Бел-music ды яе "вытворцы"

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Аўтарскія вечарыны нашых кампазітараў здараюцца не так часта — куды радзей за сольнікі айчынных выканаўцаў. Тым больш цікава, што па збегу абставін усяго за некалькі апошніх тыдняў такога гонару былі ўдастоены ажно сямёра творцаў, прычым не толькі сталага веку. Далучыўшы сюды два канцэрты, зладжаныя сталічнай філармоніяй да ХVI З’езда беларускіх кампазітараў (і ў іх рамках — яшчэ адзін “мініаўтарскі”), а таксама асобныя прэм’еры ў іншых праграмах, атрымаем даволі размаітую карцінку сучаснага кампазітарскага працэсу. І адначасова — увесь спектр праблем, звязаных з папулярызацыяй нацыянальнай акадэмічнай культуры.

/i/content/pi/cult/577/12695/9-1.jpgА ў прыярытэце...

Як аказалася, вядомая прымаўка “Лепш сто сяброў, чым сто рублёў” спрацоўвае ў кампазітарскай творчасці напоўніцу. Сярод аўтарскіх вечароў вылучаліся найперш тыя, што ладзіліся не самімі юбілярамі, а выканаўцамі іх музыкі. З аднаго боку, гэта сведчыць пра запатрабаванасць кампазітарскіх фантазій. З іншага — адпавядае нармальным гістарычным рэаліям, бо менавіта выканаўцы, а не праславутыя прадзюсары спрадвек выступалі асноўнымі папулярызатарамі новай музыкі.

Вядомы хормайстар і харавы дзеяч Уладзімір Лой, які восем гадоў таму заснаваў фестываль беларускай музыкі для дзіцячых і маладзёжных хораў “Край ясназоры”, гэтым разам выступіў ініцыятарам аўтарскага вечара Эдуарда Зарыцкага “Беларусь — ты мой сон велікодны”. Творы кампазітара спявалі шматлікія дзіцячыя хоры — сталічныя і з “па-за МКАД”. Адзіным выключэннем стала дачка кампазітара Ліна, якая жыве ў Германіі і, прыехаўшы на бацькаў юбілей, сыграла яго фартэпіянную “Калядную сюіту”. Вялікая зала Белдзяржфілармоніі была паўнюткай, бо ў ёй сабраліся не толькі прыхільнікі нацыянальнай спадчыны, але і бацькі, родныя, сябры юных артыстаў. Поспех — неверагодны! Лозунг “Нас яднае хор” можна было смела перафразіраваць: маўляў, “нас яднае кампазітар”. Бо гэта была не столькі вечарына, колькі аўтарскі фестываль. Прычым аншлагавы! І з падарункамі для ўдзельнікаў: кожны калектыў атрымаў таўшчэзны зборнік харавых твораў Зарыцкага, падрыхтаваны нотным выдавецтвам Аляксея Вараксіна акурат да вечарыны. Цікава, што і самі харавыя творы кампазітар пачаў пісаць “па замове” ўсё таго ж Уладзіміра Лоя, перарабляючы для гэтага некаторыя свае эстрадныя песні.

У тым, што дзіцячая музыка ў выкананні навучэнцаў — бяспройгрышны варыянт у збіранні аншлага, пераканала і аўтарская вечарына Ірыны Пяткевіч, нядаўняй выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па дзвюх спецыяльнасцях — фартэпіяна і кампазіцыя (Ірына скончыла таксама магістратуру і аспірантуру). Такая шырокая прэзентацыя яе твораў завяршала суцэльны цыкл канцэртаў беларускай музыкі, зладжаны Дзіцячай музычнай школай мастацтваў № 19 Мінска. І хаця многім яе опусам не хапае дасканаласці (замест развіцця ў іх пераважае экспазіцыйнасць, мазаічнасць, “кліпавасць” мыслення), падобная актыўнасць аўтара ў папулярызацыі сваёй музыкі годная пераймання.

А вось творчы вечар знанага лідскага кампазітара, сапраўднага майстра харавой фактуры Сяргея Бугасава, праводзіла Дзяржаўная акадэмічная капэла імя Рыгора Шырмы. І выступаць ёй давялося ў Камернай зале — пры тым, што спачатку канцэрт увогуле пераносіўся, бо слухачы на яго штосьці не спяшаліся.

