Ці быў “халодны душ”?

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Ала ГРАХАВА, артыстка, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
Прамінула некалькі месяцаў пасля завяршэння V Рэспубліканскага фестывалю беларускай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Шмат думак, разваг і эмоцый з’явілася з гэтай нагоды. Але я вырашыла не пісаць адразу: пачакаць, каб прайшоў час для пэўнага аналізу. Час сапраўды прайшоў.

/i/content/pi/cult/575/12650/4-3.jpgЯ ўважліва прачытала ўсё, што было напісана ў Інтэрнэце, мясцовых і рэспубліканскіх СМІ аб фестывалі, які, думаецца, павінен быць адным з самых галоўных і папулярных у Беларусі, бо датычыцца ён менавіта айчыннай драматургіі (пра гэта кажуць і пішуць усе). Але, на маю думку, практычна не адбылося сур’ёзнага аналізу і размовы аб працы фестывалю, а значыць, аб стане беларускай драматургіі і яе месцы ў тэатральным жыцці краіны. Крытыкі, тэатразнаўцы, журналісты даволі пункцірна абрысавалі падзеі фестывалю, сцісла выказалі свае ўражанні. Але, як аказалася, амаль ні ў каго не з’явілася жадання грунтоўна ва ўсім разабрацца. Канешне, прэстыжныя, высокабюджэтныя фэсты ў сталіцы альбо тыя, якія ўжо сталі папулярнымі, прыцягваюць больш увагі, працаваць на іх прэстыжна, камфортна, а тут — перыферыйны Бабруйск, пра які даўно ўжо склалася пэўнае меркаванне, змяняць якое ніхто чамусьці і не жадае. “Пасля мінскага “ТэARTу” фестываль у Бабруйску — усё адно як халодны душ” — так выказаў свае ўражанні Валянцін Пепяляеў. Але ж давайце хоць крыху паспрабуем разабрацца, што гэта за фестываль такі, каму ён патрэбны і адкуль узяўся “халодны душ”.

Пачнем з таго, што ўсе, хто пісалі, звярнулі ўвагу на “няўдалы” адбор спектакляў для ўдзелу ў фэсце. Чаму? Слабая адборачная камісія? Тэатры прапанавалі не лепшыя пастаноўкі? Але экспертная камісія складалася з людзей вядомых, аўтарытэтных (Аляксандр Гарцуеў, Андрэй Новікаў, Уладзімір Карачэўскі, Аляксандр Парфяновіч). Дык чаму ж тады на фестываль трапілі тыя, хто трапілі? І ці не сведчыць гэта аб рэальным стане тэатральнага мастацтва ў краіне?

Урэшце, мне падаецца, што Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі мог прапанаваць спектакль вышэйшага ўзроўню. Памятаю, што яны прывозілі на мінулыя фестывалі. Адна толькі “Апошняя пастараль” паводле Алеся Адамовіча ў пастаноўцы нядаўна пайшоўшага ад нас Мікалая Дзінава чаго вартая! І ў рэпертуары Тэатра-студыі кінаакцёра, напэўна, знойдзецца спектакль больш сучаснага гучання, чым прадстаўлены ў Бабруйску летась. Няўжо спектаклі ТЮГа не вартыя паказу? Як атрымалася, што сталічныя акадэмічныя тэатры не прымалі ўдзел у сёлетнім форуме? Валерый Раеўскі некалі казаў, што на фестываль у Бабруйск праблематычна ездзіць, бо тэхнічныя магчымасці тэатра не адпавядаюць патрабаванням пастановак, і ён меў рацыю. Але ж галоўны беларускі тэатр удзельнічаў, нягледзячы на складанасці. А дэкарацыю той самай “Апошняй пастаралі” манціравалі і прыстасоўвалі да бабруйскай сцэны ці не ўсю ноч перад паказам! Заўсёды прымалі ўдзел Брэст, Гродна. Няўжо ў іх сучаснай афішы няма беларускай драматургіі? А адказы на такія пытанні патрэбныя, бо праз два гады ўжо і чарговы, шосты па ліку, фестываль Дуніна-Марцінкевіча. У тым запэўніў міністр культуры Барыс Святлоў. “Ці быць фестывалю? Безумоўна! І быць менавіта ў Бабруйску”.

Рыхтаваць форум трэба пачынаць ужо цяпер. Напэўна, трэба падтрымаць тэатр у Бабруйску ў тэхнічным кірунку, каб менавіта гэта не стала перашкодай для ўдзелу ў фэсце шэрагу тэатраў. Яшчэ хацелася б, каб мы ведалі пра дакладныя даты правядзення фэсту.

Я разумею, што прачытаюць мой артыкул, а тым больш звернуць на яго ўвагу далёка не ўсе, але ўсё ж такі ў мяне прапанова: а мо Фестываль беларускай драматургіі стане своеасаблівым працоўным фестывалем, дзе кожны тэатр Беларусі абавязаны будзе паказаць свой спектакль — той, які палічыць вартым. Мо гэта і сапраўды дасць магчымасць скласці рэальную карціну таго, што адбываецца з беларускай драматургіяй?

