Ці трэба, каб “Усе разам”?

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Маладзёжная мастацкая выстава “Усе разам” праходзіць у Брэсце ўжо трэці год запар.

/i/content/pi/cult/573/12590/9-3.jpg

Вера Мурына. "Ружовыя акуляры".

Прыдумаў яе мясцовы мастак Міхаіл Канькоў. У свой час ён займаў пасаду кіраўніка абласнога аддзялення Беларускага саюза мастакоў, а пазней быў дырэктарам выставачнай залы Абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Паводле задумы Міхаіла Канькова — гэта культурная акцыя, да ўзелу ў якой дапускаюцца не толькі прафесіяналы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дыпламаваныя творцы, але ўсе маладыя людзі з творчымі схільнасцямі, што здольныя сказаць нешта ўцямнае на візуальна-вобразнай мове. Галоўнае, каб у адзінай прасторы атрымалася крэатыўна і для публікі прывабна.

А на афішы пры гэтым пазначана, што выстава ладзіцца пад эгідай Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў. Пра якую перспектыву думаў, якую далёкую мэту меў спадар Міхаіл, калі рабіў эксперымент  — прышчэпку “дзічкі” на культурную расліну, не ведаю. Можа, ён хацеў, так бы мовіць, закаламуціць у ціхай сажалцы новую хвалю, актывізаваць мастацкае жыццё горада і вобласці? Мне ж гэта сітуацыя крыху нагадвае памежжа 1980 — 1990-х, калі ва ўмовах крызісу афіцыйнага мастацтва, што стаяла на глебе сацыялістычнага рэалізму, актывізаваўся андэрграунд, які ў масе сваёй “академиев не кончал”. Гуляць па правілах прафесійнага мастацтва нефармалам было даволі цяжка, таму ў гэтым асяродку базавай каштоўнасцю былі абвешчаны свабода ад канонаў і творчая разняволенасць.

На выставе, пра якую ідзе гаворка, “водападзел” паміж прафесіяналамі і непрафесіяналамі адчуваецца.

Асабіста мне цікава было пабачыць новыя работы Марыі Радзько. Асобы і аб’екты на яе карцінах звычайна маюць “другое дно”, за простымі рэчамі часта стаіць мудрагелісты асацыятыўны шэраг. Гэтаму прынцыпу адпавядаюць яе работы “Адкрытасць” і “Зефір”. А карціна “Пах успамінаў” — даволі ўдалая спроба псіхалагічнага партрэта. Мастачка дэманструе высокую ступень прафесіяналізму. Яна здольная сказаць пра многае кароткім сказам, адным радком, а ў дадзеным кантэксце — некалькімі выразнымі мазкамі на палатне.

/i/content/pi/cult/573/12590/9-4.jpg

Таццяна Потварава. "Сонечны Сан-Трапэ".

Таццяна і Валерый Потваравы, мяркуючы па стылістыцы іх карцін, знаходзяцца пад уплывам выбітных імпрэсіяністаў і выбіраюць тэмы ды сюжэты, якія пасуюць іх захапленню. У экспазіцыі прадстаўлены марскія і венецыянскія пейзажы. Тут ёсць магчымасць пагуляць пэндзлем з зіхоткімі фарбамі вады і неба. Добрае валоданне акварэллю дэманструе Ганна Чапурная-Алейнік. Гэта тэхніка патрабуе эмацыйнага, я бы нават сказаў — паэтычнага ўспрымання свету і цвёрдай рукі. Яе работы “Заўтра зіма” і “Дарога дадому” напісаны, што называецца, на адзіным подыху, і мастачка здолела праз гэта выявіць галоўны чыннік акварэлі — празрыстасць.

Жывапісец Вадзім Сідорчык натхняецца някідкай прыгажосцю беларускай прыроды. Яго цікавяць краявіды, дзе цывілізацыйны ўплыў хоць і адчуваецца, але не разбурае адвечнай гармоніі. Нешта падобнае можна сказаць і пра пейзажы Кірыла Ляшука, Сяргея Сычыка і Аляксея Пагожава. Хіба дадаць, што два апошнія знаходзяць у прыродзе не толькі гармонію, але таямнічасць і містыку.

/i/content/pi/cult/573/12590/8-3.jpg

Глеб Сідарэнка. "Exlibris".

Сярод графічных работ экспазіцыі вылучаюцца майстэрствам афорты Глеба Сідарэнкі. Прадстаўленую тут ягоную нізку “Чазенія” наўрад ці можна лічыць канцэптуальна самостойнымі творамі.

Глеб — студэнт Акадэміі мастацтваў, і ў ягоным почырку, у вобразным ладзе работ адчуваецца ўплыў настаўнікаў, імкненне да запатрабаваных сёння сюррэалістычнай шматзначнасці і стылёвай вытанчанасці. Ён можа зрабіць сабе імя і на згаданых чынніках, але мне здаецца, што ён здольны да большага — да стварэння ўласнага стылю, пабудовы ўласнага віртуальнага свету.

/i/content/pi/cult/573/12590/9-1.jpg

Міраўлад Палачыч. "Вандроўка".

На леташняй выставе “Усе разам” творы Міраўлада Палачыча былі стрыжнем, які ў значнай ступені візуальна трымаў эстэтычны разнабой, непазбежны, калі разам сабраны работы рознай якасці. Сёлета ён прадстаўлены даволі сціпла. Але ўсё роўна ягоныя карціны заўважныя і, мяркую, для публікі прывабныя. Бо ёсць уласны стыль, за якім прачытваецца сваё бачанне рэчаіснасці. Вобразы Палачыча я ўспрымаю як ілюстрацыі да яшчэ ненапісаных казак з наіўнымі сюжэтамі і філасофскім падтэкстам.

Люстэркам урбанізаванай свядомасці можна лічыць жывапіс Дзяніса Кавальчука. Магчыма ён адштурхоўваецца ад канкрэтных краявідаў, але ў выніку атрымліваецца гэткі горад увогуле, які ў роўнай ступені можа быць сталічным і правінцыйным, мегаполісам і райцэнтрам.

/i/content/pi/cult/573/12590/9-2.jpg

Вольга Данілюк. Жаночыя строі.

Пластыка, прынамсі, такая, каб запаміналася, на выставе фактычна адсутнічае. Пра інсталяцыі казаць не хочацца з прычыны іх сэнсавай спарадычнасці. У невялічкім раздзеле дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва я вылучыў бы даволі густоўныя ўзоры жаночых строяў Вольгі Данілюк. Яшчэ запомнілася кампазіцыя з цвікоў Пятра Кузьміча “Знакі”. Але яна нагадвае вожыкападобныя кампазіцыі з цвікоў канца 1950-х, якія рабіў нямецкі мастак Гюнтэр Юкер.

Наогул, натхняльнікаў у брэсцкай экспазіцыі хапае — Анры Маціс, Эндзі Уорхал, класікі экспрэсіянізму, сюррэалізму, поп-арту. Гэта нармальна пры навучальным працэсе, але на публіку пажадана выходзіць з больш самастойнымі творамі ці з больш акцэнтаванай цытатнасцю.

Выстава была прысвечана памяці Міхаіла Канькова. Хросны бацька праекта “Усе разам” пайшоў з жыцця летась. Адносна гэтай маладзёжнай імпрэзы ў Брэсце не было адзінага меркавання ад пачатку, няма і зараз. Ідэя мае прыхільнікаў, але і крытыкаў стае. Кажуць, у адну раку немагчыма ўвайсці двойчы. Гэта ў тым сэнсе, што не атрымаецца вярнуцца ў час, які мінуў. Спроба ў сённяшніх умовах змадэляваць культурную сітуацыю роспачнага памежжа 1980 — 1990-х, мяркую, зыходна паспяховай быць не магла. Сёння мастацкая сфера ў нашай краіне даволі жорстка структурызавана паводле законаў рынку. Ніша для “вольнага мастака”, амбіцыйнага дылетанта, які сам сабе і творца, і крытык, і менеджар, у згаданай сістэме не прадугледжана. Паглядзеўшы выставу, мушу зрабіць выснову: амбіцыйных маладых людзей тусовачнага тыпу ў Брэсце нямала, а вось маладых прафесіяналаў ад выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва не так шмат. Ці складаюць яны крытычную масу ў Брэсце?

Тым не менш, думаю, што праект “Усе разам” можа мець працяг. Зрэшты, людзі паспелі прызвычаіцца да гэтага слогана. Але мо даць магчымасць прафесіяналам і сур’ёзным аматарам выстаўляцца ў розны час і ў розных залах? Мастацтва — не тая справа, дзе колькасцю можна кампенсаваць якасць. Эгіда прафесійнага творчага саюза, пад якой ладзіцца выстава ці якая іншая імпрэза, сама па сабе ўжо мусіць быць гарантам якасці.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"