Дзень кахання ці дарэння?

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Таццяна ШВЕД, дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска
Год культуры для дзіцячых бібліятэк Мінска — асаблівы. Цягам усяго 2016-га мы плануем ладзіць шэраг розных акцый. Прычым як самастойна, так і ў супрацоўніцтве з дзяржаўнымі і грамадскімі ўстановамі ды арганізацыямі.

/i/content/pi/cult/576/12667/5-2.jpgНазваная праца ўжо распачалася. Так, днямі ў рамках Года культуры зладзілі разам з Беларускім дзіцячым фондам дабрачынную акцыю “Вандроўка кнігі да дзяцей”. Мерапрыемства прайшло на базе дзіцячай бібліятэкі №1 і ў ім прынялі ўдзел выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з Дзяржынска Мінскай вобласці і Асіповічаў, што на Магілёўшчыне. Сем’ям былі ўручаны на часовае захоўванне і чытанне прыкладна 200 кніг рознай тэматыкі.

А пачалася акцыя з таго, што сталічная СДБ прапанавала чытачам са снежня мінулага года да 14 лютага 2016-га сабраць і перадаць у дар сучасныя і класічныя кнігі для дзяцей і падлеткаў. Перадаць кнігу ў дар можна было ў любой з 18 дзіцячых кніжніц.

Чаму мы зрабілі акцэнт менавіта на 14 лютага? У дзень святога Валянціна святкуецца яшчэ і Міжнародны дзень дарэння кнігі, які заснавалі ў 2012 годзе, каб аб’ядноўваць тых, хто, дорачы выданні, прывівае любоў да чытання. Сваім з’яўленнем на свет свята абавязана пісьменніцы Эме Бродмур — аўтару вядомага ў ЗША сайта дзіцячай кнігі. Сёння гэта акцыя вядомая ва ўсім свеце.

Але вярнуся да нашага праекта. Кніг у нас сабралася вялізная колькасць, і тады Беларускі дзіцячы фонд прапанаваў не проста падараваць кнігі дзецям-сіратам, а стварыць перасоўную ці, лепш сказаць, мабільную бібліятэку паміж дзіцячымі дамамі сямейнага тыпу, у якіх, як правіла, выхоўваецца ад 5 да 10 чалавек. Такім чынам, кнігі пабываюць больш чым у 90 дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзе выхоўваецца каля 700 дзяцей.

Усе кнігі ўмоўна падзелены на два камплекты па сто выданняў. У кожным з іх прадстаўлены кнігі для дашкольнікаў, дзяцей малодшага і старэйшага школьнага ўзросту. Тэматыка — ад духоўнай і сучаснай літаратуры да класікі і энцыклапедый. Наша “мабілка” дае шанц прачытаць займальную кніжку нават не выходзячы з дома. А ў сельскай мясцовасці знаходзяцца многія дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, у бацькоў не заўсёды выпадае магчымасць наведаць бібліятэку разам з дзецьмі, а тым больш — перачытаць разам з імі ўпадабаную кнігу.

Магчыма, калі яе вялікасць Кніга прыйдзе такім чынам у кожную сям’ю, там адновяцца традыцыі сямейнага чытання і сумеснага абмеркавання прачытаных твораў. Прынамсі, я на гэта вельмі спадзяюся. Бо прывіваць любоў да кнігі трэба на сваім прыкладзе. Тады і не будзе нараканняў на тое, што дзеці сёння мала ці ўвогуле нічога не чытаюць…

Напрыканцы дадам, што наша дабрачынная акцыя, якая будзе трываць цягам усяго Года культуры, — пілотны праект. Калі ён прыйдзецца даспадобы ў Мінскай і Магілёўскай абласцях Беларусі, дык цалкам магчыма, што ў наступным годзе мабільная бібліятэка выправіцца ўжо ва ўсе рэгіёны краіны.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"