Ашмяны, Наваполацк, Пружаны, Шчучын, Гродзеншчына, Дзятлава...

№ 8 (1238) 20.02.2016 - 26.02.2016 г


/i/content/pi/cult/574/12597/1-8.jpgАшмяны / Каб малюнкі былі…

“У Год культуры — у бібліятэку” — пад такой назвай прайшла ў Ашмянскай гарадской бібліятэцы дэкада чытацкіх задавальненняў. Комплекс мерапрыемстваў уключаў запамінальныя мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю кнігі і чытання.

Падчас дэкады ладзіўся дзень сямейнага адпачынку “Цікавы выхадны” з практычнымі парадамі супрацоўнікаў бібліятэкі па выхаванні дзяцей. І ўвогуле, кожны дзень дэкады быў вылучаны пад пэўную тэму. Праводзіліся, да прыкладу, краязнаўчая гадзіна “Іх імёнамі названы вуліцы горада”, прэзентацыя инфармацыі аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Ашмянскага раёна, “дэгустацыя” літаратурных навінак “Думайце самі, вырашайце самі — чытаць або не чытаць”.

Напрыканцы свята супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі разгорнутую кніжную выставу “Улюбёныя кнігі нашых татаў і матуль”, дзе наведвальнікам былі прапанаваны як традыцыйныя кніжныя выданні, так і электронныя. І, трэба адзначыць, найбольшым попытам карысталіся звычыйныя кнігі ў добрым паліграфічным афармленні ды з прыгожымі малюнкамі.

Людміла ЗАРЭЦКАЯ, загадчык Ашмянскай гарадской бібліятэкі №1


Наваполацк / Праекты ДМШ і музея

У Наваполацку святкуюць 206-годдзе з дня нараджэння жывапісца Івана Хруцкага.

Днямі выставачная зала Цэнтральнай бібліятэкі імя Уладзіміра Маякоўскага прэзентавала персанальную выставу Наталлі Каржыцкай, выкладчыка Дзіцячай мастацкай школы імя жывапісца. У рамках праекта пад назвай «Нацюрморт, пейзаж, etc.» дэманструецца больш за дваццаць работ, у тым ліку і абстрактны жывапіс.

"Вялікаму майстру прысвячаецца…". Так называецца выстава пленэрных работ педагогаў ДМШ імя Івана Хруцкага ў выставачнай зале навуковай бібліятэкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. На палотнах — старадаўнія сядзібы нашага краю, адлюстраваныя ў розных тэхніках.

Пятага лютага адкрылася выстава пяцікласніцы Васілісы Мятла. Яна — адна з лепшых вучаніц школы. Заўжды выходзіць на філасофскае асэнсаванне тэмы, эксперыментуе з жывапісным і графічным матэрыялам, актыўна перамагае ў конкурсах.

Нарэшце, у Год культуры ў Музеі гісторыі і культуры стартуе новы культурна-асветніцкі праект «Мастацкая спадчына горада Наваполацка». Праект створаны для таго, каб пазнаёміць землякоў з этапамі развіцця і станаўлення архітэктурнага афармлення роднага горада.

Праект дае ўяўленне пра помнікі і садова-паркавыя скульптуры Нафтаграда, распавядае пра мясцовых скульптараў і мастакоў. Горад хоць і юны, але вельмі шмат ужо зроблена па захаванні памяці пра заслужаных гараджан. У выніку ажыццяўлення ідэй мастакоў і скульптараў створаны ўтульныя месцы для адпачынку.

Праект распачаўся з перасоўнай фотавыставы "Я ведаю: горад будзе…" А ў Музеі гісторыі і культуры Наваполацка для навучэнцаў Дзяржаўнага політэхнічнага каледжа арганізавана віртуальная экскурсія па памятных мясцінах горада.

Наш кар., Марыя КАРАВАЕВА, дырэктар Музея гісторыі і культуры Наваполацка

 

Пружаны / Бібліятэка ўшанавала Мулявіна

75-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна — народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР, стваральніка і мастацкага кіраўніка самага папулярнага савецкага ансамбля “Песняры” — Цэнтральная раённая бібліятэка імя Міколы Засіма адзначыла вечарам-партрэтам “Рускі з душой беларуса”.

Пра жыццё і творчасць Уладзіміра Георгіевіча распавяла вядучая мерапрыемства Вольга Кумакова. Дэманстраваліся відэакліпы і фрагменты дакументальных фільмаў “Развітанне з Песняром” і “Горкае шчасце Песняра”. А ў заключэнне пасля шчыра-пранікнёнай мулявінскай “Малітвы” ўся зала пад караоке выконвала незабыўныя і непаўторныя творы “Песняроў”.

І гэта было данінай памяці вялікаму таленту, чалавеку моцнай волі і пяшчотнай душы. На вечары была прэзентавана фундаментальная, цудоўна аформленая кніга ўспамінаў “Уладзімір Мулявін. Сэрцам і думамі…”.

Ніна ШАБУНЯ


Шчучын / Кветкі Алаізе

Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі распачала Год культуры літаратурнай сустрэчай з гродзенскімі пісьменнікамі ў фармаце рэспубліканскай акцыі “Сямейнае чытанне”.

Да нас завіталі літаратары Дзмітрый Радзвончык, Пётр Сямінскі, студэнткі філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы Аліна Паўлоўская і Вікторыя Смолка.

Шчучын стаў першым горадам на шляху іх літаратурных вандровак. Невыпадкова, бо наша зямля дала жыццё вядомай паэтцы Алаізе Пашкевіч. А з імем Цёткі звязана многае. Да прыкладу, штогод Саюз пісьменнікаў Беларусі арганізуе абласны конкурс рукапісаў імя Цёткі. І да помніка пісьменніцы пастаянна ўскладаюцца кветкі.

Паэты чыталі вершы, адказвалі на пытанні чытачоў, пакінулі ім свае новыя зборнікі з аўтографамі.

Тэрэза СОСНА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі


Гродзеншчына / Старт дадзены!

У Гродзенскім раёне адбылося ўрачыстае мерапрыемства “Цудоўны свет культуры”, прысвечанае пачатку Года культуры.

У фае Абухаўскага цэнтра культуры бібліятэкары ўладкавалі “Літаратурны кірмаш”. А на другім паверсе гледачы траплялі ў Горад майстроў, дзе працавалі і дэманстравалі работы народныя ўмельцы, ладзіліся майстар-класы па саломкапляценні і роспісу велікодных яек, выступіў народны майстар краіны Мар’ян Скрамблевіч.

На сцэне даводзілі сваё майстэрства лепшыя творчыя калектывы і выканаўцы Гродзенскага раёна: Заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь — ансамбль песні і танца “Ніва” і дзіцячы ансамбль танца “Лялечкі”, узорныя — студыя танца "Галактыка-В” і духавы аркестр Парэцкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў, народны тэатр народнай песні “Матуліна песня”, фольк-гурт “Камяніца” і іншыя.

Ганна СІМАНЕНКА, намеснік дырэктара Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра


Дзятлава / Ствараем арт-прастору

Дзятлаўская дзіцячая бібліятэка як інфармацыйны інтэлект-цэнтр бачыць важным кірункам працы развіццё інтэлектуальнай і духоўнай дзейнасці новага пакалення. На працягу 2016 года ўстанова плануе правесці шэраг тэматычных выстаў і мерапрыемстваў з удзелам таленавітых дзяцей нашага горада.

Бібліятэка супрацоўнічае з мастацкім аддзяленнем Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Такое сяброўства дае магчымасць пачаткоўцам праявіць сябе. У фае бібліятэкі пастаянна ладзіцца арт-прастора талентаў.

Свае ўражанні ад штодзённых жыццёвых адкрыццяў юныя творцы адлюстроўваюць на паперы. Першая экспазіцыя прысвечана зімовай тэме і называецца “Услед за Каляднай зоркай”. На ёй можна было пазнаёміцца з яскравымі работамі нашых пастаянных чытачоў Кацярыны Роўбы, Ірыны Авярчук, Кацярыны Макуцы, Яны Андруцэвіч, Кацярыны Загдай, Леры Цімошынай, Багдана Леанаўца і іншых. Дзякуючы сваёй адкрытасці, наша бібліятэка дае магчымасць прадэманстраваць творчыя работы юных мастакоў шырокаму колу гледачоў і стварае тым самым адмысловую культурную прастору.

Кацярына ГУБКО, загадчык Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэкі