Трагедыя Халакосту ў музыцы

№ 8 (1238) 20.02.2016 - 26.02.2016 г

Міхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта
Тэма Халакосту хвалявала і будзе хваляваць не толькі грамадства наогул, але і навукоўцаў. У Міжнародны дзень памяці ахвяр гэтай трагедыі ў Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы адбылася акцыя “Памяць пра Халакост у гуках музыкі”. Акрамя канцэрта, у яе рамках была прэзентавана манаграфія “Тэма Халакосту ў акадэмічнай музыцы”, падрыхтаваная кандыдатам мастацтвазнаўства, выкладчыцай установы Інэсай Двужыльнай.

/i/content/pi/cult/574/12605/5-2.jpgПражываючы ў Брэсце, я даведаўся пра гэта мерапрыемства ад свайго калегі з Ізраіля — гісторыка, публіцыста і журналіста Рыгора Рэйхмана. І адразу вырашыў атрымаць інфармацыю з першых рук. Даўно даследую гэткую праблематыку, а некаторы час таму выдаў кнігу “Яўрэі Германіі: гісторыя і сучаснасць”, дзе, да ўсяго, закранаў сюжэты, звязаныя з адлюстраваннем Халакосту, у тым ліку ў музыцы. Але ж выключна з музычнага боку такую тэму яшчэ ніхто на постсавецкай прасторы не даследаваў. Гэта абсалютна новы пласт у музыказнаўстве, малавядомая і надзвычай актуальная праблематыка.

Тым больш выдатна, што манаграфія сталася не проста “кніжкай на палічку”, як бывае з некаторымі працамі, а часткай вучэбнага працэсу ў згаданай навучальнай установе: Інэса Двужыльная вядзе ў каледжы аднайменны спецкурс, па-майстэрску чытаючы лекцыі. Гэта вельмі важна! Бо каб той і падобныя генацыды не паўтарыліся, моладзь павінна ведаць пра іх як мага больш, прычым розумам і сэрцам адначасова. Музыка мае для гэтага ўсе магчымасці, у чым пераканалі і сама манаграфія, і канцэрт, які ўспрымаўся яе працягам, гэткім “агучаным тэкстам”.

У асэнсаванні тэмы Халакосту аўтарка вытрымлівае гістарычны падыход. Першы блок прадстаўлены традыцыйнай яўрэйскай музыкай. Грунтоўна разгледжана творчая спадчына Малера, Шонберга з пункту гледжання іх яўрэйскіх каранёў. Кантэкст другога блока прадстаўлены музыкай перыяда Другой сусветнай вайны: песні гета, творчасць кампазітараў канцлагера ў Тэрэзіне, дзейнасць жаночага аркестра пад кіраўніцтвам скрыпачкі Альмы Розэ ў Аўшвіцы…

Большасць твораў курса з’яўляецца мемарыялізацыяй трагедыі Халакосту, мо таму вельмі цяжка вызначыць самую моцную рэч. Аднолькава пераканаўча выглядаюць Трынаццатая сімфонія Дзмітрыя Шастаковіча, опера “Пасажырка” Масея Вайнберга, монаопера “Дзённік Ганны Франк” Рыгора Фрыда; dramma per musica “Бабін Яр” Давіда Крывіцкага, рэквіем-кадзіш “Бабін Яр” Яўгена Станковіча; реквіемы Д’ёрдзі Лігеці, Уладзіміра Хвайніцкага, “Dies Irae” Кшыштафа Пендэрэцкага; кантаты “Ацалелы з Варшавы” Арнольда Шонберга, “Галасы Тэрэзіна” Давіда Крывіцкага; паэмы “Вечна жывыя” беларускага кампазітара Генрыха Вагнера, “Боль зямлі” Ігара Левіна, “Януш Корчак” Аляксандра Галіча, “Яд ва-Шэм” Златы Ткач…

А колькі яшчэ зусім не вядомых шырокай публіцы твораў! Мяркую, айчынныя сімфанічныя аркестры выдатна справяцца з Першай сімфоніяй “Памяці пакутнікаў Бабінага Яра” Дзмітрыя Клябанава, Канцэртам для аркестра “Жоўтыя зоркі” Ісака Шварца, “Вялікай сарабандай Тэрэзіенштата” Аркадзя Гурава — беларускага кампазітара, што ў 1990-м з’ехаў у Ізраіль і там загінуў. Меламаны, якія захапляюцца камерна-інструментальнай музыкай, зацікавяцца Санатай для падрыхтаванага раяля “Званы Варшавы” Сяргея Бярынскага, бліскучым творам “Яўрэй. Жыццё і смерць” для віяланчэлі і фартэпіяна Міхаіла Бронера.

Першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены. 11 лістапада ўпершыню ў Беларусі намаганнямі ансамбля салістаў Гродзенскай капэлы пад кіраўніцтвам Алега Целяпнёва прагучаў Струнны квартэт з магнітафоннай плёнкай “Розныя цягнікі” амерыканскага мінімаліста Стыва Райха. Частка даследаваных твораў была ўключана ў праграму прэзентацыі. Адкрыццём канцэрта стала выкананне “Элегічнай імправізацыі” для скрыпкі і фартэпіяна Эдзі Тырманд лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў таленавітай скрыпачкай Надзеяй Саладухінай. Слухачы пачулі натхнёную “Калыбельную” Джона Уільямса з кінафільма “Спіс Шындлера” у выкананні камернага аркестра Гродзенскай капэлы (дырыжор Уладзімір Борматаў) і хор Златы Ткач “І толькі зямля непарушная навекі” ў выкананні камернага хору Гродзенскай капэлы (дырыжор — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ларыса Іконнікава). Яўрэйскі каларыт адчуваўся ў выступленні Народнага ансамбля яўрэйскай музыкі “Шалом” з Ліды (кіраўнік — Міхаіл Дзвілянскі).

Такія творы павінны гучаць! Бо яны, як падкрэсліла аўтар манаграфіі, “дазваляюць асэнсаваць трагедыю Халакосту на эмацыйным узроўні: адны — больш адкрыта, экспрэсіўна, іншыя — стрымана каментуючы гістарычнае мінулае”.