Такія розныя Шчамялёвы…

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Менавіта так — у множным ліку. Знакаміты бацька — народны мастак Леанід Шчамялёў і дзве яго дачкі: Маргарыта, аўтар цудоўных габеленаў, і Людміла, вельмі арыгінальны жывапісец. Творы гэтай “трыяды” экспануе Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва.

/i/content/pi/cult/577/12697/9-2.jpgРытмы часу

“Мой малюнак — гэта адкрытае і самае чыстае ўвасабленне маіх эмоцый”. Так, словамі Маціса, Леанід Шчамялёў мог бы сказаць пра свае творы, якія экспануюцца пад назвай “Рытмы часу”. Усе 37 малюнкаў, у тым ліку і эскіз да карціны “Маё нараджэнне”, — з сямейнай калекцыі, частка работ раней не дэманстравалася. Тут жа, у зале, узноўлены “куточак” з інструментамі майстра: алейныя фарбы, палітра, эцюднік, мастыхін, пэндзлі, фатаграфіі і дакументы розных гадоў, рэпартажныя здымкі, звязаныя з творчым жыццём мастака. Так быў адзначаны яго лютаўскі 93-ці дзень нараджэння.

Тое, што ён віртуоз натурных замалёвак, вядома даўно. Ужо з маладых гадоў яго малюнкі вылучаліся такой свабодай і арыгінальнасцю, якую рэдка сустрэнеш. Нават найменшы накід вылучаецца канструктыўнай завершанасцю і развітым унутраным дзеяннем. Прычым усё гэта дасягаецца мінімумам сродкаў, лаканічна і з відавочнай натуральнасцю. Дастаткова паглядзець яго кампазіцыйныя малюнкі “Свет мастака” (гуаш на чорнай паперы), “У Махачкале”, работы з “паўночнага”, “паўднёвага”, “балтыйскага” цыклаў, партрэты мастакоў Віталя Цвіркі, Юрыя Тышкевіча і Барыса Уса, а таксама Святланы і Насці Шчамялёвых, балерыны Людмілы Бржазоўскай, бабулі Матроны, аўтапартрэт, некалькі нацюрмортаў… Ва ўсіх творах мастак з захапленнем распавядае пра ўсё, што пад час падарожжаў ці пры сустрэчах з блізкімі людзьмі зачапіла яго ўяўленне. Зусім відавочны імправізацыйны характар гэтых малюнкаў — усё робіцца як бы за адзін раз. Пераклад натурных уражанняў у рысуначную кампазіцыю ці вобраз мадэлі для Шчамялёва такі ж арганічны, як выцісканне з цюбіка на палітру фарбы. Пры гэтым малюнак, не губляючы жывых інтанацый, самым неспасцігальным вобразам абагульняе ўбачанае, знаходзіць адзіную ў сваёй дасканаласці пластычна завершаную формулу прадмета ці фігуры.

Леанід Шчамялёў — паэт вокамгненнага, рухомага, чароўна-зыбкага ці статычнага ў сваёй характарнасці і прыгажосці. У экспазіцыі малюнкі самыя розныя: асобныя фігуры, твары, жанравыя сцэнкі, фрагменты прыродных ландшафтаў. Некаторыя — лічы, сапраўдныя карціны, вывераныя па кампазіцыі, рытміцы і нават па вобразным строі, толькі створаныя не алеем на палатне, а вугалем, алоўкам, пяром, акварэллю ці гуашшу на паперы, і пры гэтым — ніякіх сухіх канструкцый, ніякай акадэмічнай уніклівасці (“Старыя ў вёсцы”, “Палессе”).

