Гаджэт прыйшоў на змену піяніна?..

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

У Оршы пра “перапрасвятленне” публікі і пошук талентаў / Экспрэс-тур з v.i.p.-земляком: Орша
У Оршу я выправіўся разам з піяністам Аляксандрам Паляковым. У сваім мастацтве музыкант, нягледзячы на свае знакавыя амаль (усяго толькі!) 33 гады, дасягнуў вяршыняў, якія дазваляюць яму заняць месца ў шэрагу вядучых айчынных выканаўцаў класічных твораў. Кажу пра канцэрты ў рэспубліцы і за яе межамі, пра перамогі на прэстыжных конкурсах. Набытым майстэрствам ён дзеліцца з юнымі талентамі як выкладчык.

/i/content/pi/cult/575/12637/10-1.jpgЗ Аляксандрам мы наведалі яго ўлюбёныя з дзяцінства аршанскія ўстановы культуры. Ён згадваў сёе-тое, я задаваў пытанні, а кіраўнікі агменяў творчасці распавядалі нам пра іх жыццё...

Выбар

Скараць свет вялікага мастацтва Аляксандр Палякоў выправіўся з Оршы ў 1995-м, калі паступіў у Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (тады — ліцэй) на спецыяльнасць “Інструментальнае выканальніцтва (фартэпіяна)”. Да таго часу падлетак 4 гады правучыўся ў музычнай школе, дзе лічыўся на больш чым добрым рахунку. Яго выкладчыкі ды педагогі з Віцебска, дзе ён бываў на агледзінах, і парэкамендавалі юнаку працягнуць навучанне ў сталіцы.

— Няўжо рок-н-ролам ці хіп-хопам не захапляліся? — пытаюся я ў Аляксандра.

— Не, відаць, тое ўплыў мамы — прафесійнага музыканта, настаўніка. Яна хоць і выкладала домру, але выдатна грала на фартэпіяна.

— Шапэн гучаў вакол мяне з маленства (падазраю, што нават ва ўлонні маці я яго “слухаў”), і мне самому хацелася граць! — працягвае Аляксандр. — Мама часта брала мяне з сабой на канцэрты, гастролі, там я атрымліваў дадатковую “дозу”. І ў музычную школу на клас фартэпіяна мяне не пагналі, а пайшоў я туды ўжо свядома і з вялікім задавальненнем. Часам надакучвала і музыка, хацелася пайсці ў футбол паганяць ці шахматамі заняцца, але ўсё адно я з задавальненнем вяртаўся назад. Упершыню перад публікай выступіў гадоў у дзевяць, і адразу адчуў сябе артыстам. А рок-музыка, поп-музыка... Брат мой крыху граў у бэндзе, і каб не ломка голасу (а спяваў я няблага), мо і паспрабаваў бы такі шлях...

Выхаваны гаджэтамі?

Звонку Гарадскі палац культуры "Орша" выглядае цалкам прэзентабельна. І кірмашоў тут няма, што асабіста ў мяне заўжды выклікае аптымізм. Сустракае нас з Аляксандрам дырэктар установы Алена Дземух. У палацы Палякоў ні разу не выступаў, а бываў тут толькі як глядач, наведваючы навагоднія паказы, канцэрты народнага аркестра, у якім грала яго мама.

Мой спадарожнік заўважае, што, па яго назіраннях, творчых калектываў пры ўстановах культуры стала менш. І справа не толькі ў аптымізацыі. У “народнікі”, напрыклад, дзеці цяпер ідуць без асаблівага энтузіязму. “Мо для таго, каб у іх запаліўся “агеньчык”, неабходна больш агрэсіўная папулярызацыя адпаведных мастацтваў, у тым ліку праз фестывалі і конкурсы?” — задаецца ўголас пытаннем Аляксандр Палякоў. Алена Валер’еўна ў цэлым падтрымлівае такі пункт гледжання і дзеліцца сваім меркаваннем:

