абласцямі рэспублікі існуе пэўны інфармацыйны вакуум у сферы культуры. Але, па вялікім рахунку, гэта не тая бяда, якую выпраўляць варта першачаргова. Хапае іншых праблем, якія, бывае, звязваюць літаральна па руках ды нагах.

Адна з іх — выкананне пазабюджэтнага плана. З гэтай нагоды вельмі ўразіліся ў Дараве, што якраз тут асаблівых праблем і не існуе. Пачалі разбірацца, чаму. Аказалася, што ўсе вядучыя калектывы раёна нястомна гастралююць не толькі па роднай Ляхавіччыне, але і па Брэстчыне наогул. Выступаюць з канцэртамі ў Століне, Баранавічах, Пружанах. А суседзі, у сваю чаргу, завітваюць з творчымі прэзентацыямі на Ляхавіччыну.

— Гадавы план па аказанні платных паслуг — 5,7 мільёна рублёў, — кажа дырэктар СДК, — факт жа на сёння складае 2,4 мільёна. Толькі за адзін нядаўні канцэрт у Ганцавічах зарабілі 1 мільён 250 тысяч.

І бачна па Вользе, што падабаецца ёй такім чынам зарабляць, аб’ёмы плана падштурхоўваюць жыць у нармальным творчым рытме. Балазе аўтамабільны парк у аддзеле — больш чым самавіты. Інакш кажучы, ёсць усе магчымасці не толькі камерцыйныя здольнасці праяўляць. Сталыя канцэртныя ваяжы па рэгіёнах — тая ж прафесійная вучоба. Бачыш, чым жывуць калегі, не даеш падаць планцы патрабаванняў да ўласнай мастацкай дзейнасці.

Напэўна, на гэтым піку творчай разняволенасці і нарадзіўся на Ляхавіччыне раённы фестываль “З крыніц спрадвечных”, якому ўжо 15 гадоў. І не звярнулі б на гэта вялікай увагі (такія фальклорныя фэсты па раёнах Беларусі — справа звыклая), каб не вось якая акалічнасць. Фестываль гэты амаль кожны раз ладзіцца ў новым паселішчы. Але існуе ўмова: у вёсцы павінна быць старадаўняя сядзіба, вакол якой можна арганізаваць пераканаўчую тэатралізацыю і яркую канцэртную дзею на свежым паветры. А гэта — ужо крэатыў, на рэалізацыю якога адважыцца не кожны, бо клопатна памяняць звыклую сцэну на непрадказальны “open air”. Выйграе толькі ўпэўнены ў сваіх сілах. А такіх няшмат. Сёлета, дарэчы, фэст мяркуецца правесці каля старадаўняй сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы.

Па-добраму здзівіла ў Дараве яшчэ вось што. На вока выпадкова трапілі клубныя сцэнарыі. Зацікавіліся. Арыгінальная рэч! Аўтар — салістка “Берагіні” Кацярына Брэчка. Вось, да прыкладу, матэрыялы каляднай дзеі, падчас якой вядучыя нагадваюць прысутным, што ў Першую сусветную вайну пад Даравам адбылося на Каляды перамір’е паміж рускімі і кайзераўскімі салдатамі. Цікавы яркі факт мясцовай гісторыі ўмела абыграны і арганічна ўстаўлены ў тканіну сцэнарнай распрацоўкі. Не сакрэт, што самадзейныя сцэнарыі ў асноўным — ці бяздумныя кампіляцыі, ці бессаромны плагіят. А вось аўтарскія творы — на вагу золата. Так што ў Дараўскім СДК і мы трошкі ўзбагаціліся.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Завітваючы ў кожную беларускую вёску, заўсёды спадзяешся сустрэць нешта незвычайнае. Палац, сядзібу, музей ці якую іншую атракцыю. Калі ж яе няма, то задумваешся, што можна было б там зрабіць. У тым жа музеі Міхаіла Пташука, што месціцца ў невялічкай вёсачцы на Ляхавіччыне, я ўяўляю пасляваенны радыёпрыёмнік, які транслюе тагачасны радыёспектакль, маленькі тэлевізар, экран якога ненашмат перавышае памеры сённяшніх смартфонаў. А ў двары — дэманстрацыя (сучаснымі тэхнічнымі сродкамі) фільмаў вялікага беларускага рэжысёра. Мо калісьці тыя задумы ператворацца ў рэальнасць?

