Краса паводле Юндзі

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Кітайскі піяніст Юндзі Лі ў Мінску ўпершыню. Малады музыкант пазнаёміў сталічную публіку з уласнымі інтэрпрэтацыямі польскага класіка Фрэдэрыка Шапэна. Гастролі маладога выканаўцы, пачаўшыся ў беларускай сталіцы, працягнуцца ў Францыі, Аўстрыі, Германіі, Расіі, ЗША.

Юндзі Лі крыху больш за трыццаць, а ён адзін з самых запатрабаваных піяністаў у свеце. Выканаўца стаў знакамітым у 18 гадоў — пасля перамогі на Міжнародным конкурсе піяністаў імя ўсё таго ж Шапэна ў Варшаве. У чым сакрэт Юндзі? Калі малады чалавек дасягае пэўных вяршынь, бадай першае, пра што ў яго пытаюцца, — чым займаюцца бацькі. Дык вось, яны ў Юндзі Лі ніяк не звязаныя з музыкай. Але з дзяцінства падтрымлівалі сына ў яго пачынаннях. І першым музычным інструментам у іх доме стаў акардэон. А ўжо ў 7 гадоў прыхільнік шапэнаўскіх мелодый сеў за фартэпіяна. Дарэчы, чаму менавіта Шапэн? Юндзі лічыць, што мелодыі польскага кампазітара неяк па-асабліваму захапляюць і кранаюць, у ягонай музыцы можна пачуць саму прыгажосць, красу...

Лі прызнаецца, што ў яго “гарачая любоў да музыкі”. “Трэба проста якасна рабіць сваю справу. Я люблю музыку, таму шмат часу надаю ўдасканаленню свайго майстэрства. Калі штосьці вельмі любіш, ты проста шчаслівы, калі гэта робіш”, — кажа піяніст. І ён не здаецца, калі штосьці не атрымліваецца. Незадаволенасць для Юндзі Лі — матывацыя зрабіць лепш.

Цікава, што сваю музыку ён слухае толькі ў даследчых мэтах, каб зразумець, як можна палепшыць свае навыкі. Кітайскі піяніст супрацоўнічае з аркестрам Марыінскага тэатра, Берлінскім і Венскім філарманічнымі аркестрамі, Лонданскім сімфанічным… Гэта яшчэ не ўвесь спіс. Адзначу: нядаўна Юндзі Лі выпусціў два новыя альбомы…

Кітайскі піяніст лічыць, што музыкант пры стварэнні твора павінен уключаць нацыянальныя асаблівасці сваёй краіны, фарміраваць уласны стыль і выкарыстоўваць “інавацыі”, каб музыка пасавала сучаснаму стану грамадства. Але, на жаль, засталося небагата людзей, якія па-сапраўднаму цікавяцца класічнай музыкай, таму Юндзі Лі хоча натхніць моладзь уласнай творчасцю. Дарэчы, у маладога музыканта ў Кітаі ўжо ёсць вучні, і ён спадзяецца, што іх будзе яшчэ больш.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст