Насця едзе ў Віцебск

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

На XIV Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск-2016”, які пройдзе ў рамках юбілейнага Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Беларусь прадставіць Настасся Жабко. 9 сакавіка ў Маладзёжным тэатры эстрады журы пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Эдуарда Зарыцкага зрабіла свой выбар на карысць гэтай дзяўчынкі.

/i/content/pi/cult/577/12692/1-1.jpgАд адказу на прамое пытанне, ці паедзе Насця ў Віцебск па перамогу, яе кіраўнік Глеб Жабко, ледзь задумаўшыся, ухіліўся: “Конкурсы — справа тонкая. Асабліва — дзіцячыя. Нават масцітыя прафесіяналы ў галіне папулярнай музыкі не маюць адносна іх адзінага меркавання”. І сапраўды, хтосьцi кажа, што не бачыць нічога страшнага ў тым, што з ранняга ўзросту дзеці пачынаюць спрабаваць сябе ў царстве песеннага мастацтва на ўзор дарослых. Іншыя перакананы, што арыентаваныя бацькамі і педагогамі выключна на вікторыю дзяўчынкі і хлопчыкі, якія не дамагліся яе, могуць зведаць магутны стрэс, і яго наступствы непазбежна паўплываюць на псіхіку.

— Я згодны і з тымі, і з іншымі, — разважае кіраўнік студыі эстраднага вакалу Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Цэнтральнага раёна “Кантакт” горада Мінска Глеб Жабко. — Свет эстрады ўжо даўно стаў нагадваць свет вялікага спорту. Артысты сапраўды спаборнічаюць паміж сабой. І дзеці-артысты таксама. Дапамагчы ім адэкватна ацэньваць сябе ўнутры такога кругазвароту павінны іх адэкватныя мамы і таты ды настаўнікі. За сваю падапечную я спакойны. Нягледзячы на тое, што ёй толькі 10 гадоў, мая малодшая сястра — дасведчаны конкурсны баец. Яе ведаюць на радзіме і за мяжой. Прычым, як гэта чамусьці здараецца з беларускімі выканаўцамі, за мяжой да яе стаўленне больш... чулае і мяккае, скажам так. Магчыма, з-за таго, што канкурэнцыя ў нас больш жорсткая, а там, падаецца, конкурсы разглядаюць перш за ўсё не з таго пункту гледжання, што на іх варта абавязкова выйграваць, а як стымул да самаўдасканалення.

Ды і па стымулы далёка з’язджаць не трэба: дастаткова пазнаёміцца з радаводам Насці, дзе, напрыклад, ёсць яе бабуля Яніна Жабко — кампазітар і паэтка, цётка Людміла Навумовіч — вакалістка ансамбля “Чараўніцы”, сам Глеб Жабко — акрамя ўсяго іншага, дастаткова вядомы выканаўца.

Што выканае юная спявачка ў горадзе над Заходняй Дзвіной? Пакуль яе каманда вызначылася з трэкам для другога дня конкурсу: гэта будзе джазавы стандарт Дзюка Элінгтана “It Don’t Mean a Thing (If It Ain’t Got That Swing)”. Песню кампазітара краіны і на мове краіны, якую прадстаўляе канкурсант, для дня першага яшчэ трэба будзе выбраць.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"