300 працэнтаў. А вам “слабо”?

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Нядаўна старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч распавёў, што “беларусы летась вывезлі з краіны каля 1 мільярда долараў на набыццё аўтамабіляў. Калі б гэтыя аўто былі набыты ўнутры краіны, траціна з гэтай сумы пайшла б у дзяржаўны бюджэт…” А я, пачуўшы гэту інфармацыю, уявіў сабе на імгненне, што адна дзясятая з гэтага мільярда магла б пайсці, скажам, на наведванне музейных устаноў Беларусі.

/i/content/pi/cult/575/12648/4-22.jpgСправа ў тым, што сёння перад кожнай з падпарадкаваных Міністэрству культуры арганізацый даведзены паказчыкі па выкананні розных заданняў на 2016 год, у тым ліку і звязаных з павелічэннем да 18 % аб’ёму пазабюджэтных даходаў. Як зазначыў на выніковай калегіі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, дасягненне гэтых паказчыкаў стане асноўным крытэрыем ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці кіраўнікоў.

Але наколькі складаная пастаўленая задача, калі па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта краіны рэальныя (з улікам інфляцыі) даходы насельніцтва скараціліся ў параўнанні з 2014 годам на 5,9 %? І цяпер, натуральна, многія беларусы будуць эканоміць усё больш, у тым ліку — і на паходах у тэатры і кінатэатры, музеі і галерэі, на выставы і канцэрты.

Нягледзячы на гэты статыстычны факт, тыя кіраўнікі ўстаноў культуры, з якімі я пагутарыў, настроены пазітыўна. Так, па словах дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіды Камароўскай, выканаць даведзены паказчык па павелічэнні пазабюджэтных даходаў ім будзе, натуральна, складана, але супрацоўнікі ўстановы прыкладуць для гэтага ўсе намаганні.

— Мы мяркуем павялічыць маршруты нашых паездак з выступленнямі і выставамі не толькі ў Мінску, але і ў іншых рэгіёнах Беларусі, — кажа Зінаіда Камароўская. — А ў самім музеі плануюцца цікавыя выставы з нашых фондаў, а таксама з музеяў іншых краін, у прыватнасці — музея-запаведніка Аляксандра Пушкіна “Міхайлаўскае”, музея Фёдара Дастаеўскага (Санкт-Пецярбург), Калінінградскага абласнога гісторыка-мастацкага музея і іншых. Да таго ж у сакавіку мы адкрываем новую стацыянарную выставу ў былым гаражы паэта “Аўтамабільная адысея Якуба Коласа”. Так што патэнцыял у нас сёння, пераканана, ёсць, і даволі неблагі...

Пэўныя спадзяванні на павелічэнне пазабюджэтных даходаў маюць і ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Як адзначыў кіраўнік установы Эдуард Багдановіч, калі ў 2014 годзе музей зарабіў 1,6 мільярда рублёў, дык за 2015-ты — ужо 2 мільярды.

— Гэта адбылося за кошт таго, што апошнім часам мы ўвялі дадаткова каля 15 арыгінальных і цікавых мерапрыемстваў, — распавёў Эдуард Багдановіч. — Гэта “Зялёныя святкі”, “Юр’еў дзень”, “Купалле”, “Беларусь сярэднявечная”… Праўда, мы вельмі залежым ад надвор’я: скажам, за студзень — люты праз дрэнныя кліматычныя ўмовы скасавалі правядзенне ажно шасці мерапрыемстваў! А гэта, натуральна, страты, бо мы шмат укладаем у рэкламу і “раскрутку” акцый. Да таго ж у музей цяпер ідзе толькі адзін аўтобус, што, канешне, малавата і істотна ўплывае на колькасць наведвальнікаў установы. Ды, нягледзячы на гэта, мяркую, што з пастаўленымі задачамі мы справімся.

Упэўнены ў сваіх сілах і ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Як кажа кіраўнік установы Алена Ляшковіч, за паўтара месяца 2016 года яны ўжо зарабілі каля 200 мільёнаў рублёў. Гэта, да слова, амаль на 300 працэнтаў больш, чым за адпаведны перыяд года мінулага…

— Праўда, трэба адзначыць, што сюды ўваходзяць і 48 мільёнаў рублёў, якія мы сёлета атрымалі ад рэкламы “Белдзяржстраху”, размяшчаючы яе на білетах, афішах і сваім сайце, — кажа Алена Ляшковіч. — Але нават без гэтай сумы рост пазабюджэтных даходаў склаў за гэты перыяд больш за 220 %. Лічба, пагадзіцеся, сведчыць сама за сябе.

Дадзеная лічба ўражвае яшчэ і таму, што купалаўцы кошт білетаў у сваім музеі і філіялах пакуль не падвышалі, хаця зрабіць гэта, натуральна, плануюць. А сам поспех Алена Ляшковіч тлумачыць, у першую чаргу, тым, што ва ўстанове культуры пачалі ладзіць вельмі шмат незвычайных і нават унікальных мерапрыемстваў, на якія з ахвотай завітвае ўсё больш і больш моладзі ды сталых людзей, а таксама наладжанай рэкламай музейнай дзейнасці праз медыя, Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі...

Што ж, цалкам упэўненая пазіцыя кіраўнікоў устаноў культуры. І сапраўды, прыцягнуць увагу людзей і прымусіць іх аддаць, скажам, 30 тысяч за паход у той жа музей Янкі Купалы, а таксама паехаць на відовішчнае прадстаўленне Юр’еўскага абраду ці рыцарскіх бугуртаў у фармаце “open-air” у беларускі скансэн нават на адзіным магчымым аўтобусе сёння можна толькі так  — актыўна ўводзячы ва ўжытак новыя і цікавыя музейныя акцыі ды раскручваючы сваю дзейнасць. Трэба спадзявацца, што гэтак будзе не толькі ў Год культуры, але і ў будучыні...

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"