Узнагароды!

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №57 аб прысуджэнні дзяржаўных узнагарод прадстаўнікам сферы культуры краіны і замежжа.

Так, за значны асабісты ўклад у папулярызацыю культурнай спадчыны беларускага народа за мяжой і ўмацаванне добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю і Польшчай узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны старшыня галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі і сакратар названай арганізацыі Валянціна Ласкевіч. Таксама паводле Указа медалём Францыска Скарыны уганараваны мастацкі кіраўнік ансамбля беларускай песні “Прымакі” Юрый Астапчук.

Акрамя таго, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 лютага 2016 года № 156 Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь узнагароджаны некалькі прадстаўнікоў сферы культуры краіны. Так, за плённую творчую дзейнасць, высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё беларускай харэаграфіі, папулярызацыю і прапаганду беларускага нацыянальнага мастацтва граматай адзначаны артыст балета вышэйшай катэгорыі Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” Алена Шакала. Акрамя таго, за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё музычнага мастацтва, прапаганду беларускай культуры, падрыхтоўку і выхаванне маладога пакалення ў лепшых нацыянальных традыцыях уганараваны старшы выкладчык кафедры народных інструментаў Магілёўскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Шчэрба.