Мележ — паэт

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Васіль Дэ Эм, драматург, дзіцячы педагог, мастак
І не толькі таму, што пачынаў ён літаратурны шлях як паэт. Унікальнасць Мележа ў тым, што стаў ён сапраўдным паэтам, калі кінуў пісаць у рыфму.

/i/content/pi/cult/575/12664/5-2.jpgЯго "Людзі на балоце" ўспрымаюцца не як празаічна-рэалістічны твор, а як гнуткая, няспешна-плаўная паэма. Гогаль называў свае "Мёртвыя душы" паэмай. І тут можа ўзнікнуць пытанне, чаму так? Але калі чытаеш "Людзей на балоце", такога пытання не ўзнікае. Тут усё пабудавана на нюансах, гуках, шумах, пластычных сцэнах. Мова герояў паэтычная. Таму, безумоўна, — гэта паэма, поўная харэаграфіі і музыкі (ужо нават самі дыялогі герояў — даволі музычныя).

"Людзі на балоце" — твор і эстэцкі. Ім захапляліся Янка Брыль і Міхась Стральцоў. Музычнасць палягае і ў тым, што на яго аснове з аднолькавай пераканаўчасцю можна стварыць балет ды оперу, псіхалагічныя спектаклі ды фантазійна-пластычнае дзейства.

Сучаснікі Мележа адзначалі, што ён цаніў сябе як пісьменніка. Гэтая асаблівасць — любіць сябе і гаварыць пра свае творы — уласцівасць ці не ўсіх нашых літаратараў. І толькі нямногія маюць права на тое. З такім шэдэўрам, як "Людзі на балоце", Мележ меў на гэта права. Яго выдатная проза натхняе, здымае стому, агрэсію і стварае паэтычны настрой. А з усяго гэтага і вынікае, што Мележ — хто? Так! Сапраўдны паэт, роўны Коласу і Чорнаму.