Культурныя людзі з Касцюкоўкі

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Я пазнаёміўся з цудоўным чалавекам — Настассяй Сарасека. Яна кіруе палацам культуры "Касцюкоўка", што ў Гомельскім раёне. Будынак — не жартачкі: трохпавярховы. І месціцца ён у аднайменным рабочым пасёлку, што вядомы сваёй гутай.

Дарэчы, ПК быў ведамасны, заводскі. А з мінулага года перайшоў на баланс аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама. Так што аптымізацыя шклозавода для нашай аптымізацыі сталася надзвычай карыснай. Занадта ўжо цікавымі справамі насычана дзейнасць "Касцюкоўкі". Таму і Настасся Яўгенаўна падалася мне надзвычай цікавай. Нездарма кажуць: што галава прыдумае, тое рукі і робяць.

Апошняя прыдумка — праект "Мы беларусы — культурныя людзі", рэалізацыя якога разлічана на ўвесь Год культуры. Настасся Сарасека сцвярджае, што аўтар ідэі — творчы калектыў палаца. Селі яшчэ ў лістападзе за “круглы стол” мазгавых штурмаў і прыдумалі. І ў гэтым таксама — пазіцыя кіраўніка. Усе павінны адчуваць адказнасць за прыдуманае і зробленае.

Гадавы праект уключае тры перыядычныя акцыі. Першая: кожны панядзелак абвяшчаецца днём беларускай мовы. Супрацоўнікі Палаца культуры і паміж сабой, і з наведвальнікамі імкнуцца размаўляць на роднай мове. Справа ўхвальная. Пачынаць ніколі не позна. Глядзіш, за год "роднамоўнымі" стануць не толькі панядзелкі!

Другая акцыя: дзейнасць установы кожную сераду прысвечана канкрэтнай тэме. Першая, да прыкладу, раскрывала драбніцы традыцыйнага мастацтва мясцовага краю. Мастацкі кіраўнік Таццяна Полазава адказвала на пытанні гасцей, дэманстравала ручнікі, нацыянальны касцюм. Гучала традыцыйная музыка. Выступалі вакальныя калектывы "Ветэран", "Зараніцы". Канцэртная дзея спалучалася з тэатралізацыяй.

Да слова сказаць, у палацы — 34 клубныя фарміраванні. Самае вядомае — Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Цырк імя Валерыя Абеля. У красавіку калектыву спаўняецца 55 гадоў. Больш за 30 з іх ім кіруе дачка знакамітага артыста Таццяна Абель. На трэцім паверсе палаца — цудоўная рэпетыцыйная база, цыркавы музей.

Калектыў можна смела называць школай рознажанравага цыркавога мастацтва. Дзеці прымаюцца з пяці гадоў. Зараз у фарміраванні — 150 чалавек. Чаму я так падрабязна? Таму, што чарговая серада, 17 лютага, заяўлена цыркавой. Ахвотныя наведаюць музей, пазнаёмяцца з артыстамі і іх майстэрствам…

Трэцяя акцыя праекта "Мы беларусы — культурныя людзі" выконвае функцыю інфадайджэсту. Інакш кажучы, звяртае ўвагу на надзённыя падзеі, што адбываюцца на культурнай прасторы краіны. Першы "выпуск" дайджэсту быў прысвечаны, напрыклад, 95-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Гаворка ішла пра лёс і творчасць класіка, што нарадзіўся на Гомельшчыне. І таксама гучала шмат пытанняў, і таксама было многа наведвальнікаў...

Што мяне вельмі кранула ў праекце? Ён прыдуманы не дзеля, як кажуць, адчапнога. Да кожнай з акцый усім супрацоўнікам Палаца культуры трэба рыхтавацца самым сур’ёзным чынам. І каб з роднай мовай не схібіць. І каб грунтоўна ведаць не толькі страдаўнюю традыцыйную культуру, але і самую сучасную, яе праблемы, тэндэнцыі, перспектывы. Без такіх ведаў другая і трэцяя акцыі будуць элементарна нецікавымі. А пра тое, што на такі недахоп Палац культуры "Касцюкоўка" не пакутуе, сцвярджаюць аншлагі першых рэалізацыйных крокаў гадавой праграмы. Так што 2016 год для тутэйшых работнікаў культуры пройдзе напружана. Але ў гэтым — прэрагатыва высокіх прафесіяналаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"