А хто там ідзе? І з чым?

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Стужкі вядомых аўтараў і (не) знаёмых дэбютантаў у пракаце
“Яны ідуць” — скарыстаўшыся назвай гэтага знакамітага твора фатографа Хельмута Ньютана, хочацца пазначыць рух маладых беларускіх кінематаграфістаў. Яны ідуць, нягледзячы на тое, што бюджэты іх стужак — усяго нічога, праблемы з “агучкай” і выявай не схаваць, а сцэнарый і рэжысура — недасканалыя… Аднак новае пакаленне выступае, і, як і чароўныя жанчыны Ньютана, не саромеецца паказаць сябе. Рух незалежнага кіно, які пазначыў леташні “Лістапад”, сёлета прадоўжыўся выхадам у шырокі пракат фільмаў як ужо вядомых аўтараў, так і (не)знаёмых дэбютантаў.

Працэс пайшоў?

Толькі на мінулым тыдні займеў яшчэ адну хвалю ўвагі гледачоў удзельнік Нацыянальнага конкурсу “Лістапад” — фільм “ГараШ” Андрэя Курэйчыка. На “Графа ў апельсінах” Улады Сяньковай пару тыдняў таму патраціла 70 тысяч беларускіх рублёў у “Galileo Silver Screen”. Асобным блокам ішлі ў “Тытане” тры кароткаметражкі новай пляцоўкі “Кінаспрынт”, таксама скіраванай на выяўленне новых кінатворчых сіл і імёнаў. У Музеі гісторыі беларускага кіно роуд-муві “Скура” прэзентаваў Уладзімір Казлоў, літаратар, рэжысёр, які зараз жыве ў Санкт-Пецярбургу, але родам з Магілёва…

Працэс набірае абароты. І гэта, адзначу, далёка не ўсё. Віктар Красоўскі, лаўрэат “Бульбамуві”, днямі анансаваў сваю новую драму “Душы мёртвыя”, над якой зараз ідзе праца. На гукавы пост-прадакшн на краундфандынгавай платформе “Вулей” збірае стужка “Называйце гэта як хочаце” Кірыла Галіцкага з Вольгай Скварцовай у галоўнай ролі. (Адзначу, што і “Душы мёртвыя” таксама просяць падтрымаць іх праект у Сеціве). Уся гэта плынь ініцыятыў — сведчанне жадання здымаць, і самае галоўнае — адчуванне магчымасці зрабіць сваё кіно новага пакалення. Тое, што шанц быць пачутым сёння ёсць, пацвярджаюць і пэўныя поспехі лаўрэатаў “Лістапада”, “Cinema Perpetuum Mobile”, “Бульбамуві”. Высветлілася і тое, што зацягнуты ў сеціва дыстрыб’ютарскіх адносін сталічны і рэгіянальны кінапракат таксама здольны раз-пораз пайсці на кампраміс — знайсці час і месца гэткім ініцыятывам. Прыватныя кінатэатры ж у гэтым ланцужку паміж аўтарамі і гледачамі становяцца выратавальным эксперыментам. Той самы прыклад з “Графам у апельсінах”, калі кошт на білет на беларускае кіно аказваецца роўны кошту на бенефіс Леанарда Дзі Капрыа — фільм “Ацалелы”, — зусім не правальны крок, як высветлілася. Людзі свядома ішлі на “Графа…” і плацілі (так, не масава, але ішлі), хоць для большасці імя рэжысёра было незнаёмым. Бо беларускі глядач таксама не супраць глядзець сваё кіно, як і новае пакаленне — здымаць яго.

“Адзін, але пра мяне”

Асабліва той узаемны намер пазнаёміцца выявіла стужка Андрэя Курэйчыка “ГараШ”, зборы і колькасць наведвальнікаў якой дасягнулі прыстойнай лічбы. На ўласныя вушы давялося чуць рэакцыю публікі. “Я расчараваны, лухта нейкая”, — дзяліўся хлопец, дарэчы, па-беларуску, са сваёй спадарожніцай пасля прагляду карціны. “Ты што! — адказвала яна. — Тут паказана праўда жыцця”. Вось гэта — “наша жыццё”, “Шабаны на вялікім экране”, “Аляксандр Кулінковіч у ролі “дзікага” аўтаслесара” — нават бянтэжыць гледача. Бо ён па гэтаму “свайму” даўно і шчыра знудзіўся. Расійскія серыялы? Пустыя блокбастары? З кім тут можна сябе ідэнтыфікаваць? Людзі хочуць убачыць тое кіно, якое хоць у нечым дапаможа ім разабрацца ў сучасным жыцці. І ідзе на яго, што не можа не радаваць.

