Экзамены ў акцёры: як убачыць у страусе каралеву

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Падарожжа дэкана тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў у пошуках талентаў
Сёлета дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мішчанчук будзе набіраць чарговы курс акцёраў тэатра і кіно. Уладзімір Андрэевіч застаецца верным сабе: загадзя ён выпраўляецца па абласных цэнтрах ды раённых гарадах, каб асабіста правесці сустрэчы з верагоднымі абітурыентамі, адшукаць, магчыма, будучую зорку падмосткаў і скіраваць яе на ўступныя іспыты ў БДАМ. Напрыканцы лютага такая сустрэча адбылася ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы.

/i/content/pi/cult/576/12660/7-1.jpg

Уладзімір Мішчанчук з патэнцыйнымі абітурыентамі. / Фота аўтара

Карта пошуку

Сёлета спаўняецца 30 гадоў, як спадар Мішчанчук працуе ў Акадэміі. І ўсе гэтыя дзесяцігоддзі ён імкнецца падараваць шанц хлопцам і дзяўчатам з рэгіёнаў паспрабаваць свае сілы на акцёрскім шляху (ён і сам родам з вёсцы Валавель Драгічынскага раёна). У пошуку талентаў складзены маршрут, якім Уладзімір Андрэевіч імкнецца ахапіць усе абласныя цэнтры, а таксама тыя раённыя гарады, дзе найбольш развіта аматарскае тэатральнае жыццё. Так, у Барысаве дэкан тэатральнага факультэта наведаў драматычны тэатр “Відарыс” гарадскога Палаца культуры імя Максіма Горкага. У Нясвіжы прафесійнаму разбору падлягаў спектакль народнага тэатра імя Уршулі Радзівіл. Ладзілі сустрэчу і на базе тэатра “Пілігрым” Полацкага гарадскога палаца культуры. У кожным з гэтых аматарскіх калектываў спадар Мішчанчук праводзіў майстар-класы, даваў трупе творчыя парады і запэўніваў таленты перанесці сваё захапленне на прафесійныя рэйкі. Часам на прафарыентацыйныя размовы збіралася пад 40 чалавек, некаторыя са слухачоў прыходзілі з падрыхтаванай праграмай, каб атрымаць на імправізаваным праслухоўванні карысныя заўвагі і паспець да афіцыйных экзаменаў выправіць пэўныя хібы.

Сустрэча на Бугу

Пра прыезд Уладзіміра Андрэевіча ў Брэст паведамляў сайт тамтэйшага акадэмічнага тэатра драмы. Інфармацыя хутка разышлася па сацсетках, падтрымалі сталічнага госця і рэгіянальныя мас-медыя. У выніку на сустрэчу ў тэатральную залу прыйшлі не толькі школьнікі абласнога цэнтра, але і магчымыя абітурыенты з Драгічына, Бярозы, замаўлялі месцы з Івацэвічаў.

Стоячы разам з Уладзімірам Андрэевічам ля ўваходу ў тэатр, мы назіралі, як падцягваліся школьнікі: хтосьці нясмела разглядаў афішы, іншыя ўпэўнена адчынялі дзверы, маючы ў запасе спіс пытанняў да хэдлайнера мерапрыемства. За некаторымі падлеткамі ішлі матулі, якія хацелі, каб дэкан тэатральнага факультэта развеяў тыя ці іншыя сумненні. Былі і абітурыенты ва ўзросце, якіх цікавілі правілы паступлення на завочную форму навучання (сёлета ў завочнікі заклікаюць акцёраў драмы і кіно ды рэжысёраў тэатра лялек).

Спадар Мішчанчук зазначыў: “Сёлетняму набору пашанцавала: першакурснікаў прыме галоўны корпус Акадэміі мастацтваў, які на працягу апошніх пяці гадоў быў зачынены на капітальны рамонт. Уявіце, колькі было выпускаў, якія не мелі нармальных умоў для стварэння курсавых і дыпломных спектакляў! Новыя студэнты з першых дзён атрымаюць прыстасаваныя памяшканні, усе неабходныя для вучобы атрыбуты і годны вучэбны тэатр”.

