На мінулым тыдні ў Байнэце жартавалі і здзіўляліся з дакумента, які я працытую на мове арыгінала: “Придавая огромное значение стремлению к повышению культурного и эстетического уровня жителей района, Речицкий райисполком просит вас приобрести билеты и обеспечить присутствие представителей трудового коллектива на концерте звезды российской эстрады Лолиты”. Ліст з такім тэкстам прыйшоў у арганізацыі і ўстановы раёна, у тым ліку — і школы, за подпісам в.а. старшыні райвыканкама. Як пацвердзіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рэчыцкага райвыканкама Святлана Краўчанака, рассылка лістоў з інфармацыяй пра запланаваныя канцэрты — звыклая практыка.
Канцэрт планаваўся на 18 сакавіка, а білеты жыхарам раёна прапаноўвалі па кошце ад 900 тысяч рублёў да мільёна. Не дзіва, што ахвотных наведаць канцэрт расійскай зоркі не знайшлося, і выступ Лаліты тут адмянілі. Але ж не пра гэта гаворка. Ці, скажам, не толькі пра гэта.
Мяне, да прыкладу, вельмі ўразіла фармулёўка названага ліста пра “падвышэнне культурнага ўзроўню”. Калі б такое было напісана пра запланаваны канцэрт “Харошак” ці Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, хору імя Цітовіча ці артыстаў сталічнага ці абласнога тэатра, гэтую фразу яшчэ можна было зразумець. А так…
Я, натуральна, не хачу пакрыўдзіць прыхільнікаў творчасці спявачкі Лаліты, але пра эстэтычную вартасць яе песень, якія наўрад ці ўваходзяць у скарбонку правераных часам сусветных шэдэўраў, паспрачаўся б са многімі… Да таго ж я не зусім разумею, як можна “падвышаць эстэтычны ўзровень жыхароў раёна”, сярод якіх маглі б аказацца і школьніцы, пад песню са словамі “я танцую в блузочке, а могу и без”...
І яшчэ. Вядома, падобныя лісты з запрашэннямі на канцэрты рассылаюць многія райвыканкамы Беларусі. Наколькі гэта мэтазгодна, і ці сведчыць тое пра запатрабаванасць айчынных ці заезджых новаспечаных і сталых “зорак” — размова асобная. Але ж, думаецца, у райвыканкамах не варта ставіць адну “шапку” і карыстацца высокім “штылем” заўсёды і пры любой нагодзе, не адрозніваючы адно культурнае мерапрыемства ад іншага… Інакш можна пачаць штампаваць лісты пад любое мерапрыемства — ці пад фестываль піва, ці пад выступленне групоўкі “Ленінград”. І сапраўды, якая розніца?!