Леанід Дзмітрыевіч кажа: “Асабіста я аддаю перавагу малюнку, дзе ёсць пачуццёвасць, унутраная эмацыйнасць, лінейная выразнасць, і не важна, які гэта будзе малюнак — контурны, як у Гальбейна, што нараждае завостраную пластыку, ці святлоценевы, які ўзмацняе настрой, як у Рэмбранта. Вось Энгр быў унікальны рысавальшчык у адлюстраванні чалавечага цела, але ў яго няма той пачуццёвасці, якой, скажам, валодалі Мадзільяні або Маціс. Па словах Цінтарэта, у жывапісе галоўнае малюнак, а фарбы ён купіць у краме. У гэтым жартоўным выказванні насамрэч глыбокі сэнс. На жаль, мастацтва малюнка сёння, мякка кажучы, не вельмі папулярнае. Гэта адна з прычын таго, што паступова, асабліва ў маладых мастакоў, узнікаюць сур’ёзныя праблемы ў галіне валодання малюнкам. А ён, як вядома, аснова ўсіх відаў і жанраў выяўленчай культуры, незалежна ад яе стыляў і кірункаў”.

“Тэхналогію падгледзела ў посцілках…”

Маргарыта Шчамялёва паказала каля дзясятка габеленаў, вытканых уручную перакрыжаваным пераплятаннем нітак. Усе тэхналагічныя аперацыі яна выконвае сама, рукамі, без станка, на спецыяльнай драўлянай раме. Выхаванка Тэатральна-мастацкага інстытута, яна цягам больш як 30-гадовага творчага шляху прайшла галоўныя этапы шпалернага мастацтва: ад пейзажных рамантычных габеленаў накшталт своеасаблівых французскіх “вердзюраў” і алегарычных арнаментальных кампазіцый, звязаных ці то з настальгічнымі ўспамінамі юнацтва, ці то са спробай па-сапраўднаму пранікнуць у таямніцы беларускага фальклору, да распрацоўкі сюжэтаў гісторыка-архітэктурнага характару, як у габелене “Замак Міндоўга. XIV стагоддзе”.

Яна не следуе за прагматызмам часу, а самастойна выбірае тэму, стварае эскізы, выконвае толькі тыя кампазіцыі, якія яе па-сапраўднаму хвалююць. А тэхналогію, паводле слоў Шчамялёвай, падгледзела ў беларускіх посцілках. Адметная асаблівасць яе твораў — эстэтычна актыўная роля самога тэкстыльнага матэрыялу, як правіла, воўны, і разнастайнасць тэм, звязаных з сучасным жыццём і прыродай. Праўда, толькі маленькая частка работ з гэтага шэрагу экспануецца на выставе. Тым не менш, па такіх габеленах, як “Пані трошкі ў гадах”, “Белы гарлачык квітнее”, “Сярэдзіна лета”, “Чаканне”, “Нарач”, “Год 1959-ы”, “Год 1992-гі”, можна акрэсліць свет яе інтарэсаў і прыхільнасцяў. Для яе габелен — частка сусвету, заключаная ў рамкі твора, але не абмежаваная імі, а такая, якая быццам развіваецца і доўжыцца ў прасторы. У працэсе стварэння габелен паступова “расце” гэтак жа натуральна і свабодна, як расліна.

Творчае крэда мастачкі можна сфармуляваць прыкладна так: насычанасць і глыбіня колеру за кошт фактуры ткацтва, любоў да выяўлення ўнутранай напружанасці рытмаў і ліній. Для яе важна знайсці простае, лаканічнае рашэнне, якое, аднак, павялічвае яркасць лакальнага колеру, не аслабляючы яго энергію нюансамі, адценнямі і святлоценем. Менавіта ў прыродзе яна знаходзіць усё, што ей трэба: і душэўную чысціню, і канкрэтныя вобразы, якія ператвараюцца ў габеленах у дакладныя сімвалы, алегорыі і колеравыя асацыяцыі. Але галоўнае для яе — любоў да беларускага народнага мастацтва. Гэта, так бы мовіць, зыходны пункт, кропка адліку. А галоўны выразны сродак створаных вобразаў — даведзены да найбольшага напружання колер, нават калі гэты колер здаецца манахромным, чорна-белым, як, напрыклад, у габелене “Зараджэнне”…

“Бацька заразіў мяне любоўю да жыцця…”

Калісьці Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў напісаў партрэт сваёй дачкі ў інтэр’еры кватэры — “Людміла ў жоўтым”. Міжвольным ломкім рухам маладая жанчына ў жоўтай кофтачцы спляла ледзь напружаныя рукі і глядзіць удалечыню задуменным поглядам. Як Ніка на борце карабля, яна асвятляе ўвесь ружовы інтэр’ер святлом радасці, шчаслівай паўнаты быцця. Менавіта асляпляльная радасць, дзіцячая непасрэднасць, шчаслівая паўната быцця — галоўная тэма “іранічнага жывапісу” Людмілы.

