План без пераздач

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Лютаўскімі днямі ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў адбылося пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Аналізаваліся вынікі леташняй працы, абмяркоўваліся перспектывы. У рабоце абласной калегіі браў удзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Мы пацікавіліся ў першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення Аляксандра Вярсоцкага пра стан спраў у сферы абласной культуры, пра тое, чым і як яна будзе жыць заўтра.

/i/content/pi/cult/575/12643/6-1.jpgАляксандр Вярсоцкі, зазначым, — даўні і добры знаёмы "К", адзін з вядучых экспертаў у справе аналізу развіцца рэгіянальнай культуры. Таму ягоная ацэнка сітуацыі для нас — заўжды ёмістая, цікавая, карысная. І невыпадкова, што гутарку пра пасяджэнне абласной калегіі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення распачаў не з дыфірамбаў, а з праблем.

Хібы

Вобласць у цэлым выканала Дзяржпраграму "Культура Беларусі"(не дацягнула хіба што адзін паказчык: наведвальнасць кінатэатраў). І ёсць на тое аб’ектыўныя прычыны: дзевяць кінатэатраў на час дзеяння праграмы былі зачынены. Але асобныя раёны на даведзеныя паказчыкі выйсці не здолелі, — зазначыў Вярсоцкі. — Вось гэтыя пытанні мы і абмяркоўвалі. Калі да канкрэтыкі пераходзіць, дык Гродзенскі, Навагрудскі, Смаргонскі, Іўеўскі, Ваўкавыскі раёны і Гродна не справіліся з папаўненнем бібліятэчных фондаў за кошт 15 % ад сродкаў, выдаткаваных на развіццё ўстаноў. У рашэнні так і запісалі: вінаватыя ў гэтым асобы павінны панесці спагнанне на ўзроўні мясцовых уладаў.

Ці возьмем пытанне са стыпендыятамі Прэзідэнцкай прэміі па падтрымцы таленавітай моладзі. Сёлета на Гродзеншчыне сабралі рэкордны іх "ураджай" — 37 маладых людзей (два гады таму быў 31 чалавек). Але, па меркаванні Аляксандра Вярсоцкага, рэзерв цалкам не выкарыстаны. Да прыкладу, у Шчучынскім, Карэліцкім раёнах не было ніводнага такога стыпендыята за ўвесь час існавання згаданага фонду. Казалі на пасяджэнні і пра ахоп дзяцей эстэтычнай адукацыяй. Хоць і складае такі паказчык па вобласці звыш за 15 % (сярэдні рэспубліканскі паказчык — 13,5 %), але па Гродне, скажам, працэнт недаравальна нізкі. Таму на пасяджэнні, натуральна, былі пазначаны шляхі выпраўлення сітуацыі. Інакш кажучы, было вызначана, колькі і якіх класаў трэба адкрываць, каб давесці паказчык да належнага ўзроўню.

Распавёў Аляксандр Вярсоцкі і пра такі немалаважны аспект, як захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. У свой час шэраг аб’ектаў прадалі без гарантыі выканання пэўных умоў па іх захаванні. А новае заканадаўства дае права ўстанаўліваць сістэму падвышальных каэфіцыентаў за карыстанне зямлёй. Зыходзячы з гэтага, на пасяджэнні была дадзена рэкамендацыя тым, хто ўводзіць у гаспадарчы абарот набытыя раней аб’екты без выкарыстання згаданай нормы.

