Свіслаччына, Астравеччына, Лідчына, Браслаў, Бяроза...

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г


/i/content/pi/cult/575/12638/10-2.jpgСвіслаччына / Пра волатаў літаратуры

Год культуры, хачу спадзявацца, паспрыяе таму, каб наша грамадства яшчэ раз асэнсавала сваё стаўленне да духоўнай спадчыны і да тых, хто працуе ў культурнай сферы. Бібліятэка ж як асветніцкая ўстанова перадае інфармацыю пра матэрыяльную і духоўную культуру сваім чытачам.

Для папулярызацыі лепшых узораў айчыннай і замежнай літаратуры, папулярызацыі чытання, роднай мовы і стымулявання чытацкай актыўнасці ў нашых бібліятэках дзейнічаюць выставы-прапановы, вернісажы беларускага рамана “Атланты беларускай літаратуры”, “Юбілейная дата на літаратурным Алімпе”. Тэматычныя экспазіцыі, выставы “Беларусь запрашае”, “Культурная спадчына Беларусі”, “У культуры краіны — душа народа” даюць уяўленне наведвальнікам пра сацыяльна-культурны і турыстычны патэнцыял нашай краіны, пра развіццё культуры, зберажэнне яе гістарычнай спадчыны.

Сёлетні год багаты на юбілейныя даты беларускіх мастакоў слова. Бібліятэкі Свіслацкага раёна запрашаюць сваіх чытачоў прыняць актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных творчасці Івана Мележа, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы, Цёткі, Максіма Багдановіча. Так, у гонар 95-годдзя з дня нараджэння народных пісьменнікаў Беларусі Івана Мележа і Івана Шамякіна ў бібліятэках Свіслаччыны прайшлі літаратурныя гадзіны “Гонар і слава беларускай літаратуры”, “Самы сучасны пісьменнік”, падарожжы па творчасці “Палескай зямлі волат”, “Летапісцы эпохі”, вечар-партрэт “Талент, дадзены Богам”.

Свіслацкая раённая бібліятэка з нагоды юбілею Івана Мележа запрасіла адзінаццацікласнікаў СШ № 2 на вусны часопіс “Жыў лёсам людзей на балоце”. Аб жыцці і тэматычным дыяпазоне творчасці Івана Паўлавіча, яго мастацкай манеры пісьма распавядалі наступныя старонкі вуснага часопіса: “З Глінішча — у свет вялікі”, “Вялікі дар нашчадкам”, “На зямлі Івана Мележа”, “Аб пісьменніку і чалавеку”.

Аматары беларускага слова мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю гэтых народных пісьменнікаў падчас літаратурнага вечара ў Нязбодзіцкай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства. Цікавасць у чытачоў выклікалі шырока вядомыя эпічныя палотны Івана Шамякіна “Глыбокая плынь”, “Сэрца на далоні”, “Трывожнае шчасце” і трылогія Івана Мележа “Палеская хроніка”.

Алена ШПАК, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі


Астравеччына / Тата, мама, пачытаем?

Для прапаганды дзіцячага і сямейнага чытання Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь арганізавала рэспубліканскую акцыю “Сямейнае чытанне”, якая доўжыцца з лістапада 2015 па май 2016 года.

Бібілятэкі Астравецкага раёна актыўна вядуць гэтую работу. Аформлены і працуюць кніжныя і тэматычныя выставы, прысвечаныя сямейнаму чытанню. Да прыкладу, у Рытаньскай сельскай бібліятэцы які год запар ладзіцца індывідуальная і масавая работа з бацькамі і дзецьмі, рэкамендуецца неабходная літаратура, вядзецца пошук найлепшых узораў сямейнага выхавання.

Работнікі Астравецкай раённай бібліятэкі распавялі дзевяцікласнікам гімназіі № 1 пра мэты і задачы акцыі, пастаўленыя перад сям’ёй, школай, бібліятэкай у справе выхавання любові да чытання. Былі агучаны даныя сацыялагічных даследаванняў аб месцы чытання ў жыцці дзяцей і падлеткаў, выказванні знакамітых людзей пра кнігу. Школьнікам прапаноўваліся займальныя часопісы, а таксама выданні беларускіх аўтараў з серыі “Дзеці вайны”.

Гутарка “Генеалагічнае дрэва маёй сям’і” прайшла ў Мальскай сельскай бібліятэцы. Чытачы складалі радаводы, згадвалі сваіх продкаў. Конкурс ”Я, мае сябры і нашы любімыя кнігі” адбыўся ў Альхоўскай сельскай бібліятэцы. У ім узялі ўдзел вучні 3 — 4 класаў мясцовай школы. Яны ўдзельнічалі ў віктарынах, распавядалі пра ўлюбёных кніжных герояў. Конкурс малюнкаў “Сям’я вачыма дзіцяці” арганізавала для сваіх чытачоў-дзяцей Рымдзюнская сельская бібліятэка.

Ганна КЕРЭЛЬ, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі


Лідчына / Не толькі дранікі, але і канфіцюр

Нядаўна ў вёсцы Беліца прайшоў раённы конкурс традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні”. Мерапрыемства ініцыявала Ганна Некраш — супрацоўніца Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

У ім ўдзельнічалі 16 клубных устаноў. Дарэчы, гэтае мерапрыемства прайшло ў рамках адкрыцця Года культуры на Лідчыне (сярод сельскіх устаноў раёна).

