Ад першага тура да апрацовак

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Аляксандр СУХАРАЎ, спявак, саліст Маладзёжнага тэатра эстрады
Як узнікла ідэя пешага канцэртнага тура? Падчас паездкі ў Мазыр. Захацеў бліжэй пазнаёміцца з нашай краінай, паколькі недзе паўтара дзясятка гадоў працаваў у Еўропе. Я зразумеў, што Беларусь не настолькі добра ведаю, як заходнія краіны… Ды і шпацыраваць люблю!

/i/content/pi/cult/575/12665/5-3.jpg

Мой першы тур адбыўся мінулай восенню ў Салігорск. Ідэя была такая: падчас акцыі даваць канцэрты па Мінскай вобласці. Такім чынам, 7 дзён — 7 канцэртаў і 200 пройдзеных кіламетраў. Адвозілі мяне на машыне толькі пасля канцэрта ў гасцініцу. Ну а раніцай зноў выбіраўся ў шлях дзесьці а 8-й — 9-й гадзіне...

Падчас тура, вядома, знаёміўся з людзьмі. Яны распавядалі гісторыі сваёй мясцовасці, дэманстравалі ўласную творчасць. Мяне сустракалі ў вёсках, выходзілі дырэктары школ з вучнямі, запрашалі наведаць школьныя музеі, установы культуры… З яскравых уражанняў — Палац культуры ва Уздзе, які называюць паводле архітэктуры “малодшым братам” Нацыянальнай бібліятэкі. У Слуцку давялося пабываць у Музеі гісторыі слуцкіх паясоў, пабачыць станкі, на якіх іх ткалі. У Салігорску наведаў знакамітае прадпрыемства “Беларуськалій”. Даведаўся і пра тое, што батанічны сад ёсць яшчэ і пад Мінскам.

Уражвалі і людзі. Пад Дзяржынскам, напрыклад, жыве мужчына, які вырабляе гадзіннікі з дрэва. Дык у ягоных рэчах нават механізмы драўляныя! Урэшце, літаральна ў кожным мястэчку мяне чакалі адкрыцці. Я пераканаўся, што ў нас вельмі багатая гісторыя, прычым звязаная яна і са шматлікімі іншаземнымі “ўкрапваннямі” ў айчынную культуру.

Канешне, я знаёміў людзей са сваёй творчасцю. Але перакананы, калі цябе аднойчы паказалі па тэлевізары, дык гэта яшчэ не значыць, што цябе павінны ведаць усе. Зараз мяне зноў запрашаюць у тыя гарады, дзе я быў мінулым разам. Бачу: аддача ёсць. Гэта цікава і людзям, і мне. Дык чаму ж не працягнуць такую справу?

Чаму менавіта Брэст я выбраў у якасці кірунку свайго чарговага тура? Справа ў тым, што мая маці жыве ў гэтым горадзе, і я такім чынам вырашыў зрабіць ёй падарунак да 8 Сакавіка. За два тыдні адбудуцца сем канцэртаў у Дзяржынску, Стоўбцах, Баранавічах, Івацэвічах, Бярозе, Кобрыне і ў сталіцы вобласці. А па дарозе мяркую завітваць у вёскі і збіраць фальклор.

Жыхароў Брэстчыны чакаюць і відэаканцэрты: з першага пешага тура назапасілася вялікая колькасць выступленняў і кліпаў. Мяркую, людзям падасца цікавым тое, што адбываецца на Міншчыне. Зараз таксама тур планую здымаць. Можа, атрымаецца па выніках нават не альбом, а відэаканцэрт ці музычны дакументальны фільм. І, канешне, стану запісваць песні, буду працягваць рабіць апрацоўкі фальклору. У тым салігорскім туры чатыры такія атрымалі новае жыццё.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст