У асобах і рэчах

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь завяршаецца выстава твораў Анатоля Зайцава “Споведзь у асобах і рэчах” з 58 твораў друкаванай графікі. Выкананыя ў тэхніцы ксілаграфіі работы — з калекцыі сям’і майстра і са збору Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Звярнуўшыся на апошнім курсе ў Тэатральна-мастацкім інстытуце да ксілаграфіі, Анатоль Цімафеевіч не здраджваў ёй. Мастака прыцягвалі прыгажосць і супраціўленне матэрыялу, які ён падпарадкоўваў сваёй задуме. За гады творчага шляху Анатоль Зайцаў стварыў сотні твораў: партрэты, пейзажы, нацюрморты, кніжныя ілюстрацыі — гэта і ёсць споведзь мастака ў асобах і рэчах, праніклівасць і мудрасць пражытых гадоў.

/i/content/pi/cult/575/12633/3-6.jpg

Анатоль Зайцаў. Нацюрморт з совушкай з серыі "Вакол нас".

Суадносінамі святла і ценю, умелым выкарыстаннем кантрастаў і паўтонаў, разнастайнасцю штрыхоўкі майстар з дапамогай чорнай лініі і “паветра белага аркуша” (паводле выказвання рускага графіка Уладзіміра Фаворскага) нараджае мастацкую трансфармацыю рэчаіснасці, перадае багатыя адценні і эмацыйную шматкаляровасць жыцця, непасрэднае ўражанне ад прадметаў і псіхалагічны стан людзей. Выяўленчая мова Зайцава-гравёра выражаецца ў напружанасці рэзкіх, вуглаватых рухаў, рытме ліній, што ламаюцца, імкнуцца, клубяцца.

Важнае месца ў творчай спадчыне Анатоля Зайцава займаюць вострахарактарныя партрэты. Энергія, прыгажосць духоўнага жыцця, сіла і яркасць вылучаюць партрэты сучаснікаў мастака і творцаў мінуўшчыны. У гэтых невялікіх пагрудных партрэтах ёсць класічная завершанасць, збалансаванасць кампазіцыі, выразнасць сілуэтаў, дакладна прамаляваных на нейтральным фоне. Кампазіцыйным цэнтрам з’яўляецца твар, пададзены буйным планам, энергічна і старанна выкананы пераходамі святла і ценяў. У яго партрэтах прысутнічае ўсведамленне каштоўнасці асобы.

Значная частка твораў на выставе — ілюстрацыі (скажам, выданні “Прыказкі і прымаўкі”, “Георгій Скарына” Мікалая Садковіча і Яўгена Львова). У гэтых працах мастак не абмяжоўваецца інтэрпрэтацыяй літаратурнага тэксту, таму выступае як сааўтар. Зайцаў паўстае і творцам, які сузірае свет. У яго творах манументальнасць і эпічнасць неаддзельныя ад лірызму, сардэчнасці і паэтычнасці. Творы з адлюстраваннем горада і прыроды звяртаюць увагу пульсацыяй жыцця і пранікнёна-інтымным адчуваннем. Лаканічныя нацюрморты ў тэхніцы абразной гравюры вылучаюцца вобразнай канцэнтраванасцю.

Настасся КАРНЕЙКА, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея