Калі райдар не патрабаваў крэветак...

№ 8 (1238) 20.02.2016 - 26.02.2016 г

“Выхаваць" гледача я не здолеў”, — кажа прамоўтар, які кінуў шоу-бізнес і даследуе памяць
Так склалася, што фізік-ядзершчык па адукацыі Іван ПАЛАНЕЙЧЫК, скончыўшы БДУ і яго аспірантуру (цікавы факт: не так даўно мы публікавалі інтэрв’ю з... калісьці фізікам-ядзершчыкам Андрэем Філатавым, барабаншчыкам кавер-калектыву “Хуткая дапамога” і экс-ударнікам легендарных “Сузор’я” ды “Крамы”...), цягам паўтара дзясятка гадоў быў прыкметным арганізатарам выступленняў замежных артыстаў у нашай краіне. А потым неяк цішком “развёўся” з шоу-бізнесам і вярнуўся ў навуку. Як гэта адбылося? Пра тое і пагутарым з Іванам Іванавічам.

/i/content/pi/cult/574/12601/14-1.jpg— Канцэртным бізнесам вы сталі займацца...

— ...У 1988 — 1989-м. У той час я ўжо быў знаёмы з рок-музыкантамі, якія толькі-толькі выйшлі з падполля. І мне патэлефанавалі ад Майка Навуменкі з просьбай арганізаваць у Мінску канцэрт яго гурта “Заапарк”. Я пагадзіўся, пайшоў і дамовіўся: ніякіх цяжкасцяў ці затрымак. Але гэты бізнес, што пакрысе змяняў савецкага тыпу гастролі, тады толькі нараджаўся. Памятаю, як клеілі просценькія самапальныя афішы “ДДТ”, арандавалі апаратуру ў “Верасоў”. Ніякай аховы на канцэрце, ад музыкантаў — ніякіх вычышчаных крэветак ў райдары…

— З кім з артыстаў працавалася прыемна, а ў кім расчараваліся?

— Прыемна — з Юрыем Лазой. Глыбокі па мысленні чалавек. З такім зусім “непантовым” музыкантам, як Валодзя Кузьмін. З Юрыем Шаўчуком, пакуль у яго гурта не сталі нейкімі неверагоднымі тыя самыя райдары па апаратуры, абсталяванні, святле. Саша Іваноў з “Ронда” прыстойны хлопец. З джазмэнамі наогул ніколі не было праблем. З разумнымі гумарыстамі шанцавала, скажам, з Сямёнам Альтавым, Генадзем Хазанавым, з Яўгенам Петрасянам. Апошняга як толькі ні лаюць апошнім часам, а чалавек гэты — высокага інтэлекту і найвышэйшай культуры. “Comedy Club” з ім побач не стаяў!

Ад каго засталіся... неадназначныя ўспаміны, дык гэта ад Віктара Зінчука. Гітарыст ён, вядома, класны, але па-за сцэнай... розны. Адзін час напружыўся з адміністрацыяй Чыжа на глебе ўлюбёных ім канцэртаў у начных клубах. Аляксандр Малінін для мяне заўсёды заставаўся Сашам Выгузавым, а не тым “арыстакратам”, якога патрабуе ягоны вобраз.

— Ці звяртаеце ўвагу на цяперашніх айчынных канцэртных прамоўтараў? Якія рысы ім уласцівыя?

— Вузкасць мыслення, нізкі агульны ўзровень адукацыі і нежаданне ўдасканальвацца, калі казаць пра большасць. Але выключэнні ёсць, напрыклад, агенцтва, якое ўзначальваюць Андрэй Аляксееў і Аляксандр Манышаў. Вось яны малым не задавольваліся, аднойчы заняўшы адпаведную нішу і з часам стварыўшы адну з найбуйнейшых пракатных кампаній. І працягваюць вучыцца гэтаму нялёгкаму рамяству на спецыялізаваных курсах, а не проста “закалочваюць” грошы і кладуць іх на свой рахунак у банку, механічна ўкладаючы ў новыя праекты. І той, і другі варыянт, безумоўна, адбіваюцца на якасці прапанаваных паслуг — толькі ў розных кірунках.

— З-за чаго сышлі з гэтага бізнесу?

— Першы раз я спрабаваў збегчы ў 1994 годзе: стаміўся. Але праз пару гадоў вярнуўся. А пасля... Я ж, у асноўным, прывозам рок-музыкі займаўся, а ў ёй таксама пазначыўся застой. Ведаеце, напрыканцы 2014 года я ездзіў на пахаванне “Доцы” — былога бубнача “ДДТ” Ігара Дацэнкі, фантастычна прыстойнага чалавека. Сабралася ўся тусоўка, і ў мяне склалася такое ўражанне, што амаль за 10 гадоў з тых часоў, як я перастаў усю гэтую гвардыю прывозіць у Беларусь, з ёй нічога не адбылося. Тыя ж размовы ды інтарэсы: карацей, дэжавю. А 10 гадоў таму мне стала проста сумна працаваць з гэтымі людзьмі, якія і ў асобасным, і ў творчым плане перасталі развівацца. І зараз мала што характэрнага адбываецца ў гэтым жанры. Як бы новае, што выносяць на суд гледачоў, заключаецца пераважна ў знешніх праявах — у эпатажы і карыстанні спецэфектамі. А ўнутранай ідэі ў іх песнях я не знаходжу. “Усеагульная шэрасць” — я так называю сучасны постсавецкі рок. Мабыць, толькі ў абедзвюх частках “Единочества” таго ж Юрыя Шаўчука я пачуў і тэксты, і мелодыку. Ну дык калі гэтыя альбомы выйшлі?..

Нарэшце, публіка пачала катастрафічна псавацца, і на нейкім этапе прывоз сапраўды “значных для гісторыі” артыстаў стаў нерэнтабельным. А што пачалі прывозіць вагонамі? Бяздарныя тэатральныя антрэпрызы і папсу. Так, мы лаем “савок” за цэнзуру. Дрэнна, калі “секлася” ўсё, што не ўкладвалася ў фармат “савецкага мастацтва”. Але і ў гэтым фармаце, і ў “нефармальным” кірунку ставала таго, пра што інакш, як “ніжэй за плінтус”, не назавеш. І ў цэнзараў на гэта быў нюх. Вось за такія бар’еры я выступаў (і выступаў бы надалей) абедзвюма рукамі. Для мяне заўсёды было важна, якога артыста я прывожу. І якая публіка на яго прыходзіць. На жаль, у пераважнай сваёй большасці яна мяне “абламiла”, “выхаваць” гледача я не здолеў, не спраўдзіліся мае ідэалістычныя мары ў яго дачыненні...

А з пункту гледжання насычэння рынку артыстаў сталі шмат прывозіць. Для гледачоў гэта, вядома, добра — ёсць з каго выбіраць (іншая справа, што і цяпер нават у Мінску няма столькі публікі, колькі прывозяць артыстаў). Паміж прамоўтарамі ж узнікла дурная канкурэнцыя: хто ў каго публіку “перацягне”. Спачатку амбіцыі лезлі з усіх шчылін: яны не задумваліся, што гэта ўдарае па іх уласнай кішэні. А калі прыпякло, мы паспрабавалі дамовіцца, неяк падзяліць сферы, цывілізаваць гэты рынак. Але ні да чаго канкрэтнага не прыйшлі. І сёння ў краіне па-ранейшаму рэгулярна з’яўляюцца і знікаюць канторы, якія праз слабую кампетэнцыю і таму, што ім даводзіцца канкурыраваць з больш магутнымі кампаніямі, зрываюць канцэрты або папросту “кідаюць” публіку на грошы. Знікаюць, а потым зноў нараджаюцца — пад іншымі назвамі, пракручваючы схему наноў.

— Спрадзюсіраваць каго-небудзь з беларускіх выканаўцаў ніколі не хацелася? Ды так, каб пасля прасунуць у замежжа?