Самы, бадай, шырокі грамадскі рэзананс выклікаў першы аўтарскі вечар Юрыя Блінова, больш вядомага па сваёй піяністычнай канцэртна-педагагічнай дзейнасці, шырока прызнанай у нас і за мяжой. Гучалі не толькі яго фартэпіянныя творы (а некаторыя з іх, дарэчы, станавіліся абавязковымі ў конкурснай практыцы), але і ансамблевыя (у тым ліку, вакальныя), аркестравыя. У час выканання п’есы “Кот Шродзінгера” публіка па загаду кампазітара весела шамацела папярэдне раздадзенымі паперкамі з кацінымі выявамі. Чым не сучасны прыём так званага інструментальнага тэатра? А часткі з Фартэпіяннага канцэрта “Concerto-Krooso”, прысвечанага вядомаму нямецкаму футбалісту, чэмпіёну свету Тоні Кроасу прыцягнулі ўвагу да вечара нават з боку замежных СМІ — дзякуючы абменным трансляцыям паміж Беларускім радыё і Еўрапейскім вяшчальным саюзам. Тым больш, што і па ўласна мастацкіх якасцях гэты твор цалкам упісваецца ў еўрапейскую культурную прастору. А тое, з якой увагай да інтанацыйнасці і фразіроўкі, з якім выразным голасавядзеннем ў момантах “абсалютнага” спакою і трапнымі штрыхамі, дакладнай метрарытмікай у віртуозных фрагментах была данесена гэта партытура маладым дырыжорам Юрыем Караваевым, вельмі дапамагло слухачам глыбей унікнуць у аўтарскую задуму.

Сцэна і зала: хто каго?

На жаль, некаторыя папраўдзе адметныя філарманічныя вечары праходзілі пры недастатковай і нават мінімальнай колькаці публікі. Здаралася, што выканаўцаў было больш за аўдыторыю. Сярод слухачоў, многія з якіх даўно сталі заўсёднікамі філармоніі, нарадзіўся жарт: маўляў, чым лепш канцэрт, тым менш народу ў зале. Дзіўнаватая, шчыра кажучы, заканамернасць. Кампазітар Віктар Капыцько, на чыім аўтарскім вечары публікі таксама неставала, зусім не схільны абвінавачваць у гэтым супрацоўнікаў філармоніі: “Інфармацыя была, афішы таксама. Думаю, гэта проста крызіс — не толькі фінансавы, але і найперш культурны”. Што ж, тады застаецца радавацца хаця б таму, што ўласна ў музычнай творчасці — кампазітарскай і выканальніцкай — крызісу няма. А сярод тых рэдкіх слухачоў можна сустрэць не толькі мінчан, але і сапраўдныя "экспедіцыі" з абласных цэнтраў (найперш выкладчыкаў і навучэнцаў музычных каледжаў) і нават з замежжа, як гэта было на папраўдзе ўнікальным канцэрце “З музыкі Мінска 1975 — 1977: кампазітары Аркадзь (Аарон) Гураў і Віктар Капыцько”.

Яны былі аднагодкамі, сябрамі і паплечнікамі, але Аркадзь у 1991-м з’ехаў у Ізраіль і ў 2002-м загінуў, стаўшы ахвярай тэрарыстаў. Віктар сабраў яго камерную музыку і разам са сваёй таго ж часу прадставіў публіцы, з’яднаўшы лепшых выканаўцаў — айчынных і замежных. Некаторыя творы гучалі ўвогуле ўпершыню. Беларускі авангард 1970-х аказаўся на дзіва сучасным, цалкам упісваючыся ў еўрапейскія тэндэнцыі тае пары. А ў гісторыі беларускай музыкі стала на адну белую пляму менш.

