“Газелі” састарэлі, скрынкі засталіся…

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Не раз быў сведкам прыезду аўтабібліятэк у маланаселеныя і аддаленыя паселішчы. Для такіх вёсак падзея, калі па адзінай вуліцы за дзень увогуле хто праедзе. А тут мабільная бібліятэка з райцэнтра!.. Як і вакол аўтакрамы, вакол "біблібусіка" заўжды збіраецца купка вяскоўцаў.

/i/content/pi/cult/575/12642/4-7.JPGКніжкі, як правіла, шчыльна змешчаны ў імправізаваных скрынках (у такіх расаду звычайна вырошчваюць) карэньчыкамі наверх, вокладак не бачна, адшукваць патрэбнае дамагаюць парады бібліятэкара ці наклееныя на скрынкі пстрычкі з пазнакай літаратурных жанраў: "ваенны раман", "пра каханне", "фантастыка"… Скрынкі стаяць, як правіла, на падлозе "Газелі" пры адчыненых бакавых ці задніх дзвярах. Так што выбіраць кнігі могуць ад сілы два чалавекі. Што і казаць — нязручна…

"К" яшчэ ў 2009 годзе гэтую праблему ўздымала (№ 15 ад 11 — 17 красавіка). Калі і рабіць бібліобус, дык рабіць яго максімальна прыстасаваным ды зручным. І тагачасны генеральны дырэктар Аб’яднага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук, генеральны канструктар аўтамабільнай тэхнікі, Герой Беларусі Міхаіл Высоцкі нашу ідэю тады падтрымліваў. Казаў, што з гэтай мэтай можна выкарыстоўваць МАЗ-256. Актуальнасць праблемы з таго часу павялічылася ў разы, бо ў разы павялічылася колькасць вёсак, дзе заптымізаваны стацыянарныя ўстановы культуры.

Падчас пасяджэння выніковай калегіі Міністэрства культуры на секцыі "Дзейнасць бібліятэк, музеяў і клубаў" пра гэтую праблему згадала Тамара Данілюк, дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага. Маўляў, сённяшнія бібліобусы крытыкі не вытрымліваюць. Салоны "Газеляў" маленькія, вертыкальныя кніжныя стэлажы тут не размесціш. А хацелася б, каб аўтабібліятэка, апрача зручных паліц, мела месца і для лічбавых выданняў, для камп’ютара і прынтара. Тады вясковы чытач адчуе павагу да сябе, зразумее, што пра яго клапоцяцца не на словах, а на справе. Вось толькі, кажа Тамара Данілюк, варта пралічыць эканамічна, ці будзе гэта выгадна…

Я са свайго боку не магу не зазначыць вось што. Калі культура стане апераваць адно толькі катэгорыяй эканамічнай, а не духоўнай мэтазгоднасці, яна вельмі хутка гэтай духоўнасці пазбавіцца. Чым больш камерцыі, тым менш культуры. Але з 2009 года нічога не змянілася. "Газелі" састарэлі, кніжныя скрынкі засталіся. І я разумею, чаму. Гэта выгадна. Пры цяперашняй ненадзейнасці аддзелаўскіх аўтапаркаў "бусік" сёння можна выкарыстаць пад аўтабібліятэку, а заўтра (выставіць кніжныя скрынкі ды пасадзіць на іх месцы баяніста з фальклорным гуртом) адправіць па сельскім маршруце як аўтаклуб. І гэта не віна наша, а бяда.

А як за мяжой? Па першым запыце Інтэрнэт выдае: у Таймазінскім раёне (Башкартастан) пачаў дзейнічаць праект "Бібліобус", ініцыяваны тамтэйшым рэгіянальным Міністэрствам культуры. Салон аўтамабіля (крыху большага за "Газель" і з мінімумам вокнаў у "бібліятэчным памяшканні”) вялікі, ёсць вертыкальныя кніжныя стэлажы, чытачу пры выбары выданняў камфортна. Фонд мабільнай установы — дзве тысячы выданняў. Ёсць часопісы са шрыфтам Брайля і апаратура для ўзнаўлення "гаваркіх" лічбавых кніг. Апрача выхаду ў Інтэрнэт прысутнічае і доступ да інфармацыйна-прававой базы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"