Галоўнай мэтай конкурсу традыцыйнай кухні стала папулярызацыя страў Лідчыны. Удзельнікі свята запэўніваюць, што ў нас ёсць не толькі дранікі. Сярод выбітных страў: калатуха, верашчака (мясная страва), цыбрыкі, “скрылькі па-бердаўску” ў гаршчэчках. З жытнімі і бульбянымі блінамі часта ўжывалі “мазёху” альбо “талакно” (тоўчанае льняное семя), “клынду” (заліўку з семя льну), шкваркі, гурочны і капусны расол. Шырокае распаўсюджанне ў беларускай кулінарыі мелі: “пелюхі грачаныя”, сачні, драчоны. Іх рыхтавалі таксама з жытняй, ячменнай і зрэдку з пшанічнай мукі. А ёсць яшчэ і такія стравы, як канфіцюр з чорнай парэчкі, “бігас” (свіныя рэбры), “таркаванка па-тарноўску” (страва з бульбы), “панская вішнаванка” (страва з мяса птушкі), падкалочанае малако і іншыя.

Супрацоўнікі сельскіх клубных устаноў мэтанакіравана збіралі матэрыялы пра кулінарныя традыцыі, якія існуюць у вёсках Лідчыны. У час экспедыцый былі зафіксаваныя як вядомыя, так і ўнікальныя кулінарныя рэцэпты, а таксама — мясцовыя метады гатавання. На раённым конкурсе былі вызначаны пераможцы трох ступеняў у намінацыях: “традыцыйная страва сваёй мясцовасці”; “рэжысёрскае вырашэнне прэзентацыі традыцыйных страў”; “сервіраванне стала”; “афармленне рэцэптаў традыцыйных страў”; “пераемнасць традыцый”; “арыгінальнасць прэзентацыі традыцыйнай стравы”; “арыгінальнасць прадстаўлення традыцыйных кісялёў Лідчыны”.

Наталля ВАЙЦЮКЕВІЧ, супрацоўнік Лідскага  раённага цэнтра культуры і народнай творчасці

 

Браслаў / Майстэрства цеплыні

Першая ў раёне выстава, прысвечаная вязанню, працуе ў Музеі традыцыйнай культуры Браслава.

Мерапрыемства было ўмоўна падзелена на тры часткі. Першая прысвячалася вязаным вырабам у фондах музея. Гэтак наведвальнікі знаёміліся з тым, як вязалі нашы бабулі і прабабулі, якім вырабам, колерам і тэхнікам вязання яны аддавалі перавагу. У другой частцы дэманстраваліся рэчы, зробленыя ў нядаўнім. Трэцяя ж была прысвечана конкурсу вязаных вырабаў.

Падчас адкрыцця выставы была магчымасць пазнаёміцца з аўтарамі рэчаў, якія былі прадстаўлены на ёй, а таксама ўдзельнікамі конкурсу. Так, Людміла Еўдакімава захапляецца ірландскімі карункамі. Яе вырабы надзвычай прыгожыя, лёгкія і вытанчаныя. А пачалося ўсё пасля знаёмства з удзельніцамі клуба “Ля возера” (кіраўнік Наталля Парахневіч). А вось Алена Пятрова займаецца гэтым рамяством вельмі даўно, некалі асновам вязання яе навучыла маці. Жанчына вязала сумкі, пальчаткі, рознае адзенне, але перавагу ўвесь час аддавала рукавіцам. На конкурс яна прадставіла бела-чырвоны камплект з шапкі і рукавіц да Дня закаханых. Стаж прыхільніцы вязання Вольгі Лакотка больш за 20 гадоў. На конкурс яна прынесла дзіцячы камплект “Для Марыны”. Яго яна звязала ў 2003 годзе, калі нарадзіла сваю дачушку. З таго часу ён захоўваецца ў сям’і, як своеасаблівы абярэг.

Падчас адкрыцця выставы яе наведвальнікі мелі магчымасць прагаласаваць за любы ўпадабаны вязаны выраб. Па меркаванні большасці, пераможцай конкурсу стала Людміла Еўдакімава.

Трэба адзначыць, што арганізатары выставы арыгінальна падышлі да афармлення. Гэтым разам пасля прагляду рэчаў можна адпачыць і сфатаграфавацца на лавачцы, якая таксама “апранута” ў вязаныя вырабы, пад дрэўцам, на якім замест лісточкаў распусціліся вязаныя сувеніры.

Алена НАБЕЕВА


Бяроза / Сталі народнымі

Пры Бярозаўскім дзіцяча-юнацкім спартыўна-эстэтычным цэнтры працуе раённы клуб майстроў народнай творчасці “Суквецце”. Нядаўна майстру па саломкапляценні Наталлі Ярмоцык і майстру па ткацтве і пляценні традыцыйных беларускіх паясоў і мастацкім роспісе Таццяне Зданевіч прысвоены званні народных майстроў Рэспублікі Беларусь.

Наталля Ярмоцык шмат гадоў працуе дырэктарам цэнтра і адначасова кіруе гуртком па саломкапляценні. Гэта рамяство яна 20 гадоў таму засвоіла на Брэсцкай сувенірнай фабрыцы. Вывучае абрады, у якіх шырока выкарыстоўваліся саламяныя вырабы, праводзіць іх рэканструкцыю. Наталля Леанідаўна неаднаразова выконвала замовы па вырабе капелюшоў фальклорным калектывам Бярозаўскага, Драгічынскага, Івацэвіцкага раёнаў.

А Таццяна Зданевіч працуе настаўніцай мастацкага аддзялення ў Бярозаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Яна таксама адраджае традыцыі народнага рамяства, перадае свой досвед малодшаму пакаленню.

Іван АСКІРКА

Фота аўтара