— Я вяду студыю эстраднага вакалу і бачу, што сённяшняя моладзь, калі ідзе ў музычную культуру, выбірае кірункі, бліжэйшыя да шоу-бізнесу. І дзеці таленавітыя ёсць. А вось аўтараў песень чамусьці няма, асабліва калі справа тычыцца фестываляў. Возьмем які-небудзь тыповы рэспубліканскі вакальны конкурс. На ім патрабуецца выканаць, скажам, дзве песні на беларускай мове, але іх — новых і якасных — амаль не пачуеш. (І на канцэртах іх няма, і па тэлебачанні, і на радыёхвалях.) Такім чынам, усе канкурсанты, усе сто чалавек, спяваюць пару дзясяткаў усім даўно вядомых рэчаў! Ведаеце, я ўвесь Інтэрнэт перакапала ў пошуках сучаснай паэзіі на беларускай мове, якая клалася б на музыку. Знайшла пару твораў, якія хоць неяк адпавядаюць такім мінімальным запытам...

Парадокс жа палягае ў тым, як лічыць спадарыня Дземух, што новыя песні, якія можна без нанясення шкоды ўласнаму здароўю спяваць выканаўцам і слухаць публіцы, ёсць. Але ж на конкурсах яны амаль не гучаць.

Аляксандр Палякоў жа перакананы, што інструментальная музыка — класічная ці сучасная, беларуская ці замежная — у Беларусі патрэбна значна больш шырокаму колу людзей, чым тое, для якога ён шмат грае зараз, выконваючы ў чымсьці асветніцкую, адукацыйную функцыю ў не надта вялікіх залах не надта вялікіх населеных пунктаў краіны (да якіх дабіраецца, здараецца, і за свой кошт). Але на нашых вядучых тэлеканалах такой музыкі — вобмаль: яе амаль няма ні ў выглядзе канцэртаў, ні ў выглядзе тэматычных праграм. Такі ж стан і на FM-радыё. Галоўныя расійскія каналы тым часам наадварот сталі больш актыўна працаваць з класікай (музыкай, харэаграфіяй), хай нават і ў шоу-фарматах. А ў Беларусі музыканты філарманічныя, акадэмічныя, мяркуе піяніст, існуюць як бы адзін для аднаго ды для вельмі вузкай праслойкі аматараў такога роду музыкі, якая мала рэкламуецца і выбарча фінансава падтрымліваецца.

— У нас Лаліту людзям прапануюць фінансава падтрымліваць, — горка канстатуе піяніст, — і нашых поп-зорак...

— Ужо і на нашых гледачы перастаюць хадзіць, — зазначае Алена Дземух. — Якія рэкамендацыі хто ні даваў бы ды з якімі просьбамі ў прафкамы хто ні звяртаўся б. А калі праходзіць імпрэза… Часам жах ахоплівае: школьнікі падчас мерапрыемства даволі голасна перагаворваюцца, гаджэты не выключаюць, а іх настаўнікі ўголас (!) спрабуюць іх прыструніць. Вось, Аляксандр, з каго трэба пачынаць прасвятляць публіку. “Перапрасвятляць”…

Алена Валер’еўна не рызыкнула запрасіць нас у тую частку палаца, дзе "ляжыць" столь ды “ўзнятыя” падлогi. У такім стане некалькі гадоў таму ён быў перададзены льнокамбінатам гораду. Працякае дах і над сцэнай, парэзаныя сядзенні ў зале, праўда, тут падлогу пераклалі, а яшчэ ў будынку ўставілі новыя вокны, нешта пафарбавалі. Пры гэтым палац з’яўляецца вядучай установай раёна ў сваім сегменце. Заслуга ў тым належыць 22 калектывам (а гэта — 650 дзяцей ды дарослых), сем з якіх носяць званні "народны" ды "ўзорны". Асноўныя напрамкі — харэаграфія і вакал, прычым вялікая частка іх функцыянуе на платнай аснове (у сярэднім аплата складае 200 тысяч рублёў у месяц). Ёсць тут прымальная гукавая і светлавая апаратура, касцюмы нярэдка набываюцца “ў складчыну”, але 750 мільёнаў рублёў цягам года палац у скарбонку выканання плана платных паслуг рэспубліцы дае. “Чым можа, дапамагае нам Аршанскае ўпраўленне магістральных газаправодаў”, — дадае Алена Валер’еўна.

