Іан Шоу ў Беларусі ўжо другі раз. У брытанскага выканаўцы склалася ўражанне, што ў краіне джаз квітнее. І думка мае ўсе падставы для існавання. Прынамсі, ужо некалькі гадоў каля Мінскай гарадской ратушы праводзяцца джазавыя вечары.
На майстар-класе Іан Шоу стварыў прыязную атмасферу: скарыў прысутных энергічнасцю ды харызмай, і толькі потым пачаў дзяліцца сваім майстэрствам. Некалькі ўдараў далонямі па назе — “загучала” мелодыя. Да Іана выйшлі студэнты і адбівалі рытмы, паўтаралі за майстрам адпаведныя гукі. Больш актыўнымі ў творчым працэсе аказаліся дзяўчаты, яны неяк адразу “лавілі” хвалю мелодыі і настрою. У некаторых студэнтаў такія “трукі” не вельмі атрымліваліся, але ўсім, у тым ліку і выкладчыкам, такая імправізацыя брытанца падабалася.
Пасля больш смелыя студэнты пад фартэпіянную музыку ў выкананні брытанскага маэстра спявалі. Першай выступіла студэнтка ўніверсітэта Кацярына Худзінец. У гэты момант падумалася: такога творчага імпульсу маладым творцам іншы раз і не стае. Таму добра, калі з’яўляюцца магчымасці пераймання вопыту ў замежных выканаўцаў.
Чаму Іан Шоу абраў з усіх музычных кірункаў менавіта джаз? Як высветлілася, брытанцу падабаецца імправізаваць. Калі майстра толькі знаходзіўся на пачатку сваёй джазавай кар’еры, на яго ўздзейнічалі Сціві Уандэр, Майлз Дэвіс, Дэвід Боўі, прычым з апошнім ён выступаў на адной сцэне ажно 17 разоў.
Сярод улюбёных джазавых беларускіх гуртоў Іан Шоу прадказальна адзначыў “Apple tеа”, у якіх ужо зусім хутка — 6 сакавіка — адбудзецца канцэрт з Кліўлендам Уоткісам.
Фота аўтара