А ці добры той адзін?

Але, канстатуючы ўзаемную цікавасць, нельга не зазначыць яшчэ аднаго. На жаль, новае кіно, якое выявіла сваю запатрабаванасць, пакуль атрымліваецца добрым толькі месцамі. Пэўнымі рысамі, якасцямі, альбо, як любіць казаць Кіра Муратава, “кавалачкамі”. Адзначаючы яго выхад у свет, хочацца быць аб’ектыўным і прызнаць таксама яго недахопы. Пэўныя крокі зроблены, але гэта не значыць, што не трэба вучыцца і ўдасканальвацца.

Да прыкладу, “Граф у апельсінах” Улады Сяньковай, жанр якога рэжысёрка пазначае як “драмадзі”, — гэта кіно, поўнае паветра і сумневаў, але і кіно, зачараванае самім сабой. Падабаецца, што героі карціны Улады вагаюцца, пакутуюць, спакушаюцца… Рэжысёру ўдалося перадаць гэта дзіўнае адчуванне юнацтва, калі, з аднога боку, “усё пофіг”, а з іншага — свет адчуваецца, лічы, скурай. У фільме сабраная прыемная і перспектыўная акцёрская каманда; выдатна, што Улада знайшла новыя абліччы, а не пайшла па пратаптаным шляху уключэння медыйных персонаў. Але фільм напрыканцы істотна замаруджваецца, распаўзаецца і выходзіць на фінішную прамую з пэўнымі перашкодамі.

Вартасць карціны “Скура” Уладзіміра Казлова — таксама атмасфера. Але яе адметнасць — гэта такая татальная безнадзейнасць, у якой дзейнічаюць характары гэтай гісторыі: галоўная гераіня, якая спрабуе вырашыць свае праблемы, шукаючы дапамогі ў падазроных асоб, хлопец-спартсмен, што дапамагае дзяўчыне, і, лічы, на супрацьлеглым баку — увесь астатні свет. Маладая пара бяжыць ад страшных людзей, якія нічым не дапамагаюць, ад абставін, якія складваюцца усё горш і горш, але іх уцёкі — сыход у нікуды. Варта дадаць, што Уладзімір Казлоў у бязлюдных і шэрых пейзажах, што атачаюць герояў, усё ж бачыць і пэўную прыгажосць. Але змрочнасць, безнадзейнасць, адсутнасць выйсця — тыя рысы, якія характаразуюць творчасць аўтара, у тым ліку і кінематаграфічную.

Насамрэч, кінавопыты Уладзіміра Казлова вартыя ўвагі і могуць знайсці свайго гледача. Але пакуль усё ж літаратар Казлоў перамагае рэжысёра Казлова. І ці не захаваюць наступныя стужкі недахопы папярэдніх — гэта пытанне, якое ўзнікае пасля прагляду.

“ГараШ”ы на гарызонце?

“ГараШ”, які, дзякуючы безумоўнаму таленту Андрэя Курэйчыка прывабліваць да ўласных твораў увагу, на сёння з’яўляецца самым нашумелым з незалежных праектаў (хоць, як можам назіраць, такіх агулам — дастаткова). На пэўным этапе той “піяр” ужо пачынае адштурхоўваць, але карціне ўсё ж нельга адмовіць у пэўных вартасцях. Як ні дзіўна, у стужцы спадабалася тое, што можна лічыць яе галоўным недахопам — спроба выйсці ў іншы жанр. “ГараШ” пазіцыянуецца як трагікамедыя, сіткам пра “сутыкненне цывілізацый” — заходняй і постсавецкай, але на выхадзе атрымліваем метафізічную байку. Каб аўтар абраў кароткі метр, магчыма, атрымалася б простае і скетчавае кіно пра нейкія “правілы жыцця” дзесьці ў колішнім СССР. Але Андрэй Курэйчык зварочвае з гэтай прамой сцяжынкі. У галоўных герояў — аўтамеханікаў у выкананні музыкаў гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандра Кулінковіча і Юрыя Навумава — пачынае праступаць цьмянае і “мокрае” мінулае; выпадковы сустрэчны музыка Грыша (музыка Ягор Забелаў) раптам аказваецца не проста дзіўнаватым “хіпі”, а правадніком у тагасвецце… Усе зацягнутасці і нудоты кінааповеду нібыта атрымліваюць дадатковае тлумачэнне — разварочваецца метафізічная прорва, скрозь якую на галаву галоўнага героя высыпаюцца галюцынацыі, сны і адкрыцці. Яшчэ трошкі, і, здавалася б, трагікамедыйны “ГараШ” можна далучыць да праекта “Хранатоп” Андрэя Кудзіненкі, які збірае і даследуе метафізічныя парадоксы-рытуалы сучаснага жыцця. Але справа ў тым, што “ГараШ” адной нагой усё роўна застаецца ў “глядацкім кіно”, не пакідаючы ўстойлівай глебы. І герой стужкі вяртаецца ў рэальнасць, каб жыць па яе законах, а не змяняць іх. “ГараШ” — цудоўная спроба драматурга Андрэя Курэйчыка крочыць далей — за “кардоны” “сіткама”. Але затрымала былая прывязанасць — да іх жа. Былі, былі ўдалыя “кавалачкі”, але ява перамагла сон.

