“Юнацтва”: тэмпераментна, імпэтна, агніста!

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

30 сакавіка ў зале Палаца мастацтваў Бабруйска, здавалася, увесь горад сабраўся адсвяткаваць на самай вялікай гарадской канцэртнай пляцоўцы 25-годдзе Заслужанага аматарскага танцавальнага калектыву “Юнацтва” і павіншаваць з гэтай нагоды яго стваральнікаў — Сяргея і Клаўдзію Лукашэвічаў. На ўрачыстай цырымоніі гучалі словы падзякі людзям, якія стаялі ля вытокаў мастацкага калектыву. Распачалося ўсё з прагляду дакументальнага фільма, які быў зняты на пачатку станаўлення ансамбля ў 1980-я гады.

 /i/content/pi/cult/156/1265/Junaztva1.jpg

На кінакадрах маладыя настаўнікі і іх вучні дэманстравалі танцавальныя пастаноўкі. Сярод іх вылучалася “Паўлінка” ў выкананні зусім юных тады артыстаў — цяпер ужо ветэранаў калектыву. Праз дваццаць пяць гадоў танцоры паказалі гэты нумар на сцэне Палаца мастацтваў і заслужылі безліч апладысментаў.
А потым выйшлі заснавальнікі “Юнацтва” — Сяргей і Клаўдзія Лукашэвічы. Ім уручалі букеты прыгожых кветак, падарункі, прадстаўнікі гарадской улады ўзнагародзілі Ганаровымі граматамі. Усе выступоўцы прыгадвалі стварэнне “Юнацтва”, працу маладога ансамбля над рэпертуарам, гастролі па Беларусі, Польшчы, Балгарыі, Германіі, Малдове і многіх іншых краінах.
У выкананні новага пакалення артыстаў госці пабачылі вірлівую беларускую “Лявоніху”, тэмпераментны венгерскі “Чардаш”, імпэтную малдаўскую “Сырбу”, агністы грузінскі танец вершнікаў... А напрыканцы першага аддзялення канцэрта кіраўнік “Юнацтва” Сяргей Лукашэвіч уручыў цудоўны букет кветак сваёй настаўніцы Веры Мікалаеўне Сафонавай, якая калісьці ўвяла яго ў чароўны свет танца.
Амаль усе, хто выходзіў на сцэну з віншаваннямі, адзначалі, што некалі былі выхаванцамі Лукашэвічаў. Нават начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец у сваім прывітальным слове не абмінуў той факт, што прайшоў школу таленавітых бабруйскіх педагогаў і не забываецца на ўрокі сваіх настаўнікаў, памятае, як няпроста давалася партыя ў “Чардашы”. “Гадзінамі мы рэпеціравалі танец, — распавядаў А.Сінкавец. — Тое, што заклалі ў юнацтве педагогі, скіравала мяне на шлях, які прывёў у культуру. “Юнацтва” сёння — візітоўка нашай краіны. Разам з ансамблем я пабываў на міжнародным фестывалі “Марцішор” у Кішынёве. Калі мы з Сяргеем Васільевічам убачылі канцэртную праграму, дык заўважылі, што напачатку стаяў у спісе знакаміты малдаўскі ансамбль танца “Жок”, а наступным значыліся мы, бабруйчане. Сусветна вядомы ансамбль і самадзейны калектыў стаялі побач! Пасол Рэспублікі Беларусь у Малдове Васіль Саковіч, які знаходзіўся ў зале, падбадзёрваў нас: “Усё будзе нармальна!”.
Пасля выступлення “Жока” выступіла “Юнацтва”, і зала літаральнаўзарвалася апладысментамі. Яны былі сапраўды заслужаныя!”
Бабруйск заўсёды, зазначыў А.Сінкавец, славіўся вельмі моцнай школай харэаграфіі. У горадзе існуе каледж мастацтваў, адзін з наймацнейшых у Беларусі, які рыхтуе харэографаў не толькі для Бабруйска. На Магілёўшчыне налічваецца 9 калектываў, якія носяць званне “заслужаны”, і ансамбль “Юнацтва” атрымаў яго адным з першых.