Не хавацца!

Размову з моладдзю дэкан пачаў з запэўнівання, што выказванні пра паступовы адыход тэатра на задні план жыцця грамадства не маюць рэальных падстаў, бо людзям заўсёды будзе цікавы тэатр жывых зносін. Верагодна, з гэтай прычыны адзін з самых высокіх конкурсаў у краіне сярод гуманітарных ВНУ, па словах прамоўцы, менавіта на тэатральны факультэт БДАМ.

Школьнікі распытвалі пра нюансы ўступнай кампаніі, ці дазволена падаваць з дакументамі дадатковыя сертыфікаты, цікавіліся, ці ёсць патрабаванні да знешнасці абітурыентаў. Уладзімір Андрэевіч у дэталях распавёў пра кожны творчы тур уступных іспытаў. Напрыклад, параіў не выбіраць для вакальнага іспыту песню сучасных поп-выканаўцаў: прыёмная камісія павінна пабачыць у тым ліку і творчае стаўленне абітурыента да сюжэту кампазіцыі, а ў бессэнсоўным тэксце гэтага апрыёры не знойдзеш... На конкурсе па сцэнічнай мове хочацца пачуць рэпертуар, які выходзіць за межы збітай школьнай праграмы, а асабіста ад сябе Уладзімір Андрэевіч раіць падрыхтаваць адзін з урыўкаў на беларускай мове. Прамоўца жартаўліва нагадваў, што артыст павінен быць фізічна здаровым, і распавёў пра розныя выпадкі, калі абітурыент з ідэальным — па медыцынскай даведцы — здароўем, па факце не мог лішні раз нахіліцца, станцаваць, а то і ўвогуле меў незмыканне звязак ці сур’ёзныя лагапедычныя праблемы.

Зыходзячы са шматгадовага вопыту, спадар Мішчанчук прасіў не хавацца на экзамене па пластыцы за гарой непатрэбных дэкарацый і безліччу бутафорыі, а для іспыту па акцёрскім майстэрстве раіў выбіраць характарны эцюд. “Галоўнае — шчыра верыць у прапанаваныя абставіны, — падкрэсліў прамоўца. — Дзяўчына можа сыграць і страуса, але так лёгка і праўдзіва, што я адразу пабачу ў ёй стаць будучай каралевы!”

На развітанне Уладзімір Андрэевіч пажадаў кандыдатам у студэнты быць на экзаменах натуральнымі: “Бывае, прыходзяць дзяўчаты на іспыт. Час паказваць сябе, а ім не да таго, бо новыя туфлі ціснуць, туш ад спёкі пацякла і гэтак далей. На іх тварах удаецца прачытаць толькі адну эмоцыю: “Калі ж скончацца мае пакуты!” Не забывайце, што вы везяце ў сталіцу свой талент. Прыходзьце такімі, якія вы ёсць па жыцці. Калі камісія бачыць, што ў вас маецца патэнцыял, то і без неверагоднага макіяжу атрымаеце студэнцкі білет”.

Не быць трэцім грыбам

На сустрэчы з магчымымі абітурыентамі прысутнічалі рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Цімафей Ільеўскі, загадчык трупы Валянціна Янавец і генеральны дырэктар — мастацкі кіраўнік установы Аляксандр Козак. Пасля заканчэння імпрэзы Аляксандр Аляксандравіч распавёў карэспандэнту “К” пра свае назіранні.