У экспазіцыі прадстаўлены карціны мастачкі, створаныя ў розныя часы, пачынаючы з 1986 года і заканчваючы 2016-м. І, што самае цікавае, яна ні на крок не адступіла ад сваіх даўно знойдзеных мастакоўскіх прынцыпаў: паказваць навакольны свет толькі ў арэоле дабрыні, любві да людзей, сваіх блізкіх і суседзяў, да вясковай прыроды, да “ачалавечаных” жывёл і птушак, да роднага дому, напоўненага сямейнай сардэчнай атмасферай. Карацей кажучы, захапленне жыццём, прага жыцця — галоўная яе тэма на ўсе часы. Менавіта гэта яна ўзяла ад таты. Мастацтва Шчамялёвай здаецца не зусім “наіўным”, як сцвярджаюць некаторыя мастацтвазнаўцы. Наіўнае — гэта творчасць мастакоў-самавукаў, часам геніяльных, як, скажам, Ніка Пірасмані, Іван Генераліч, Анры Русо, Алена Кіш ці Марыя Прымачэнка і Бабуля Мозес. Іх гістарычная база — глыбінная, каранёвая народная творчасць.

Аднак у Шчамялёвай гэта цалкам прафесійнае мастацтва, але цудоўна стылізаванае пад “наіў” — яркае, гумарыстычнае, добрае, маляўнічае, якое зачароўвае, здзіўляе і забаўляе глядача. Яе жывапісныя навелы, нязвыклыя вобразныя “ракурсы”, часам з нейкім жартаўлівым філасофскім падтэкстам, хочацца доўга і ўважліва разглядаць і па-добраму ўсміхацца. Вось, напрыклад, некаторыя сюжэты карцін: ранняя — “Сябра пазнаецца ў ежы” (сабака чакае ад свайго гаспадара пачастунак у выглядзе бутэрброда з каўбаскай), больш познія —“Меламан” (дрымотная котка ўтульна ўладкавалася на магнітоле), “Нетрадыцыйны масаж” (чорны кот на спіне спячага чалавека, падобнага да мужа мастачкі — Ігара Рымашэўскага, таксама таленавітага жывапісца, які працуе ў стылі “арт-наіў”), “Любоўны трохкутнік” (двое цалуюцца на балконе, а трэці бедачына, страціўшы ўсе надзеі на ўзаемную любоў той, што наверсе, журботна стаіць на вуліцы пад парасонам)…

Адзначу толькі некаторыя ўласцівасці гэтых і іншых твораў: чыстасардэчнасць пачуццяў, арыгінальнасць і стылістычная незалежнасць, літаральнае апісанне сцэн і прадметаў, апавядальнасць адлюстравання, перабольшаная ўвага да другарадных дэталяў, чыстыя фарбы, яркі каларыт, адсутнасць святлоценяў і таму падобнае. У адрозненне ад народнай творчасці, якая развіваецца на калектыўных крыніцах, “наіў” Шчамялёвай заснаваны выключна на індывідуальным пачатку, у якім больш важна паказаць сваю ідэю, задумку, чым праблемы, скажам, уласна прасторы, перспектывы, глыбіннага шматзначнага, мудрагелістага сэнсу. І зусім натуральна, што асоба мастачкі, яе талент набываюць пры гэтым асноватворнае значэнне. Мастацтва Людмілы Шчамялёвай, вобразна кажучы, — гэта ўвасабленне вечнага залатога сну сучасных простых людзей пра Эдэм, дзе добрыя душы ніколі не зарастуць пустазеллем. Мабыць, такімі бы добрымі сталі ўсе мастакі, каб чалавека не выгналі з зямнога раю…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"