— Не. Ну не адчуваў я ў іх таго, што можа ўзвысіць над нейкай местачковасцю, не ўражваў і слабаваты прафесійны ўзровень. Колькі ні кажы “вялікі беларускі гітарыст” або “вялікі беларускі бубнач”, а як прыехалі ў пачатку 1990-х у Мінск заходнія музыканты, што ўваходзілі тады ў склад “Pink Floyd”, як далі тры акорды на сумесным сэйшне з нашымі зоркамі, дык тыя і звялі. Шмат каму з іх што-небудзь гаворыць прозвішча Пэндэрэцкі? Наўрад ці. А з Шаўчуком мы гадзінамі маглі гутарыць пра яго, як гэтак жа з Чыжом размаўлялі пра Рахманінава. Асоб мне сярод беларускіх поп- і рок-артыстаў як не хапала, так і не хапае. Сярод класікаў яны ёсць, але мала.

— Шчыльна кантактуючы з вамі гадоў пяць, я, прызнаюся, моцна здзівіўся, даведаўшыся, што адзін з вядучых у рэспубліцы прамоўтараў у пачатку “нулявых” кінуў шоў-бізнэс і “замуціў” нешта для мяне незразумелае...

— Напэўна, гэта быў год 2001-ы, калі я прывёз у Мінск вядомага запамiнальніка Самвэла Гарыбяна. Падобныя рэчы мяне займалі заўжды, а тут я сядзеў у зале і тросся ад страху: “Толькі б публіка мяне не пабіла” — настолькі сумнеўным быў узровень дэманстрацыі “цудаў”. А пасля выступу раптам падумаў пра тое, а чаму б мне самому не заняцца чымсьці падобным? Праз нейкі час я пазнаёміўся з працамі выбітнага псіхолага Эрнэста Цвяткова, а затым і з ім самім, адвучыўся ў ягонай школе. І скіраваўся ў гэты бок. Спачатку арганізаваў курсы па развіцці памяці ў Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве. І ў размовах з тымі, хто іх наведваў, я высветліў, што 70 працэнтам з іх яны патрэбныя для вывучэння замежных моў. Кінуўся ў гэтую тэму і стварыў сістэму авалодання няроднымi мовамі на аснове псіхалогіі. Потым зрабіў курс эфектыўнай псiхатэхнiкi. З адным медыкам з Пецярбурга мы распрацавалі прыбор аўдыявізуальнай стымуляцыі, які ўжываецца пры лячэнні розных хвароб, уздзейнічаючы на клеткі мозгу. А зусім нядаўна я скончыў працу над новай праграмай: “Развіццё прыроднай памяці”.

— Музыку, атрымліваецца, зусім закінулі?

— Як шоу-бізнес — так. Як тое, што я выкарыстоўваю ў сваёй працы ў Цэнтры інтэлектуальных тэхналогій, — не. Мяне заўсёды цікавіла яшчэ і тое, як музыка ўздзейнічае на мозг. Я назапашваў матэрыял, правёў назіранні, думаў, што з імі рабіць, і тут лёс звёў мяне з Уладзімірам Элькіным, геніяльным музыкатэрапеўтам. Ён прыходзіць з электрычным піяніна ў бальніцу, грае на ім, і людзі здаравеюць! Трох паралітыкаў так падняў з крэсла! (Я кажу пра псіхасаматыку, а не пра арганічныя паражэнні.) У выніку і маіх досведаў, сустрэч з музыкатэрапеўтычнымi свяціламі з’явілася серыя праграм “Музыка інтэлекту”. Каб не дурыць нікому галавы, скажу сцісла: папса — гэта шкода. Ёсць энцэфалаграмы, якія даводзяць, што, напрыклад, творы Моцарта актывізуюць прэфрантальную кару галаўнога мозгу, а папса — прыгнятае. (Дарэчы, рок-музыка таксама не мёдам намазана ў гэтых адносінах.) А зараз я займаюся тым, што даследую, як музыка Баха ўплывае на чалавека.

— Беларускіх кампазітараў не спрабавалі вывучыць такім жа чынам?

— Спрабаваў. У Беларусі быў такі кампазітар, чыя музыка, як я прааналізаваў, станоўчым чынам адбіваецца на працы чалавечага мозгу. Гэта Леў Абеліёвіч.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"