 /i/content/pi/cult/156/1265/Junaztva2.jpg

— Сяргей Васільевіч і Клаўдзія Іванаўна Лукашэвічы, — падкрэсліў начальнік упраўлення культуры аблвыканкама, — цудоўныя людзі, таленавітыя, адданыя сваёй справе. Для працаўнікоў культуры рэгіёна яны з’яўляюцца аўтарытэтам.
Другі выхаванец Сяргея Лукашэвіча, які, распачаўшы танцавальную кар’еру ў сямігадовым узросце, прайшоў шлях ад студыі пры ансамблі да загадчыка навучальнай часткі харэаграфічнай школы, ад намесніка дырэктара харэаграфічнага каледжа да дырэктара драматычнага тэатра імя Дуніна-Марцінкевіча, цяперашні начальнік аддзела культуры Бабруйскага гарвыканкама Вадзім Шчэрбіч не хаваў хвалявання, калі віншаваў свайго педагога. “Прыгадваюцца цудоўныя хвіліны, — гаварыў ён, — калі мяне, маленькага хлопчыка, бацькі прывялі да Сяргея Васільевіча, як ён сустрэў мяне, з якой увагай паставіўся. Ён падарыў мне свет танца. “Юнацтва”, без перабольшвання, сфарміравала мяне як асобу. У Бабруйску дзейнічае 55 калектываў, якія маюць званні “ўзорны” і “народны”, тры носяць званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.
Адзін з іх — ансамбль “Юнацтва”, які захоўвае глыбокія традыцыі. Апроч навучання ўласна харэаграфіі, кіраўнік актыўна дапамагае ў арганізацыі вечароў адпачынку, наладжванні літаратурных вечарын. Гэта робіцца дзеля таго, каб артыст меў пэўны спектр ведаў для ўвасаблення таго альбо іншага вобраза на сцэне”.
Дадамо, што і большая частка гледачоў мае дачыненне да “Юнацтва”: гэта бабулі і дзядулі юных артыстаў, маці і бацькі, былыя ўдзельнікі, іх дзеці — ужо некалькі пакаленняў прайшло праз Сяргея Васільевіча.
Ансамбль удзельнічае ў шматлікіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Бабруйску, Магілёўскай вобласці, выступае на розных фэстах, у тым ліку і ў замежжы. Праграма — разнастайная і фарміруецца з класічных і сучасных твораў. Сяргей Лукашэвіч дзейнасць сваю засноўвае на класічным танцы, на нацыянальных культурных традыцыях, а ў рэпертуары “Юнацтва” даволі шмат беларускіх народных танцаў.
Асноўная база “Юнацтва” — Палац мастацтваў Бабруйска. Ансамбль мае і рэпетыцыйную пляцоўку, якую прадаставіў Бабруйскі шынны камбінат. Тут праходзяць рэпетыцыі ўзорна-харэаграфічнай студыі “Бабраня”. У ім займаецца 140 юных артыстаў, якія ў будучым стануць танцорамі “Юнацтва”.
І “Юнацтва”, і “Бабраня” жывуць як адна сям’я. Адсюль выйшла шмат таленавітых харэографаў: Ягор Увараў, Аляксандр Герасімаў, Таццяна Сергіевіч — цяперашнія кіраўнікі “Бабраняці”.
Паводле сведчання дырэктара Палаца мастацтваў Бабруйска, дэпутата гарадскога Савета Мікалая Галоўкіна, у бліжэйшы час рыхтуецца да атрымання звання “заслужанага” трэці калектыў установы — узорны тэатр песні “Шына-най”. А ў перспектыве будзе вылучаны на гэтае высокае званне і ансамбль танца “Прыгажосць”, якім кіруе сын Сяргея Лукашэвіча Аляксей. Дзякуючы намаганням дынастыі Лукашэвічаў, бабруйская школа-каледж спецыялізуецца на вывучэнні народных беларускіх танцаў.
Бабруйск невыпадкова лічыцца на Магілёўшчыне сталіцай харэаграфіі: паблізу нарадзіўся славуты на ўвесь свет танцавальны ансамбль “Харошкі”, традыцыйна штогод, напрыканцы красавіка, у горадзе праводзіцца фэст “Ля вытокаў танца”, на які збіраецца шмат гасцей.
Дарэчы, за кулісамі юбілейнага канцэрта карэспандэнт “К” узяла інтэрв’ю ў кіраўніка “Юнацтва” Сяргея Лукашэвіча, з якім мяркуем пазнаёміць чытачоў у бліжэйшы час.

 

Наталля КІРПІЧЭНКАВА
На здымках: Сяргей Лукашэвіч з удзельнікамі “Юнацтва” (зверху);
ансамбль на сцэне Палаца мастацтваў Бабруйска.

Фота Фёдара ДЗЕТКІНА