Працаўнікам Століншчыны

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

На Століншчыне пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прайшоў Рэспубліканскі фестываль-акцыя “Майстры мастацтваў — працаўнікам вёскі”. 22 сакавіка прыезджыя артысты выступілі ў Фядорах і Ніжнім Церабяжове. Вечарам у Столінскім гарадскім доме культуры адбыўся гала-канцэрт.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Васіль Чэрнік. Ён адзначыў, што фестываль-акцыя праходзіць ужо не першы год і сёлета ў Брэсцкай вобласці пачынаецца менавіта са Столінскага раёна. Акцыя “Майстры мастацтваў — працаўнікам вёскі” — гэта не проста канцэртнае абслугоўванне сельскагаспадарчых раёнаў рэспублікі, але і дзейсная дапамога Міністэрства культуры клубным установам. Да прыкладу, Столінскаму раёну выдаткавана гукаўзмацняльная музычная апаратура на 18 мільёнаў рублёў.

Адкрыў канцэртную праграму самы юны ўдзельнік — лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітых дзяцей і моладзі Міхаіл Ліла. Яго моцны дзіцячы голас імгненна скарыў сэрцы столінцаў, таму і першыя кветкі з залы дасталіся яму. Варта заўважыць, што ніхто з выканаўцаў не застаўся без букетаў. А выступілі ў той вечар Наталля Навумовіч, Леанарда і Іван Буслай, салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэат прэміі Уладзіміра Мулявіна на “Славянскім базары ў Віцебску” Марына Васілеўская.

Асобна выступіў ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы” Гродзенскай філармоніі — лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Песенны рэпертуар, танцавальныя нумары, сцэнічныя касцюмы і лёгкасць у танцы — усё гэта выклікала захапленне і доўгія шчырыя апладысменты.

Вёў праграму, выконваў гумарэскі і спяваў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Радзівілаў.

На заключнай песні, якую артысты спявалі разам, гледачы апладзіравалі стоячы, а начальнік аддзела культуры райвыканкама Васіль Заруба падзякаваў артыстам за цудоўны канцэрт і ўручыў кветкі.

Галіна ГАШЧУК Столін