Калі гаворка пра культуру…

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Сацыяльны эксперымент: “К” +“К”
У адной тэлепраграме вядомы артыст распавядаў, як ён маладым чалавекам упершыню прыехаў у Мінск, прайшоўся з вакзала да Міхайлаўскага сквера і, убачыўшы злучаныя аркамі дамы, адчуў, як закахаўся ў горад. “І што ён такога знайшоў у тых дамах?” — падумалася мне тады. Сталінскі ампір, якога ў Мінску шмат. Потым дайшло: ён свежым вокам убачыў у гэтай кропцы горада спалучэнне рэспектабельнасці і ўтульнасці. Гэты эпізод я згадаў, калі фіксаваў сацыяльную актыўнасць мінчан па тэмах культурных у рамках сумеснага праекта “К” і кавярні “Культура” пад назвай “Час культуры”.

/i/content/pi/cult/575/12640/14-2.jpg

Пётра Васілеўскі (першы злева) падчас эксперыменту "К" + "К". / Фота Аляксея ШЫНКАРЭНКІ

Тут было… цікава. Так, менавіта цікава. Бо, як я зразумеў, наведвальнікі гэтага месца — людзі збольшага невыпадковыя. Яны прыходзяць менавіта сюды, прывабленыя магчымасцю перамовіцца з людзьмі, чые інтарэсы сягаюць за межы чыстага прагматызму. Тым больш, бармэны здольныя і гутарку падтрымаць, і тэму для сумоўя падкінуць.

Кавярня зусім маленькая, аздоба выканана ў стылі мінімалізму. Калісьці Карбюзье казаў, як добра жыць на тле чыстых белых сцен. Не ведаю пра “жыць”, а піць каву ў гэткім інтэр’еры, дзе няма нічога лішняга, сапраўды някепска. Мне падалося, што гэта дэмакратычная, але вывераная эстэтыка ў спалучэнні з брэндавай назвай вабіць маладых людзей, якіх за некалькі наведванняў “Культуры” я бачыў багата.

Магу адзначыць, што людзі, якія былі маімі суразмоўцамі ў кавярні, на кантакт ішлі лёгка. Што ж да тэм, дык яны ўзнікалі нібыта самі па сабе. Цікава, што ў шэрагу выпадкаў у іх прысутнічаў культурны чыннік. Мне давялося пачуць развагі пра новае архітэктурнае аблічча сталіцы і ў сувязі з гэтым — пра наяўнасць праблемы захавання гістарычнай аўтэнтыкі. Пра перспектывы захавання і развіцця беларускай мовы ў варунках глабальнага рынку і адкрытых межаў. Пра лёс традыцыйнай і класічнай культуры пры далейшым пашырэнні інтэрнэт-прасторы. Пра гэта гутарылі без пафасу, простымі словамі. І крыху нагадвала сітуацыя інтэлігенцкія “кухонныя размовы” савецкай пары. Вось гаворыць чалавек пра побыт і фінансы, і тут жа згадвае, што падобны стан ён ужо перажываў напрыканцы 1980-х, калі за таварам у Польшчу ездзіў, каб лішнюю капейчыну зарабіць. А далей пра тое, што сёння яму вельмі даспадобы аўтобусныя туры па айчынных славутасцях. Прычым ён адмыслова выбірае такія, каб на роднай мове. І раптам пытаецца ў прысутных: “А чаму па-беларуску не гаворыце?”. Далей ідзе дыскусія на тэму, ці лёгка быць беларускамоўным у касмапалітычным горадзе.

Асабіста мне прыемна было адзначаць, што культурны чыннік прысутнічаў у людзей, якія непасрэднага дачынення да культуры не маюць. Скажам, быў за тыдзень майго наведвання кавярні чалавек, чыя прафесія  — лагістыка. Яму давялося працаваць у розных краінах, сутыкацца з розным менталітэтам і стылем жыцця. Дык вось, на ягоную думку, пэўныя праблемы ў эканоміцы мы маем праз недахоп агульнай культуры і недастковае шанаванне нацыянальных традыцый.

Падводзячы рысу, скажу: фармат кавярні я ўспрыняў, як згаданы напачатку нататак артыст Міхайлаўскі сквер, — як варты ўвагі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"