Каб аказацца рэнтабельным. І прывабным…

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

З музейнага "круглага стала"
Днямі ў Нацыянальным мастацкім музеі адбыўся "круглы стол" па тэме “Музеі Беларусі: сёння і заўтра”. Як на маю думку, вызначэнне “круглы стол” не надта пасуе зместу мерапрыемства: гэта была хутчэй прэс-канферэнцыя, на якой прадстаўнікі згаданага Нацыяльнага мастацкага, а таксама Нацыянальнага гістарычнага музея і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны распавядалі журналістам пра надзённае.

Анансаваных пытанняў было шмат. І пра папаўненне музейных фондаў, і пра сучасныя тэхналогіі, і пра крытэрыі падбору музейных кадраў. Але асноўнае, стрыжнявое пытанне гучала так: ці здольныя буйныя музеі акупіць сябе без дзяржаўнай падтрымкі? А ў звязцы з тым непазбежна паўставала тэма платных паслуг, якімі неабходна “азадачыць” музеі, каб тыя сталі адначасова эканамічна рэнтабельнымі, але і прывабнымі, у тым ліку і для сацыяльных і ўзроставых груп, якія маюць звычку грошы лічыць. Менавіта так: каб прывабіць гледача, трэба прадаставіць яму танны, а лепш — бясплатны білет, ды яшчэ з усялякімі бонусамі, а каб мець прыбытак, трэба кошт білетаў падвышаць.

Бадай, найбольш канкрэтна на гэты конт выказаўся дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. Ён нагадаў, што кожны год у краіне адкрываюцца адзін — два новыя дзяржаўныя музеі рознай тэматыкі. З чаго можна зрабіць выснову: патрэба ва ўстановах культуры такога кшталту толькі ўзрастае. Дзяржава для музеяў — асноўны, а часцяком і адзіны спонсар: яна бярэ на сябе выдаткі па зарплаце, камунальных паслугах, рамонце. Зразумела, што ад музеяў чакаюць пэўнай аддачы. Зрабіць наведванне бясплатным, як гэта практыкуецца ў некаторых скарбніцах свету, у Беларусі сёння не ўяляецца магчымым. Да таго ж спадар Уладзімір лічыць, што “халява” людзей разбэшчвае. Тое, што даецца дарам, не лічыцца вартым. У тых жа Злучаных Штатах, нагадаў ён, за наведванне музеяў не плацяць, але ў грамадстве шануецца дабрачыннасць і лічыцца натуральным унесці пэўную суму на музейную справу. Урэшце, у Нацыянальнага мастацкага ёсць пэўныя дні, калі з наведвальнікаў грошы не бяруць, але тычыцца тое выключна асноўнай экспазіцыі. На камерцыйныя выставы такая праява дабрачыннасці не распаўсюджваецца.

Многія выдаткі па музеях, як ужо адзначалася, бярэ на сябе дзяржава, а вось каб прывезці ў Беларусь прэстыжную выставу, патрэбны спонсарскія грошы. Найперш, каб аплаціць страхаванне экспанатаў. Уявіце, у якую суму абыйдзецца арганізацыя выставы, калі яна складаецца з экспанатаў, якія належаць васьмі музеям пяці краін! Так што для спецыялістаў пошук дабрадзеяў  — перманентны стан. А да таго трэба яшчэ мець гонар, трымаць свой высокі статус і не пускаць у музейныя залы агрэсіўную “папсу”. Бо атрыманне грошай такім чынам моцна б’е па іміджы нацыяльнай скарбніцы. Ды і выхаваўчы эфект ад такіх выстаў, лічы, ніякі.

Намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмы падзяліўся досведам супрацоўніцтва з калегамі з Польшчы і Літвы. Музеі трох краін ладзілі сумесную выставу, прысвечаную роду Радзівілаў. Не сакрэт, што ў Беларусі і названых дзяржавах па-рознаму трактуецца гісторыка-культурная спадчына Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Але цывілізаваныя людзі заўжды здолеюць дамовіцца. Галоўнае, каб унікальныя эспанаты змаглі пабачыць людзі ў трох краінах, якія калісьці складалі адзіную культурную прастору.

Новыя задачы, што час ставіць перад музейнай супольнасцю, вымагаюць клопату пра выхаванне кадраў, якія гэтым задачам адпавядалі б. Мяркуецца, што нават наглядчыкі ў музеях, чые функцыі звыкла абмяжоўваюцца назіраннем за парадкам у залах, павінны пры неабходнасці быць кансультантамі для гледачоў, не ахопленых экскурсійным абслугоўваннем. Сёння музеям патрэбныя, скажам, маркетолагі. А паколькі ў сферы пашыраюцца міжнародныя кантакты, для музейшчыка становіцца неабходным веданне, прынамсі, хаця б адной замежнай мовы. Англійскай, найперш.

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Ганна Галіцкая таксама закранула тэму выставачнай дзейнасці. Музей, які яна прадстаўляе, вельмі папулярны ў мінчан і гасцей сталіцы. Наведвальнікаў цікавіць найперш асноўная экспазіцыя, але і зменныя выставы відавочна не лішнія. Пры гэтым супрацоўнікі музея імкнуцца прымаць на сваіх экспазіцыйных пляцоўках толькі тую тэматыку, якая пасавала б музею паводле формы і зместу. Ці хаця б не стварала дысананс з асноўнай экспазіцыяй.

Звыклы клопат — папаўненне фондаў. Многія артэфакты часоў вайны ўстанова атрымлівае ад грамадзян, якія хацелі б, каб іх сямейная памяць стала чыннікам памяці нацыі. Але ўзоры ўзбраення альбо аўтамабілі ваеннага часу можна прыдбаць для экспазіцыі толькі з дапамогай дзяржавы.

Скончыць жа нататкі хацелася б развагамі Уладзіміра Пракапцова. Той працытаваў словы Кіраўніка дзяржавы, што калі крізіс і ёсць, дык ён найперш у галавах. Невырашальных праблем няма, а музейная справа — гэта тая сфера, якой вельмі пасуе дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва. Зрэшты, адну справу робім…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"