“Жаночы сусвет” Палесся

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Як “збіралі” выставу народных строяў
4 сакавіка ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах адкрылася выстава “Жаночы сусвет”, дзе можна паглядзець традыцыйнае адзенне з Брэстчыны. Карэспандэнтка “К” назірала за мантажом выставы.

/i/content/pi/cult/576/12670/12-1.jpgЭкспануюцца прадметы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Республікі Беларусь. Большасць з іх — упершыню. Можна назіраць “эвалюцыю” тэхналогіі вырабу чапцоў ад старажытнай, больш складанай тэхнікі пляцення “спрэнг”, да больш сучаснай: вязанне шыдэлкам. Акрамя паясоў, плеценых “спрэнгам”, можна паглядзець шмат тканых на бердзечку, паласатых.

Загадчык філіяла Нацыянальнага мастацкага музея ў Раўбічах Дар’я Ільініч патлумачыла выбар на карысць Брэстчыны тым, што ў фондах захавалася шмат рэчаў з гэтага рэгіёну. Гэта дазваляе сабраць поўныя касцюмы: летнія, зімовыя. Будуць паказаныя два маларыцкія строі.

Аматарам традыцыйнага адзення выставу ў Раўбічах можна разглядаць як працяг і пашырэнне выставы маларыцкага строю з калекцыі Наталлі Канановіч, якая праходзіла ў галерэі Саюза майстроў народнай творчасці ў 2012 годзе. Цяпер можна паглядзець адзенне пэўнага раёна ў кантэксце іншых брэсцкіх рэгіянальных строяў.

Багатая вышыўка з геаметрычным арнаментам, фігурныя зборкі на кашулях і фартухах. “Апранаючы” на манекены ўсё гэта багацце, супрацоўнікі музея сутыкнуліся з пэўнымі складанасцямі: на адным з фартухоў па поясе — цудоўныя зборкі. Падобныя неяк сустрэліся на падляшскай летняй спадніцы ў беластоцкім музеі. Дылема: павязаць пояс, як яго насілі, і закрыць гэту прыгажосць, ці ссунуць пояс трохі вышэй, каб зборкі былі бачныя? Усё ж ссоўваюць, каб прадэманстраць і асобны прадмет, а не толькі строй у комплексе.

Стандартныя манекены не дазваляюць “ва ўсёй красе” паказаць народны строй. Яны завялікія для прадметаў традыцыйнага побыту, а для аб’ёму рукавоў даводзіцца падкладаць паперу. Сучасным манекенам традыцыйныя кашулі не сыходзяцца па шыі, а андаракі — па таліі. Узгадаліся фальклорныя гурты, якія выступаюць у аўтэнтычным адзенні: таксама часта бывае, што з завязкамі на шыі даводзіцца нешта мудрыць. Даследаванні сведчаць, што людзі даўней і праўда былі меншыя, асабліва сяляне. Іх антрапаметрычныя паказнікі былі меншымі за абмеры шляхты ў той жа мясцовасці. Навукоўцы тлумачаць гэта асаблівасцямі харчавання.

Праблема з манекенамі ўжо часткова вырашаная: супрацоўніца Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Марыя Віннікава распрацавала мадэль манекена адмыслова для народных строяў, іх ужо паставіла ў план вытворчасці адна з мінскіх прыватных фірм і нават назвала кошт выраба: эквівалент 83 долараў за адзінку.

Як распавяла захавальніца калекцыі дэкаратыўна-прыкладнога народнага мастацтва Беларусі Нацыянальнага мастацкага музея Вікторыя Пракошына, у калекцыі, акрамя тэкстылю, — кераміка, вырабы з дрэва і саломы. Па гэтых кірунках працуе і філіял у Раўбічах. У калекцыі дзве з паловай тысячы прадметаў, у сталай экспазіцыі пад Мінскам — пятая частка з іх. Плануецца экспазіцыя прадметаў народнага побыту ў памяшканнях музейнага квартала, што пакуль толькі будуецца.

Калекцыя народнага мастацтва актыўна папаўнялася ў 1960 — 1990-х, калі ладзіліся экспедыцыйныя выезды. У апошнія гады гэта адзінкавыя паступленні. На пытанне, чаму цяпер музей не ладзіць экспедыцый, Вікторыя апавядае, што толькі нядаўна ва ўстанове з’явілася свая машына, перайшлі ў іншыя музеі некаторыя спецыялісты. Акрамя як праз экспедыцыі, калекцыя народнага мастацтва папаўнялася ў савецкі час шляхам перадачы прадметаў з іншых устаноў, у тым ліку з Акадэміі навук, Тэатра оперы і балета.

З падазрэннямі, што ў мастацкім музеі, дзе ладзяцца бадай што самыя знакавыя для “высокага” мастацтва выставы, народная творчасць, можа, пачуваецца “бедным родзічам”, Вікторыя не пагаджаецца. Як ілюстрацыю да сваіх слоў згадвае факт, што, напрыклад, саламяная царская брама, адрэстаўраваная Ларысай Лось, экспанавалася ў рамках аднаго з буйных праектаў: “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”.

У Раўбічах на часовых выставах экспануюць і сучасныя вырабы, як зробленыя па матывах традыцыйных беларускіх рамёстваў (Івянецкая кераміка), так і мастацкія вырабы з іншых краін (напрыклад, з Ірана). План выставачнай дзейнасці звычайна складацца ў кастрычніку, але магчымыя змены: напрыклад, выстава “Жаночы сусвет” экспануецца пазапланава.

Зараз у Раўбічах каля 6 тысяч наведвальнікаў на год. У савецкі час філіял быў ці не больш папулярны за галоўны музейны будынак: Раўбічы былі ўключаны ў экскурсійны маршрут з Мінска на Курган славы і ў мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Наведвальнікаў вабілі і экспазіцыя, і навакольныя краявіды: будынак касцёла, дзе месціцца музей, стаіць на адным з чатырох раўбіцкіх пагоркаў. Сёння ўстанова актыўна шукае сваё месца ў сучаснай культурнай прасторы, ладзіць цікавыя выставачныя праекты. Застаецца толькі пажадаць музею цікаўных наведвальнікаў.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"