Бела-шэра-залатое

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

Так нязвыкла называецца выстаўка твораў кніжнай ілюстрацыі вядомага беларускага графіка Паўла Татарнікава, якая адкрылася 27 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Гэта першы паказ творчасці мастака ў знакамітых залах.

 /i/content/pi/cult/156/1262/Bela.jpg

П.Татарнікаў. “Біблія Скарыны”.

Невялічкая экспазіцыя з 40 графічных аркушаў вельмі цікавая, асабліва для разумення таго, што адбываецца ў сучаснай беларускай кніжнай ілюстрацыі. Тым больш, што выстаўляецца вопытны майстра, прафесіянал высокага класа, які стварыў нямала твораў еўрапейскай вартасці.
Падкрэслю, што Павел Татарнікаў — лаўрэат прэміі “Залаты Яблык” Міжнароднай біенале ілюстрацыі ў Браціславе. А яшчэ ён шэсць гадоў працаваў мастацкім рэдактарам дзіцячага часопіса “Бярозка”, што таксама дапамагло яму больш глыбока спасцігнуць таямніцы стварэння кніжнага арганізма ў яго выяўленчай “абалонцы”.
Павел Татарнікаў працуе па двух накірунках: як рэжысёр-праекціроўшчык макета і як уласна ілюстратар.
Не заўсёды здольны мастак па розных прычынах цалкам рэалізаваць задумы, але гэта не адбіваецца на канчатковым выніку. Яго кнігі прыцягваюць выразнасцю, жывасцю адчуванняў, адпаведнасцю вобразнаму ладу літаратурнага твора, яскравасцю ўсяго кніжнага ансамбля, дакладным “пападаннем” у эмацыянальны стыль пісьменніка.
Мастак можа быць вельмі разнастайным: журботна-драматычным (“Гамлет”), спакойным і ясным (“Слова пра паход Ігара”), фантастычным (“Золата Рэйна”). Між іншым, мастак гаворыць, што некаторыя са створаных ім вобразаў — партрэтныя і добра пазнавальныя, бо мадэлямі часта становяцца знаёмыя і сваякі мастака.
Павел шмат выстаўляецца ў групавых выстаўках, яго кнігі друкуюцца не толькі ў Беларусі, але таксама і ў Англіі, Італіі, ЗША, Тайвані.
Але толькі персанальная экспазіцыя, на мой погляд, можа паказаць творцу ва ўсім маштабе яго бліскучага таленту. І на выстаўцы мы бачым яго такім мастаком — светлым, добрым, цудоўным, прывабным, як і яго яркія, прыцягальныя акварэлі.

Марына МАЛЬГІНА,
навуковы супрацоўнік Нацыянальнага
мастацкага музея Рэспублікі Беларусь