Самай, бадай, яркай філарманічнай падзеяй апошняга часу стаўся аўтарскі вечар “Выбранае” кампазітара Вячаслава Кузняцова, які напярэдадні атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Пры тым, што прэм’ер на гэтым канцэрце не было (упершыню гучала хіба “Вітаўт-сюіта”, але ж гэты балет ідзе ў нашым Вялікім тэатры), усе творы ўспрымаліся так, быццам мы іх яшчэ не чулі. А насамрэч, так яно і ёсць! Бо мінулыя выкананні, на жаль, не даносілі большасці тых прыгажосцей і знаходак, якія напоўніцу заззялі толькі цяпер. Гэта, між іншым, дадатковы аргумент на карысць таго, што беларускія творы не павінны выконвацца, як калісьці жартаваў Яўген Глебаў, “усяго двойчы — у першы і адначасова апошні раз”.

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі і яго кіраўнік Аляксандр Анісімаў зрабілі ўсё, каб музыка Кузняцова скарыла нават самых заўзятых скептыкаў. У выкананні было ўсё, што ёсць у ягоных партытурах (падкрэсліваю гэта таму, што ў беларускіх прэм’ерах звычайна не выконваецца і палова кампазітарскіх рэмарак — у лепшым выпадку, граюцца проста ноты, калі без фальшу — добра ўдвая). Было ў выкананні і тое, што схавана паміж нотных радкоў, — музыка, а не праславутае “агучванне”.

Часткі сюіты размеркаваліся так, каб слухач, адштурхнуўшыся ад знешніх падзей, сканцэнтраваўся на ўнутраных станах душы. Сярэднявечныя бітвы паўсталі пагрозлівым шэсцем, ствараючы бязлітасны вобраз вайны — незалежна ад часу яе правядзення. Супрацьстаяла ж гэтаму — “Сіла кахання”, у якой сышлося столькі адкрытай, пазбаўленай сентыменталізму і пошласці лірыкі, колькі не было, бадай, ва ўсіх ранейшых творах кампазітара.

У Пятай сімфоніі, дзе да выканання далучылася капэла імя Рыгора Шырмы, яшчэ больш яскрава прасочваліся сувязі твора з сучаснасцю і даўніной. Інтанацыйная аснова, што ўзрасла ад старажытных манодый (у тым ліку знаменных распеваў і грыгарыянскіх харалаў у іх даўнейшым аднагалосным выкладанні), быццам увабрала ў сябе іх далейшае гістарычнае развіццё, уключаючы канты як адзін з асноўных жанраў беларускага барока, творчасць сучасных беларускіх кампазітараў, якія звярталіся да максімальна простых інтанацый: Уладзіміра Дамарацкага (яго, на жаль, ужо няма з намі), Дзмітрыя Смольскага, Андрэя Бандарэнкі, Яўгена Паплаўскага. Такая гукавая аўра, складзеная з секундавых хадоў, выведзеных па-за межы пругкіх рытмаў і яркіх тэмбравых сола (і арган, і гучанне хору, і разнастайныя аркестравыя фарбы змешваюцца ў непадзельную, фантастычна нязвыклую фанасферу) ператварала музыку ў аблокі, што атуляюць цябе з усіх бакоў і вядуць у нейкую завоблачную прастору. А ўпэўнена пракладзеная дырыжорам адзіная лінія развіцця не прывяла да просталінейнасці, бо ў гэтай колера-тэмбра-тумановасці (замест звыклай гукавай “графікі”!) не згубілася ніводная са шматлікіх дэталяў.

У другім аддзяленні гучалі фрагменты з непастаўленага балета “Клеапатра”, ператвораныя Аляксандрам Анісімавым у “харэаграфічную сімфонію” (лічы, літаратурна-музычную кампазіцыю). Выкананне ў чарговы раз упэўніла, што музыка Вячаслава Кузняцова — самадастатковая. Яна не толькі не патрабуе слоўнага тлумачэння, але і пераўзыходзіць па сваім уздзеянні дададзеныя да яе празаічна-паэтычныя ўрыўкі.