Я б у “Кінаспрынт” пайшоў…

Некалькі словаў пра фіналістаў “Кінаспрынту”. Новая пляцоўка на базе адной з мінскіх кінашкол — гэта магчымасць, лічы, для кожнага неабыякавага да кіно паспрабаваць свае сілы і ўсе этапы здымачнага і пасляздымачнага працэсу. Пляцоўка абвесціла адкрыты конкурс на ідэі фільмаў на экалагічную тэматыку яшчэ летась (праект падтрымала таварыства “Зялёная сетка”, што вызначыла тэматычную скіраванасць стужак). За права здымаць свой уласны фільм змагаліся больш за 100 чалавек, і ў выніку ў фінал выйшлі тры каманды, якія і атрымалі магчымасць увасобіць свой сцэнарый у фільмы да дваццаці хвілін. Што важна — не на голым энтузіязме, а пры дапамозе прафесійных кампаній, якія спецыялізуюцца на гуку, транспартных паслугах, абсталяванні для здымак. Таксама нельга не адзначыць кансультацый экспертаў. У выніку тры кароткаметражныя стужкі — “Эстафета” (каманда “Нястрымныя”, рэжысёр Міхаіл Пархоменка), “Лічыльнік шчасця” (“Fifteen”, рэжысёр Ігар Чышчэня) і “Дваццацьшаснаццаць” (“Pirat Studio”, Зміцер Рачкоўскі, Андрэй Крывецкі) былі прэзентаваны кінасупольнасці і публіцы напрыканцы студзеня.

Гэткая ўрачыстая і шумная прэм’ера парадавала, але ў нечым і расчаравала. Выдатна, што падобная ініцыятыва вучыць моладзь працаваць у камандзе і засвойваць прафесію. Гэта была ўжо іншая якасць выявы і гуку, працы таго ж мастака-пастаноўшчыка стужак і гэтак далей, але вось кіно адбылося з нацяжкай. Тая ж фабула “Эстафеты” па ходу дзеяння збочыла кудысьці ў бок, гісторыя “Дваццацьшаснаццаці” ў дэталі “загулялася”, а “Лічыльніку шчасця” не хапіла часу на работу з акцёрамі-дзецьмі (варта адзначыць, што гэта стужка атрымалася найбольш цэласнай сярод трох).

Назіраючы сыход “нафталіннай мовы” (трапнае назіранне класіка сучаснай айчыннай кінарэжысуры Вячаслава Нікіфарава) з прыходам іншага, такога, пра якое сёння кажам, кіно, натхняючыся гэтым новым паветрам, не магу не заклапаціцца наступным крокам новага пакалення. Наўмысна не ўказваю мізэрныя памеры тых бюджэтаў, на якія былі зроблены вышэйзгаданыя поўнаметражныя карціны ці кароткі метр. На пэўным этапе ўсё гэта выклікае павагу і цікавасць, але далей пачынаюць працаваць іншыя механізмы. Што аўтар і яго каманда хоча сказаць і як ён гэта робіць? Ёсць кіно ці яго няма? А мо перад намі толькі амбіцыі і самавыяўленне, а не прафесійная праца і канцэнтрацыя думкі?

І, вяртаючыся да пачатку артыкула, “яны ідуць” — гэтага ўжо на сёння недастаткова. Хочацца ведаць: а хто, сапраўды, там ідзе? І з чым.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"