Сімвалы, что мусяць стаць рэліквіямі

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці працуе выстава “Шматвектарнасць знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь”. У экспазіцыі прадстаўлены матэрыяльныя сведчанні плённых кантактаў нашай дзяржавы з блізкім і далёкім замежжам.

Гэта ўзнагароды, уручаныя Кіраўніку дзяржавы, а таксама падарункі Прэзідэнту, Ураду, краіне ад афіцыйных дэлегацый, дыпламатаў, грамадскіх дзеячаў і арганізацый розных краін. Тут жа — фотаэкспазіцыя, прысвечаная сустрэчам Прэзідэнта Беларусі з лідарамі краін свету.

Сёння наша рэспубліка падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 174 краінамі і мае свае прадстаўніцтвы ў 56. Толькі за апошнія гады пасольствы Рэспублікі Беларусь адкрыліся ў Аўстраліі, Катары, Манголіі, Пакістане, Эквадоры. Выстава з’яўляецца адлюстраваннем нашай знешнепалітычнай актыўнасці і сведчаннем высокага статусу беларускай дзяржавы ў сусветнай супольнасці. Увагі міжнароднай грамадскасці і кіраўніцтва вядучых краін свету не абмінула тая акалічнасць, што Беларусь стала важным цэнтрам інтэграцыі і вялікай палітыкі, пляцоўкай для ўрэгулявання канфліктаў. Калі ў свой час наша краіна стала скрыжаваннем ваенных дарог, дык цяпер яна — надзейны мост міру паміж Усходам і Захадам, гарант стабільнасці і добрасуседскіх зносін у рэгіёне. Гэта рэальна адчуваеш, калі разглядаеш прадстаўленыя ў экспазіцыі сімвалічныя прадметы, якія ў перспектыве мусяць стаць гістарычнымі рэліквіямі.

Многія з іх зроблены з выкарыстаннем высокародных металаў і каштоўных камянёў. Гэта само па сабе ўжо цікава, бо такое багацце не кожны дзень перад вачыма маеш. Аднак галоўнае ў дадзеным выпадку не цана матэрыялу, а мастацкая каштоўнасць і ўкладзены ў гэтыя рэчы эмацыянальны чыннік. Фактычна гэта выстава сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дакладней — ягонага прэзентацыйнага сегменту. Яно мусіць адлюстроўваць нацыянальны каларыт краін і менталітэт народаў, ад імя якіх робіцца падарунак. І адначасова адпавядаць так званаму “пратаколу”. Сумясціць адно з другім надзвычай цяжка, але на згаданай выставе ёсць выдатныя ўзоры такой гармоніі.

Асобна скажу пра дзяржаўныя ўзнагароды замежных краін, якімі ўшанаваны Прэзідэнт. Тут як нідзе выяўлена нацыянальная культурная і гістарычная традыцыя. Пэўная архаічнасць стылістыкі ўспрымаецца як вартасць, бо сведчыць пра даўніну, пра паглыбленасць у стагоддзі. Мяркую, што гэты раздзел экспазіцыі быў бы вельмі цікавым мастакам, якія працуюць у галіне пластычнай мініяцюры.

Выстава глядзіцца як лагічны працяг асноўнай, стацыянарнай экспазіцыі Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці. У гэтым, на маю думку, ёсць сімвалічны сэнс. Знешняя і ўнутраная палітыка Беларусі знітаваны адзінай дзяржаўнай ідэалогіяй і маюць мэтай лад унутры краіны і падтрымку станоўчых тэндэнцый на глабальным узроўні. Бо рэальна дасягнуць унутранай гармоніі можна толькі, калі гармонію выпраменьвае навакольны свет.

Кожны пабачыць на выставе сваё. Хтосьці — проста прыгожыя рэчы, хтосьці — адлюстраванне у матэрыяльных знаках гістарычнага шляху сувярэннай дзяржавы. Абодва ракурсы слушныя.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"