Пасля агляду раяля на сцэне Аляксандр, прабегшы па яго клавішах пальцамі, робіць выснову, што інструмент для канцэрта цалкам падыходзіць. “А на чым толькі ні даводзілася граць у Беларусі, — згадвае малады маэстра. — І на пабітых “дровах” таксама. Але ў большасці сваёй у нашых дамах культуры раялі нармальнага ўзроўню”. Паміж Паляковым і Дземух узнікае размова на тэму магчымага выступу піяніста ў палацы. У выніку бакі прыйшлі да таго, што ён абавязкова адбудзецца ў недалёкай будучыні. Развітваючыся ж, суразмоўцы панастальгавалі яшчэ і аб адкрытых сцэнічных пляцоўках, якія некалі пакрывалі ўвесь горад і ад якіх сёння засталіся хіба драўляныя калочкі...

Тут сыграна нямала...

Аляксандр “набіраўся нот” і ў старым будынку музычнай школы, і ў тым, дзе ДШМ № 1 знаходзіцца цяпер. Тут ён спасцігаў музычныя асновы, выступаў перад педагогамі ды навучэнцамі, адсюль выязджаў з першымі канцэртамі па раёне і ў Віцебск. І з Мінска ён вяртаўся сюды з творчымі справаздачамі. “Здае справаздачу” часам і дагэтуль — як саліст Белдзяржфілармоніі.

Школа па-ранейшаму застаецца базавай для гарадскіх ды раённых устаноў падобнага тыпу, шукае лепшых.

— Як цяпер ідуць справы з лепшымі? — пытаюся ў дырэктара Уладзіміра Грушэцкага, дарэчы, былога аднакласніка Аляксандра.

— Шукаем. Ходзім па дзіцячых садках, раздаем запрашальнікі на адборы бацькам тых дзяцей, у якіх нешта ўгледзелі. Што называецца, з вуліцы мамы і таты прыводзяць сваіх дзяцей, просяць: зірніце, а раптам таленавіты? Нікому не адмаўляем, праслухоўваем. У школе ёсць агульная група, эстэтычная, якую наведваюць дзеткі, якія хочуць чагосьці, але самі пакуль не разумеюць, чаго менавіта. Мы дапамагаем ім раскрыцца. З асцярожнасцю, але магу сказаць, што пасля некаторага правалу з наборам у школу пэўны час таму, бацькі сталі разумець, што прафесія музыканта — усё яшчэ прэстыжная, што яна, у рэшце рэшт, можа годна аплачвацца. Але для гэтага, натуральна, трэба працаваць.

Нялёгка знаходзяцца і ахвотныя навучыцца ігры на цымбалах, акардэоне ды баяне. Як распавёў Уладзімір Валянцінавіч, выпуск гэтых інструментаў (а яшчэ і фартэпіяна) у краіне практычна спынены. Нешта ў малой колькасці робяць прыватнікі, дзесьці і дзяржаўныя структуры. А па фартэпіяна, мяркуе спадар Грушэцкі, план перавыканалі, і попыт на тыя, што прадаюцца ў крамах, невялікі: “цацка” і ў Савецкім Саюзе была нятаннай, а цяпер і пагатоў. Зусім не капейкі каштуюць і цымбалы з гармонікамі. Мабыць, бацькам (а вырасла ўжо пакаленне тых з іх, якія нарадзіліся ў 1990-я) больш натуральна і бюджэтна набыць сваім дзецям гаджэты, чым які-небудзь інструмент. А школы, не рэдкасць, вымушаны здавольвацца “стагоддзем мінулым”. Але абнаўляць “парк” у любым выпадку патрэбна, калі патрэбна нам сама культура! Прычым сваім, прычым якасным, бо на замежнае цэннік “кусаецца”…

— Камерны раяль, куплены за мяжой, скажам, за 10 тысяч долараў, пасля ўсіх абавязковых працэдур па ўвозе яго ў Беларусь абыдзецца арганізацыі ці чалавеку, што набылi інструмент, куды даражэй, — заўважае Палякоў.

— А цана нармальнага канцэртнага раяля (без пошлін, вядома) дасягае 50 тысяч “у.а.”, — дадае аднакашнік нашага героя. — Але добрае піяніна — гэта не самая праблемная кропка. Самі выдатна ведаеце, што сёння літаральна ўсё мае патрэбу ў рэкламе. І культура таксама. А вы шмат бачылі па тэлевізары канцэртаў цымбалістаў або акардэаністаў? Адзін Віталь Варанко за ўсіх з беларусаў аддуваецца. Ну што ж, хоць так…

ДШМ № 1 — не толькі кузня музыкантаў-інструменталістаў, у ёй ёсць харавое аддзяленне, эстраднае і мастацкае (812 дзяцей навучаюцца на бюджэце, 200 — на гаспадарчым разліку; працуюць 82 педагогі). А перспектыўныя мары Уладзіміра Грушэцкага цягнуцца да мастацтва тэатральнага ды харэаграфіі. 24 чалавекі са 110 выпускнікоў па выніках мінулага навучальнага года паступілі ў профільныя навучальныя ўстановы наступнага ўзроўню. Наладжана праца з каледжамі, калі выкладчыкі могуць самі весці навучэнцаў ДШМ, якія здалiся iм перспектыўнымі.

— Яшчэ б мінусы ператварыліся ў плюсы, — усміхаецца Уладзімір, — і было б тады ўсё ў ДШМ ідэальна!

Але і тут, на жаль, дзейнічае прынцып “трох Д” — “даігрываць, дахаджваць, данашваць”. Так, раяль, які знаходзіцца ў малой зале, не так даўно справіў 40-годдзе, іншыя інструменты не такія ўзроставыя, але медзь некаторых з іх ужо пакрыла высакародная сівізна. Ёсць праблема з атрыманнем грошай за тыя платныя паслугі, якія аказвае ўстанова. (На думку дырэктара, школы такога профілю наогул не павінны займацца падобнай дзейнасцю: іх найпершая і адзіная задача — вучыць дзяцей.) Не хапае нотнага матэрыялу беларускага аўтарства: друкаванага ці электроннага. Масу часу адымае папяровая праца…

Да больш “агрэсіўнай” прапаганды айчыннай культуры Грушэцкі ставіцца як прафесіянал, практык, лічачы, напрыклад, што ў навучальным працэсе такіх устаноў, як яго, творы нашых кампазітараў пакуль пераважаць не могуць: няма дастатковай іх колькасці, здольных спрацаваць у якасці навучальнага дапаможніка ў дадзеным выпадку. Палякоў з ім пагаджаецца і называе тых сучасных кампазітараў, якія, несумненна, ўвагі заслугоўваюць: Галіна Гарэлава, Аліна Безенсон, Аляксандр Смольскі…

Куды прыводзяць мары

Наступным пунктам прызначэння стаў музей Уладзіміра Караткевіча. Унутры яго, на самым уваходзе, — дрэва, на галінкі якога наведвальнікі павязваюць рознакаляровыя стужачкі, загадваючы пры гэтым жаданні, якія нельга прамаўляць услых. Павязаў ды загадаў і я. Аляксандр не паспеў, бо спяшаўся на выступ у Шклоў (у Палякова праходзіць тур па краіне!). Але ў галоўным ён атрымаў поспех! Аказваецца, гэты візіт у музей быў для яго першым. Ён даўно збіраўся сюды, але то адно, то другое перашкаджала, а тут — такая нагода. Так што ўжо даруйце нам адступленне ад правілаў рубрыкі.

