Вектары за паўстагоддзя

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пляцоўка на праспекце Незалежнасці — Музей сучаснага выяўленчага мастацтва) праходзіць выстава “Вектары дызайну”. Яна прысвечана 50-годдзю ўтварэння ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) кафедры прамысловага дызайну. Гэта мерапрыемства адбываецца ў рамках святкавання 40-й гадавіны факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

/i/content/pi/cult/576/12656/9-1.jpgНа выставе — дыпломныя работы розных гадоў на розную тэматыку, а таксама ўзоры курсавых заданняў, што даюць уяўленне пра спецыфіку навучання на дызайнерскіх кафедрах акадэміі. Іх цяпер пяць, і ахопліваюць яны, лічы, усё матэрыяльнае асяроддзе — праектаванне побытавых прылад, транспартных сродкаў, прамысловага абсталявання, арганізацыю прыватнай і грамадскай прасторы. Калі ведаць, з чаго кафедра пачыналася, якімі сціплымі зыходна былі матэрыяльная база і тэхналагічны патэнцыял навучальнага працэсу, як рухаліся ў новай справе фактычна навобмацак, напрацоўваючы тэорыю і набываючы практычны досвед, здолееш ацаніць велізарны шлях, пройдзены кафедрай, факультэтам, акадэміяй.

Па прадстаўленых у экспазіцыі работах відаць, што навучанне на факультэце дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва шчыльна звязана з патрэбамі вытворчасці і сацыяльна-культурнымі праграмамі дзяржавы. Студэнту-дызайнеру даводзяць, што яго чакаюць на беларускіх прадпрыемствах. Гэтай перспектыве падпарадкаваны навучальны працэс. Дарэчы, падрыхтоўка праекціроўшчыкаў транспартных сродкаў добра пастаўлена ў Беларусі з савецкіх часоў, і прыемна, што гэтая традыцыя не згублена, больш за тое — у суверэннай краіне яна акрэслілася як тэндэнцыя. На гэтай выставе найбольш эфектна глядзяцца якраз тыя аб’екты, чыё прызначэнне — рух: усялякія веласіпеды і аўтамабілі. Ад дызайнера не патрабуецца дэтальнай тэхнічнай распрацоўкі аб’екта. Ягоная справа — ідэя, канцэпцыя, якую да ладу давядуць іншыя спецыяльна навучаныя людзі. Каб усе канцэптуальныя прапановы, што мы тут бачым, сталі прамысловымі ўзорамі і дайшлі да заводскага канвеера, наш свет, я маю на ўвазе беларускую прастору, стаў бы больш гарманічным. А яшчэ, акрамя эстэтыкі, у ім больш выразна акрэслілася б дынаміка. Прынамсі, вонкава.

Я не хацеў бы, каб з гэтай тэзы ў чытача склалася ўражанне, што нашы дызайнеры збольшага працуюць “у стол”, і студэнцкія фантазіі рэдка маюць матэрыяльнае ўвасабленне. Для мяне на выставе якраз найбольш цікавы інфармацыйны стэнд, дзе распавядаецца пра паспяховых выпускнікоў і іх рэалізаваныя праекты. На рахунку гэтых асоб значныя творчыя дасягненні. І калі можна казаць пра беларускую школу дызайну, дык яе ўвасабляюць менавіта яны. Гэта і прылады для побытавага камфорту, і транспарт, і рабочыя машыны, і архітэктурныя формы — ад аўтазаправачных станцый да Нацыянальнага павільёна Беларусі на сусветнай выставе “Экспа”. Ёсць пра што гаварыць, чым ганарыцца, ад чаго адштурхоўвацца, каб рухацца далей. І разам з тым, бадай, самыя эфектныя экспанаты выставы — канцэптмакеты перспектыўных легкавікоў фірм “Opel” і “Renault”, выкананыя нашымі дыпломнікамі у замежжы і для замежжа.

Трэба разумець, што дызайн — гэта не проста праектаванне прыгожых і зручных рэчаў. Перш чым распачаць працу, дызайнер абавязкова мусіць задаць сабе пытанне, для каго і навошта ён гэта робіць. У выглядзе формулы гэта гучыць як “не вер праектнай задачы, сфармуляванай у не вядомых табе ўмовах”. І ён можа прыйсці да высновы, што выконваць заданне не мае сэнсу, і трэба ісці іншым шляхам. А зараз уявіце, як гэта тэза мусіла ўспрымацца ва ўмовах камандна-адміністрацыйнай эканомікі 1960-х, калі ў СССР пад псеўданімам “прамысловае мастацтва” пачаў укараняцца дызайн, і ў Тэатральна-мастацкім з’явілася адпаведная кафедра.

Асабіста я галоўным вынікам 50-годдзя, пра якое згадвалася ў першых радках тэксту, лічу нават не з’яўленне шэрагу матэрыяльных аб’ектаў, якія да лепшага змянілі побыт цэлай краіны, а тое, што людзі навучыліся бачыць звыклыя рэчы і з’явы ў нязвыклым ракурсе. Навучыліся задаваць сабе пытанні і адказваць на іх. Навучыліся думаць пра тое, што раней было не іхняй справай. Я дазволю сабе сцвярджаць, што для людзей ў савецкім грамадстве дызайн быў прышчэпкай свабоды.

Далёка не ўсе выпускнікі згаданых кафедры і факультэта пайшлі працаваць па прафесіі і не ўсе дасягнулі поспеху. Але здольнасць шукаць сутнасць там, дзе іншыя абмяжоўваюцца канстатацыяй вонкавых чыннікаў, застаецца на ўсё жыццё і рэалізуецца ў іншых сферах. Дызайнера ў размове я пазнаю з першага сказу, незалежна ад таго, у якой арганізацыі ляжыць ягоная працоўная кніжка.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"