Гадоў мiнулых музыка гучала…

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

Што можна адчуць пры чароўных гуках патэфона — не ў сне, а наяве? У старым музейным будынку мелодыя забытага раманса гучыць неяк асаблiва, кранаючы далікатныя струны душы. І здаецца, нібы да эпохi лiчбавай тэхнiкi яшчэ вельмi далёка, а патэфон пакуль не перажыў жахаў вайны…

 /i/content/pi/cult/156/1264/Gadou-minulyh.jpg

Чысцiню гукаў не псуе нават характэрнае патрэскванне iголкi — наадварот: яно стварае цалкам натуральнае ўражанне, быццам вы перанеслiся ў 30-ыя гады мiнулага стагоддзя. Менавiта тады ў Швейцарыi быў выпушчаны гэты патэфон... А ўсяго некалькi месяцаў таму ён трапiў у Музей гiсторыi Баранавiцкага аддзялення Беларускай чыгункi i стаў, паводле слоў дырэктара музея Наталлi Антаневiч, самым цiкавым экспанатам.
У экспазiцыi патэфон з’явiўся ў вынiку рэгулярных сустрэч супрацоўнікаў музея з прадстаўнiкамi чыгуначных дынастый.
“Вечары з ветэранамi даюць магчымасць даведацца пра каштоўную спадчыну дзядоў i прадзедаў. Нам пашчасцiла, — кажа Наталля Антаневiч, — разгаварыць госця з Лунiнца. Чыгуначнiк у трэцім пакаленнi Сяргей Дрозд зрабiў нам сапраўдны падарунак G — швейцарскi патэфон фiрмы “Paillard”.
Сваiмi таленавiтымi і працавітымі рукамi яго гаспадар, у мінулым электрамеханiк, адрамантаваў рарытэт — цяпер спружына патэфона ў працоўным стане. “Гэта самы цiкавы экспанат, бо ўся тэхнiка папярэдніх часоў, што працуе сёння, абавязкова выклiкае вялiкую цiкавасць”, — падкрэслiла Н.Антаневiч.
Сяргей Дрозд прывёз i шмат пласцiнак для патэфона, але супрацоўнiкi згадзiлiся ўзяць усяго некалькi — перш за ўсё “чыгуначнай” тэматыкi. “У калекцыi ёсць вельмi старыя кружэлкi, напрыклад, 1966 года з песняй “Машынiст” на словы С.Грабеннікава і М.Дабранравава і музыкай А.Пахмутавай у выкананні Яўгена Кібкалы. Але гэтая пласцiнка вельмi заезджаная, — дзелiцца ўражаннямi Наталля Андрэеўна, — слоў нельга разабраць”. Былы чыгуначнiк перадаў музею i патэфонныя iголкi. Па правiлах, трэба выкарыстоўваць карундавыя, але ў музеi такая адна. Iголкi горшай якасці якраз хапае на адну пласцiнку, бо далей яна будзе псаваць вінілавую паверхню.
Цяжка ўявiць сабе даваенную бяседу без патэфона — гэты механiчны апарат быў зручны ў карыстаннi нават на прыродзе, паколькі не патрабаваў электрычнасцi. Але далейшая гiсторыя музычнага рарытэта поўная перыпетый. Падчас вайны патэфон аберагалi ад немцаў, хавалi ў падпечак. Аднойчы пажар не пашкадаваў хаты, ад яе засталося папялiшча. Цудам, нягледзячы на цяжкiя выпрабаваннi, патэфон добра захаваўся да нашых дзён.
Хто ж быў яго першым гаспадаром? Калiсьцi яго пакiнула бацькуСяргея Дразда ў падарунак сястра. Потым музычны апарат доўгi час захоўваўся ў брата Сяргея — Рамана.
Раней драўляны корпус патэфона быў iнкруставаны. Пасля таго, як рарытэт трапiў у музей, тут вырашылi надаць яму крыху іншы выгляд, правялi спецыяльную апрацоўку. “Патэфон не будзе часта выкарыстоўвацца як прайгравальны апарат, — падкрэслiвае дырэктар музея. — Ён — экспанат. Таму яго размесцяць пад шклом у шафе, каб хто-небудзь выпадкова не зламаў патэфонную спружыну”. Наведвальнiк, зразумела, зможа ўбачыць экспанат i, магчыма, зрэдку — пачуць яго голас, якi пакiдае незабыўнае ўражанне…

Валерый ШАЙТАР
На здымках:
тая самая пласцiнка 1966 года
з песняй “Машынiст”; патэфон швейцарскай фiрмы “Paillard”, 30-я гады ХХ ст. Фота аўтара