Дырэктар Ліна Гатоўская адразу ўзяла музыканта ў абарот, пасадзіла яго за піяніна і пачала прыкідваць, калі ж артысту лепш выступіць у яе ўстанове. Падаецца, прыблізны тэрмін вызначылі. Прычым Аляксандр сказаў, што паспрабуе звязацца з унучатым пляменнікам Караткевіча Уладзімірам Сінькевічам — віяланчэлістам планетарнага маштабу (жыве ён за мяжой), каб і таго схіліць да канцэрту ў музеі. (Лішні раз пераканаўся, што, акрамя ўсяго іншага, вось у чым яшчэ складаецца карысць ад такіх маіх паездак з “вiпамi”: дзесьці яны дамовяцца пра майстар-клас, дзесьці падораць карціну альбо кнігу, дзесьці паабяцаюць з апаратурай дапамагчы...)

Мінімум раз на тыдзень у музеі праходзяць мерапрыемствы: творчыя сустрэчы, юбілейныя вечары дзеячаў культуры, віктарыны, святы для школьнікаў. Экскурсіі праводзяцца “па змоўчанні” на беларускай мове, а наведвальнікам супрацоўнікі дораць вырабленыя ўласнымі рукамі розныя вырабы: абярэгі — фігуркі з выявай смешных або суровых бабуль, набітыя лекавымі зёлкамі, сэрцайкі з каляровай фальгі, паштоўкі...

— Як Уладзімір Караткевіч рэдка калі скардзіўся на жыццёвыя нягоды, так і мы не прывыклі наракаць, што нешта ў нас ідзе не так, — Ліна Апанасаўна апярэджвае маё пытанне. — Усё ў нас добра, насамрэч. Гэта ж проста шчасце, працаваць у музеі, прысвечаным генію!

Але марамі сваімі спадарыня Гатоўская ўсё ж падзялілася. Што з іх спраўдзіцца? Напэўна, будуць набытыя новыя вітрыны. Магчыма, калі-небудзь у памяшканні з’явіцца невялікая крамка, якая будзе гандляваць прадметамі ды сувенірамі вытворчасці мясцовых майстроў; і раптам жыхары найблізкай хаты дадуць згоду на абсталяванне ў дворыку, прылеглым да музея, адкрытай пляцоўкі, на якой маглі б праходзіць выставы, перформансы, лакальныя канцэрты...

Душа баліць

— Орша заўсёды была прамысловай, — падводзіць вынік нашага ваяжу Аляксандр Палякоў. — Цяпер прадпрыемстваў засталося, напэўна, менш, але людзі ж нікуды не падзеліся. Пры савецкай уладзе ды і доўгі час пасля мерапрыемствы, прапанаваныя дамамі культуры мясцовага ўзроўню, гурткі праходзілі пераважна на бясплатнай аснове, больш танным было навучанне ў музычных школах. Усё гэта ёсць і цяпер, у меншым аб’ёме, праўда. Але імпрэзы ды многія гурткі цяпер платныя, а багацейшымі людзі не сталі. Цяпер, напрыклад, конкурс у дзіцячыя школы мастацтваў невысокі: і бацькі лішні раз падумаюць пра рубель, ды і ў дзяцей памкненні іншыя. Час такi. Але аптымізаваць установы культуры, іх калектывы, секцыі “па самае не магу”, вядома, не варта, інакш дарослыя і падлеткі забяспечаць сабе “культурны вольны час” у іншых месцах. Імя ды прозвішча “Уладзімір Солтан”, скажам, для іх што-небудзь будзе азначаць? А цяпер тое прозвішча, урэшце, што яно для іх азначае?..

Мінск — Орша — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"