Урэшце, і нядаўні пяты форум, таксама даволі рэальна засведчыў тое, што мы маем. П’есы маладых драматургаў амаль не ставяцца, і ў першую чаргу з простай прычыны: каб знайсці гледачоў на такія спектаклі, трэба мяняць звыклы стыль работы з гледачамі, змяніць стаўленне да выканання планаў, якія, часам і неабгрунтавана, даводзяцца рэгіянальным тэатрам (пра сталічныя казаць не стану: не валодаю інфармацыяй). І як у такім выпадку быць, напрыклад, Бабруйску, калі вялізная частка нашых патэнцыйных гледачоў вучыцца ў сталіцы альбо Магілёве ці Гомелі?

Усе крытыкі з запалам пісалі пра чыткі п’ес маладых сучасных драматургаў, падрыхтаваныя Цэнтрам беларускай драматургіі і Цэнтрам эксперыментальнай рэжысуры. Сапраўды, гэта было цікава, нашы артысты ўдзельнічалі ў праекце з задавальненнем, нягледзячы на рознае стаўленне да п’ес. Выдатна, што гэта адбылося: хоць крышачку рэальна наблізілася да тэатра дзейнасць Цэнтра беларускай драматургіі. Пасля фестывалю ў 2011 годзе нашым тэатрам быў выдадзены зборнік п’ес Дзіяны Балыка, Андрэя Курэйчыка, Дзмітрыя Багаслаўскага і Юліі Чарняўскай. Мо і гэта сталася цаглінкай у справу прасоўвання новых беларускіх драматургаў? Тут, даруйце, але ізноў у мяне прапанова. Я пісала пра яе ў артыкуле “Пацягнем ідылію, а Вінцэнт Іванавіч будзе радавацца?” (“К” № 39 за 2014 год): зрабіць Цэнтр беларускай драматургіі адным з арганізатараў фестывалю Дуніна-Марцінкевіча. Гэта дасць магчымасць наблізіць яго дзейнасць да рэалій тэатральнага жыцця найперш па-за Мінскам.

У працы мінулых фестываляў прымалі ўдзел драматургі: гэта Аляксей Дудараў, Сяргей Кавалёў, Анатоль Дзялендзік, Алена Папова, Андрэй Курэйчык, Дзіяна Балыка і іншыя. Вяліся размовы менавіта пра аўтараў, і было цікава. Гэтага не хапала на пятым фэсце: на ім прысутнічалі толькі маладыя драматургі “новай хвалі”. Здавалася, нібыта існуе толькі класіка і моладзь. Гэты нюанс таксама патрабуе абдумвання.

Ізноў перачытваю ўсё напісанае аб фестывалі, і час ад часу задумваюся пра нейкую прадузятасць аўтараў, ці што? Напрыклад, гаворка аб спектаклі Гомельскага абласнога драматычнага тэатра “Ён. Яна. Вайна”: “…паспешлівае, вісклівае існаванне маладых выканаўцаў на сцэне абсалютна не кранала. Не было і следу быкаўскай паэтыкі…” Але тое, што мы бачылі тым вечарам, не суадносіцца з такім выказваннем: было паступовае развіццё адносін мужчыны і жанчыны ў страшных умовах, якое чапляла эмацыйна. І віску там не было. Ён быў, на маю думку, у спектаклі “Дзед” РТБД, але пра гэта амаль усе прамаўчалі. Ну а што тычыцца нашага тэатра... “…Неапраўданая эклектыка гэтай “Камедыі” і непераканаўчая ігра акцёраў пакінула больш пытанняў, чым адказаў” — напісана Валянцінам Пепяляевым. Сярод “непераканаўчых” — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, некалькі майстроў сцэны, малады таленавіты Яўген Ракіцкі і іншыя, якія добра разумелі, што выконваюць гісторыю чалавека, што загубіў сваё жыццё праз п’янства, што д’ябал прыходзіць у розных абліччах, што нельга здрадзіць толькі самому сабе, не зачапіўшы блізкіх, нарэшце, што іграюць спектакль з розных прычын апошні раз… І нікога гэта не зачапіла, ніхто нічога не ўбачыў апроч “антытэатра” і таго, што рэжысёр не з’яўляўся на абмеркаванні? Можа, не захацелі ўбачыць? Не згодныя з рэжысёрскай трактоўкай? Дык гэта ўжо іншая справа, іншая размова, а тое, што было задумана, здаецца, ажыццявілася напоўніцу.

Канешне, гэтыя пытанні застаюцца рытарычнымі, але ёсць у стаўленні да бабруйскага тэатра нейкая стэрэатыпнасць, якой не хочуць пазбавіцца эксперты (напрыклад, творчасць Віталя Баркоўскага заўсёды была цікавай усім, але як толькі сутыкнуліся з яго спектаклем пра апошнія дні жыцця Максіма Багдановіча “Страцім-Лебедзь”, пастаўленым у нас, крытыка неяк сціпла прамаўчала). Але каб не быць абвінавачанай у “асаблівай правінцыйнай ганарлівасці”, напрыканцы прыгадаю, што пісала Крысціна Смольская пасля фестывалю ў 2008 годзе: “…Тэатральныя сустрэчы ў Бабруйску знаходзяцца пакуль у стадыі пошукаў сваёй канцэптуальнай адметнасці…” Мо прыспеў ужо час агульнымі намаганнямі адшукаць гэту адметнасць і зрабіць фестываль патрэбным і жаданым?