Што можа толькі тэатр?

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы гэтымі днямі працавалі для нестандартнай, скажам так, мэтавай аўдыторыі ў рамках акцыі “Тыдзень Купалаўскага тэатра ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка”. А таксама згадалі пра 95-годдзе з дня нараджэння аўтара славутых "Людзей на балоце", калі на сцэну ў адзін вечар выйшлі не толькі выканаўцы роляў Васіля Дзятла і Ганны Чарнушкі ў сучаснай пастаноўцы, але і артысты, сёння — са званнем "народны", хто граў у першай пастаноўцы галоўнай кнігі "Палескай хронікі"...

/i/content/pi/cult/575/12622/1-4.jpg

Генадзь Аўсяннікаў, Генадзь Гарбук і Тамара Міронава падчас сустрэчы ва ўніверсітэце.

Дык вось, з 23 па 26 лютага шэраг спектакляў трупы дэманстравалі на студэнцкай сцэне. “Гэты, — як адзначыў рэктар БДПУ Аляксандр Жук, — праект высокай культуры сягае сваімі каранямі ў 2008 год, ды і зараз дэманструе сваю важнасць і апраўданасць”.

/i/content/pi/cult/575/12622/1-3.jpgМенавіта таму на адкрыцці “Тыдня…” прысутнічалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, міністр адукацыі краіны Міхаіл Жураўкоў, а таксама генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Палякоў. Яны падкрэслілі значэнне цёплых двухбаковых адносін паміж установамі культуры і адукацыі. “Тэатр выкарыстоўвае цікавую форму ўзаемадзеяння з гледачом: ідзе шукаць яго ў маладзёжнае асяроддзе”, — зазначыў Барыс Святлоў.

Будучыя настаўнікі разам з выкладчыкамі педуніверсітэта мелі магчымасць паглядзець адны з самых вядомых пастановак Купалаўскага тэатра: 23 лютага легендарны ўжо “Вечар” Аляксея Дударава, 24-га — “Старамодную камедыю” Аляксея Арбузава, 25-га — “ГендэльБах” Паўля Барца… Апошні дзень “універсітэцкай гастролі” адзначыўся паказам адной з прэм’ер знакамітай трупы — спектаклем “Шабаны” паводле аднайменнага рамана нашага сучасніка Альгерда Бахарэвіча.

Цягам акцыі артысты тэатра сустракаліся са студэнтамі. І не гэтак істотна тое, як называюцца падобныя імпрэзы: жыццёвы майстар-клас або закулісныя гутаркі. Народны артыст СССР, народны артыст Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Міронава шчыра адказалі на пытанні студэнцтва, закранулі тэму спрычыненасці да культуры новага пакалення тэатральнага гледача. І хоць Нацыянальны акадэмічны дзесяцігоддзямі ў той альбо іншай форме звяртаецца да моладзі, менавіта са студэнтамі-педагогамі артыстаў, саму інстытуцыю тэатра як такую яднае сапраўды многае. Найперш наступная тэза: і артысты, і новае пакаленне настаўнікаў займаюцца выхаваннем людзей — сваімі сродкамі, уласным прафесійным “інструментарыем”.

Генеральны дырэктар тэатра Павел Палякоў згадаў на просьбу карэспандэнта “К”, што далёка не заўсёды ініцыятывы тэатра сустракаліся з такім ажыятажам: былі часы, калі ўсплёск нейкай чарговай моды на час выцясняў сцэнічнае мастацтва з прыярытэтаў студэнцтва. Але зараз сітуацыя змянілася карэнным чынам. Сведчаннем таму — поўныя залы на кожнай падобнай сустрэчы. Да ўсяго, шэраг першакурснікаў БДПУ, што толькі першы семестр адвучыліся ў сталіцы, наогул упершыню пабачылі пастаноўкі Купалаўскага тэатра. Таму традыцыя мае ў некаторым сэнсе і сакральны характар далучэння да айчыннай культуры. А што можа быць лепш цягам Года культуры?

/i/content/pi/cult/575/12622/1-2.jpg

Марыя Захарэвіч і Генадзь Гарбук.

/i/content/pi/cult/575/12622/1-1.jpg

Валянціна Гарцуева і Павел Харланчук.

Івана Мележа 24 лютага купалаўцы згадвалі разам з міністрам культуры Беларусі Барысам Святловым, а таксама з пісьменнікам, грамадскім дзеячам Анатолем Бутэвічам. Яны прамовілі са сцэны падчас урачыстай вечарыны, якая папярэднічала асабліваму паказу “Людзей на балоце” на галоўнай драматычнай сцэне краіны: ён быў прымеркаваны да 95-годдзя з дня нараджэння тытана беларускай прозы Івана Мележа, аўтара знакамітага рамана, што стаў асновай для пастаноўкі. Вечар быў адкрыты фінальнай сцэнай з першай пастаноўкі паводле класіка мастацкага слова ў рэжысуры Барыса Эрына. Паўстагоддзя таму палескія жарсці гралі на сцэне тады маладыя, а зараз — масцітыя народныя артысты Генадзь Гарбук і Марыя Захарэвіч. Зала вельмі цёпла сустрэла такое вяртанне легендарнага дуэта Васіля і Ганны. Ну а выканаўцы гэтых роляў у спектаклі “Людзі на балоце” ў рэжысуры Аляксандра Гарцуева — Валянціна Гарцуева і Павел Харланчук. Гэта ўвасабленне і было паказана гледачам ўвечары 24 лютага.

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст