Кадр з трэйлера да стужкі "Неруш".
Рэжысёрам новага фільма выступае Дзяніс Жыгуноў, за напісанне сцэнарыя ўзялася літаратарка і перакладчыца Юлія Шадзько. Прадзюсар і кампазітар Павел Герасімовіч выконвае функцыі кіраўніка, а таксама гукарэжысёра і аўтара саўндтрэка. Сцэнарый пісаўся на працягу 2015 года, а гэтаму папярэднічала праца з першакрыніцамі. Напачатку была задума экранізаваць Уладзіміра Караткевіча, але было вырашана напісаць уласны сцэнарый, а за аснову ўзяць беларускія паданні. Неяк Юлія перакладала для хору “Салютарыс”, у якім яна спявае, скандынаўскую баладу “Herr Mannelig”, пашыраную ў Сярэднявеччы ў Еўропе (па-беларуску версію выконваў і гурт “Litvintroll”), а Дзяніс Жыгуноў здымаў кліп на тую песню. Папрацаваўшы разам, яны паразважалі над тым, што магло б быць далей. Але са скандынаўскай балады яны вырашылі ўзяць толькі правобразы і развіваць іх паводле беларускіх паданняў.
Паводле сюжэту балады, рыцар сутыкаецца з чароўнай істотай, зданню, якая закахалася ў яго. Рыцар і здань ствараюць саюз, як і патрабуюць казачныя каноны, але ці шчаслівы? І наколькі ён будзе доўгі? Пра гэта ўжо апавядаецца вуснамі трэцяга героя, які трапляе ў чароўны лес Неруш і пачынае разбірацца ў яго заблытаных таямніцах. Ён нават уявіць не можа, з чым і з кім тут сутыкнецца... Балазе вакол гэтага Неруша множацца паданні, а сам ён ахутаны таямніцай незразумелага і страшнага. Падзеі адбываюцца ў нашым свеце, але ў такой асаблівай прасторы, якая перайначвае людзей, паказвае іх з іншага боку. Сама прастора чароўная, у ёй звычайныя падзеі становяцца незвычайнымі, існуе сваё насельніцтва і свае істоты.
Стваральнікі стужкі акцэнтуюць увагу на тым, што сюжэт фільма будзе цалкам арыгінальны, а з беларускіх паданняў спісаныя толькі пэўныя вобразы. У стужцы будзе свой аналаг знакамітага нясвіжскага прывіду — Чорнай Панны, глядач убачыць папараць-кветку, сустрэнецца з балотнікамі і русалкамі. Ну і безумоўна ж — рыцары! Надаць адпаведны настрой стужцы дапаможа выкарыстанне натуральных умоў — руіны замкаў і сядзібаў, закінутыя тэрыторыі, лясы з адпаведнай змрочнай атмасферай.
Да папярэдніх здымак каманда прыступіла яшчэ ў чэрвені 2015 года. Ужо скончаны і прадстаўлены публіцы трэйлер, кадры для якога здымалі ў Друі, а таксама паблізу Ратамкі. Лакацыі для фільма — раён Узды, раён Блакітных азёраў і іншыя прыгожыя мясціны. У кадры не плануецца з’яўлення прафесійных акцёраў, бо праект некамерцыйны. Пры добрым раскладзе праца над фільмам, па меркаваннях стваральнікаў карціны, можа быць завершана на пачатку лета 2017 года.
Алег ГРУШЭЦКІ