Як знайсці інструмент?

Старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч заўважыў аднойчы, што ў раённым цэнтры павінна быць крама па рэалізацыі сувеніраў. Паколькі асноўны іх пастаўшчык — РДР, туды мы і скіраваліся.

Першае, што высветлілі, дык гэта тое, што Дом рамёстваў не мае статуса “раённы”, бо дзейнічае адносна нядаўна і толькі нарошчвае творчыя “цягліцы”. Другое: РДР неўзабаве перабярэцца ў былую кантору мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі. Пашырэнне плошчаў дазволіць зрабіць мастацкую галерэю (цяпер большасць работ захоўваецца ў фондах і не выстаўляецца), а таксама — павялічыць колькасць гурткоўцаў, бо новы будынак Дома рамёстваў размешчаны непасрэдна ля школы. Цяпер у рамесніцкіх гуртках РДР — 25 чалавек, з іх — толькі 15 дзяцей. Дырэктар установы Алена Русакевіч абяцае, што будзе больш. З-за пярэбараў пэўная палёгка чакае і СДК: там павялічацца плошчы для гуртковай дзейнасці.

Дык вось, сувеніраў ад дзейнасці РДР прыдбаць пакуль нельга. Пасля вырашэння арганізацыйных пытанняў справа мо і пачне рухацца. Асартымент традыцыйных рамёстваў тут пакуль невялікі. Маці Алены Русакевіч Надзея Горка займаецца саломкай, а Людміла Сярдзюк вышывае, займаецца рэканструкцыяй мясцовых старадаўніх арнаментаў. Пагадзіцеся, разнажанравасці пакуль малавата, каб установа набыла статус раённай.

Дырэктар РДР у рамястве ідзе па маміных слядах — таксама саломкапляцельшчыца. Дзеліцца з намі сваімі праблемамі:

— У нашай справе шмат тэхналогій, і для кожнай патрэбны свой інструмент. Я пакуль у поўным аб’ёме інструментарыя не маю. Вось збіраюся з’ездзіць у Мінск, пабываць на выстаўцы народных майстроў "Млын", там, кажуць, такі інструмент можна набыць…

Мы заканамерна запыталіся, а чаму майстар выбірае самы цяжкі шлях, ігнаруючы самы лагічны. Трэба ж проста звязацца з адпаведнымі метадыстамі Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага (інакш кажучы — метадычнага) цэнтра. Алена Русакевіч толькі паціскае плячыма. Маўляў, мяне нават начальнік аддзела ў Мінск адпусціў, бо давяла, што без якаснага інструмента няма паспяховага майстра. Урэшце, спадзяванне толькі на свае сілы — якасць не з самых горшых…

У тым, што ў вясковага Дома рамёстваў — вялікія перспектывы, мы пераканаліся, калі сустрэлі на вуліцы купку маладзёнаў. Некалькі з іх хадзілі ў малодшых класах у гурток саломкапляцення. Дый да якасці платных дыскатэк у СДК у хлопцаў прэтэнзій не было.

Агульнае (не)лірычнае завяршэнне

Планы пазабюджэтнай дзейнасці работнікаў культуры Стаўбцоўшчыны і Ляхавіччыны розняцца, як дзень і ноч. Чаму? А вось гэта пытанне з пытанняў. Нас цікавіла іншае: творчая праца на знос не прыносіць належнай аддачы, а рэальныя пазабюджэтныя заданні нараджаюць рэальныя і адмысловыя праекты.

Фота аўтараў

Мінск — Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці — Ляхавіцкі і Івацэвіцкі раёны Брэстчыны — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"