Не абышлося без аналізу пазабюджэтнай дзейнасці. Адпаведны план па Гродзеншчыне выкананы: і ў разліку на аднаго жыхара, і ў абсалютных велічынях. Але ў асобных раёнах з важным заданнем справіцца не здолелі. Да прыкладу, у Лідскім, Шчучынскім, Дзятлаўскім…

Здабыткі

Пагадзіцеся: шчыра, дакладна, зразумела. Для таго, каб скарылася будучыня, трэба зразумець мінуўшчыну. І яшчэ адзін красамоўны нюанс. Летась менавіта Аляксандр Вярсоцкі загадаў работнікам культуры раённых аддзелаў сістэмна друкавацца на старонках "К". Ліставанне, цікавае ды слушнае, не спыняецца і па сёння. З інфармацыйнымі матэрыяламі выступаюць бібліятэкары, клубныя работнікі, музейшчыкі, нават начальнікі аддзелаў ІРКСМ. І гэта пры тым, што ў пэўных раёнах іншых абласцей на нашы тэлефанаванні з пытаннем "Чаму не пішыце і здабыткамі не дзеліцеся?" нам звычайна адказваюць: "А мы хваліцца не любім і не дзеля справаздач працуем!" Тэма, пагадзіцеся, важная і патрабуе сур’ёзнага разгляду. А ў Аляксандра Вярсоцкага на гэты конт свая трывалая пазіцыя. "Мы і праблемы не прыхоўваем, — кажа ён, — і здабыткаў не саромеемся, бо кожная дадатная публікацыя — гэта станоўчая ацэнка працы нашых спецыялістаў. І не забывайцеся на тое, што перад тым, як пахваліцца, трэба так папрацаваць, каб сем патоў сышло". Таксама слушна.

Для мяне, напрыклад, таксама неаспрэчна, што досвед — дасягненне, якім грэх не дзяліцца пры ўмове, што ўсе мы — аднадумцы. І ўвогуле, гэта ў беларускім характары: калі ёсць чым дзяліцца — дзелімся, калі няма чым — шукаем прычыны ўласнай "сквапнасці"…

Але вернемся да пасяджэння калегіі. Якім быў яе агульны настрой? З аповеду першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення вынікае, што самы пазітыўны ды канструктыўны. Пра тое ж у сваёй прамове казаў і міністр культуры Барыс Святлоў. Не забывайцеся, урэшце, на тое, што Дзяржпраграму "Культура Беларусі" цягам мінулай пяцігодкі культура Гродзеншчыны ў цэлым выканала.

Ідэі

За што перш-наперш возьмуцца на Гродзеншчыне заўтра? Аляксандр Вярсоцкі кажа, што ў вобласці пачынаецца абарона раённых рабочых (творчых) планаў. Такая практыка ўведзена тут чатыры гады таму. Сам не раз пераконваўся, што ў раёнах да такога іспыту ставяцца з належным піетэтам і рыхтуюцца скрупулёзна. У "пераздатчыкі" трапіць сорамна.

Што павінна быць у такім плане? Найперш трэба распісаць кадравае пытанне. З яго абарона плана і пачынаецца. Да прыкладу, разглядаецца кадравы рэзерв. Іншым разам, кажа Аляксандр Людвігавіч, размаўляеш з рэзервістам, а ён гаворыць: "Ды не прэтэндую я на пасады! Мяне сюды для галачкі прывезлі!" Такі план гарантавана давядзецца пераздаваць. Кадравыя службы раёнаў пра гэта цудоўна ведаюць.

Другі момант планавання звязаны з фінансамі. Аналізуецца гаспадарчасць, ашчаднасць, мэтазгоднасць затрат цягам апошніх гадоў. Вітаецца ўпэўнены рух наперад.

Наступны складнік — творчы: ідэі, ініцыятывы, крэатыў. "Мы такую задачу паставілі, — кажа Аляксандр Вярсоцкі. — Літаральна кожны раён павінен падрыхтаваць па адным трансгранічным праекце з дзвюх праграм, што пачынаюць дзейнічаць у вобласці з верасня: "Латвія — Літва — Беларусь" і "Польшча — Украіна — Беларусь". Па атрыманні трансгранічных грантаў мы таксама ў краіне лідзіруем. Інакш — сорамна, бо мяжа ў нас — пад бокам".

На здымку: Аляксандр Вярсоцкі.

Фота з сайта grodnonews.by

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"