Яшчэ адзін сімфанічны канцэрт таго ж філарманічнага аркестра быў прымеркаваны непасрэдна да кампазітарскага з’езду і ўтрымліваў аўтарскае аддзяленне Кіма Цесакова. Гэты канцэрт стаўся адначасова і творчым вечарам дырыжора Анатоля Лапунова, залатой старонкай дзейнасці якога стала папулярызацыя беларускай музыкі — найперш у час працы з аркестрам Белтэлерадыёкампаніі. Цяперашняе выкананне адкрыла новыя рысы твораў, якія ў свой час былі запісаны ў фонды радыё. Кампазітар паўстаў як тонкі псіхолаг (4-я сімфонія “Курапаты”) і шчыры рамантык, здольны да стварэння цудоўных па сваёй прыгажосці, незашмальцаваных мелодый кахання — узнёсла арыёзнай і танцавальнай (Эпіталама для струнных, ударных і фартэпіяна).

Творам другога аддзялення не хапіла, на жаль, рэпетыцыйнага часу. Асабліва гэта тычылася прэм’ер — 5-й сімфоніі Алега Хадоскі, дзе нават не была аб’яўлена яе праграмная назва “Сем смяротных грахоў”, што перашкодзіла адэкватнаму ўспрыманню, і, часткова, сімфанічнай фантазіі “Накцюрн 2014” Галіны Гарэлавай. Але і гэтыя творы, і ўжо вядомыя (“Асціната” Андрэя Мдзівані і Скерца з 15-й сімфоніі Дзмітрыя Смольскага) сведчылі, што сучасная беларуская музыка ў лепшых сваіх узорах не саступае еўрапейскім шэдэўрам.

Куды больш неадназначным аказаўся камерны канцэрт, прымеркаваны да з’езда. Ён расцягнуўся на тры гадзіны і ўтрымліваў у сабе, па меншай меры, чатыры розныя праграмы: сучасная акадэмічная беларуская музыка, джазава-эстрадны стылёвы кірунак, “настальжы” а-ля 1950-я і тое, што, незалежна ад стылёвых правобразаў, па сваіх мастацкіх якасцях увогуле не мела дачынення да музыкі. Такая няроўнасць канцэрта ў адных выпадках яшчэ больш высвечвала сапраўдныя перлінкі, у іншых — наадварот, зацяняла іх, прытупляючы ўспрыманне.

Прыемна, што акрамя мінчан мы пачулі гомельскіх музыкантаў (было відавочна, як добра падрыхтаваліся салісты Гомельскай абласной філармоніі, выконваючы творы Аляксандра Гулая выключна на памяць). Што часткі з вакальнага цыкла Алены Атрашкевіч пераканалі, якія шыкоўныя мюзіклы могуць выйсці з-пад яе пяра (тэатры нашы і замежныя, замаўляйце хутчэй — не прагадаеце!). Што Рыгор Сурус, напісаўшы Тры п’есы для габоя і фартэпіяна, абраныя ў якасці абавязковых для міжнароднага конкурсу, знаходзіцца ў цудоўнай кампазітарскай форме, выходзячы на новыя віткі сваёй шырокай дзейнасці. Нарэшце, што Дзяржаўны камерны хор Беларусі працягвае “апекаваць” беларускіх кампазітараў нават больш, чым калісьці.

Камерны хор прадставіў, па сутнасці, праграму цэлага аддзялення — з прэм’ерамі, мастацкімі адкрыццямі, нават пераасэнсаваннем аўтарскай стылістыкі. Дададзім, што калектыў выконвае не толькі харавыя арыгіналы, сярод якіх сустракаюцца добра адрэдагаваныя кіраўніком Наталляй Міхайлавай, але і зробленыя ёй пералажэнні. Таму любое выступленне хору з беларускай музыкай бывае пазначана асаблівай мастацкасцю. Дый сам выбар рэпертуару, які тут робіцца, можна параўнаць хіба з моднымі паказамі “ад куцюр”. У дадзеным выпадку, “ад Міхайлавай”, настолькі дакладна яна фіксуе сучасныя тэндэнцыі — беларускія і еўрапейскія, прыводзячы іх да гармоніі паміж сабой.

Дык аказваецца, крызіс не ў музыцы, а ў яе “прасоўванні”? Да класічнай трыяды “кампазітар-выканаўца-слухач” сёння патрабуецца чацвёрты — прадзюсар, менеджар, “прадавец”, дасведчаны і актыўны. Але гэта тэма для іншага артыкула…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"