Зараз маладыя акцёры не спяшаюцца пасля атрымання дыплома вярнуцца ў рэгіёны. “У маім выпуску, — падзяліўся ўспамінамі Аляксандр Аляксандравіч, — толькі адзін хлопец не атрымаў запрашэння ў сталічны калектыў, але ў выніку з усіх нас толькі адзін пагадзіўся на запрашэнне. Астатнія з’ехалі ў вобласці, бо была прафесійная матывацыя: навошта трымаць алебарду ці быць, умоўна кажучы, трэцім грыбам на сталічных падмостках, калі ў абласным тэатры ты адразу атрымліваеш галоўныя ролі?! Да таго ж мы ведалі, што на гастролі абласных тэатраў прыходзяць масцітыя рэжысёры. Калі добра пакажаш сябе на сцэне, абавязкова атрымаеш прапанову перайсці да яго. Мы адчувалі канкурэнцыю і бачылі перспектыву прафесійнага росту. Зараз жа я магу прапанаваць маладому спецыялісту ролі, нават арэнднае жыллё, аднак ён адмовіцца, бо на першае месца выйшла фінансавае пытанне…” Са спадаром Козакам цяжка не пагадзіцца…

Так, падчас імпрэзы неаднаразова гучала, што мастацтва ў нашай краіне нізкааплатнае, і акцёрская творчасць не з’яўляецца выключэннем. Зразумела, у Мінску для дыпламаванага спецыяліста маецца больш магчымасцяў дадатковага прыбытку: рэклама, здымкі ў серыялах, антрэпрызы… І усё ж хапае сярод новага пакалення людзей, апантаных творчасцю.

Уладзімір Мішчанчук распавёў, як выпадкова пабачыў у політэхнічным каледжы відэазапіс тамтэйшай самадзейнасці і адразу зацікавіўся адным з навучэнцаў. Праз нейкі час той хлопец, Кірыл Дыцэвіч, прыйшоў на кафедру Акадэміі мастацтваў, паведаміў, што марыў стаць артыстам, але ў свой час не хапіла ўпэўненасці у сябе, каб занесці дакументы ў БДАМ. Пасля вырашэння шматлікіх юрыдычных цяганін (напрыклад, у гэтага ўраджэнца Бярозы не было атэстата аб заканчэнні сярэдняй школы), абітурыент пакінуў свой каледж, годна вытрымаў іспыты і стаў студэнтам тэатральнага факультэта.

На другім курсе будучы акцёр заваяваў тытул “Містар Беларусь-2014”. Летась завершыў здымкі ў 60-серыйнай украінскай стужцы. Больш за тое: упершыню ў гісторыі Акадэміі мастацтваў выпускніка просіць размеркаваць да сябе… маскоўскі тэатр! За Кірыла ўхапіўся Яўген Пісараў, галоўны рэжысёр Маскоўскага драматычнага тэатра імя Аляксандра Пушкіна. “Вельмі прыемна, што наша школа цэніцца на міжнароднай арэне”, — з гонарам адзначыў Уладзімір Андрэевіч.

Пакуль для тых, хто сядзеў лютаўскай нядзеляй у зале брэсцкага тэатра, падобны кар’ерны ўзлёт — толькі мара. Хтосьці за паўтары гадзіны пераканаўся ў правільнасці выбару будучай ВНУ. Зрэшты, былі і школьнікі 9 — 10 класаў, у якіх ёсць яшчэ час падумаць. У любым выпадку, прозвішчы прысутных будуць пададзены спісам у БДАМ. Як жартаваў дэкан, ён збярог грошы бацькоў абітурыентаў: цяпер ім не трэба выпраўляць дзяцей у сталіцу па кансультацыі, якія з 19 сакавіка да 8 чэрвеня штосуботу будуць ладзіцца ў Акадэміі мастацтваў. Можна адразу рыхтавацца да падачы дакументаў.

Наступная прафарыентацыйная сустрэча з дэканам тэатральнага факультэта павінна адбыцца ў сакавіку ў Магілёве, потым спадара Мішчанчука чакаюць у Віцебску. Вынік жа гэтага ваяжу можна будзе пабачыць летам. Галоўнай узнагародай прафесару будзе магчымасць сустрэцца на ўступных іспытах з таленавітымі хлопцамі і дзяўчатамі, якія мараць прысвяціць сваё жыццё тэатральнаму мастацтву.

Мінск — Брэст — Мінск

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"