Куды штурхае адзінота?

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Коласаўскі тэатр пачаў юбілейны год прэм’ерай спектакля “Белы анёл з чорнымі крыламі” — па п’есе сучаснага беларускага драматурга Дзіяны Балыка. З яе творчасцю віцебскі глядач ужо знаёмы па спектаклі “Псіхааналітык для псіхааналітыка”.

/i/content/pi/cult/573/12589/8-2.jpg

Сцэна са спектакля "Белы анёл з чорнымі крыламі". / Фота прадастаўлена тэатрам

Тэма новай пастаноўкі — адзінота чалавека ў халодным свеце, дзе часцяком нават блізкія абмінаюць цябе. Жанравы ракурс, погляд на праблему, выбраны рэжысёрам, заслужаным дзеячам мастацтваў, мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра Валерыем Анісенкам — востра псіхалагічная драма з акрэсленым сацыяльным падтэкстам. І адрасаваны спектакль найперш маладому гледачу.

П’еса “Белы анёл...” мае ўжо багатую гісторыю пастановак у Беларусі, Расіі і ў далёкім замежжы. Але, здаецца, упершыню твор увасоблены ў, так бы мовіць, аўтарскай рэдакцыі — з вершамі самой Дзіяны (у перакладзе на беларускую мову Алеся Замкоўскага). Становіцца больш зразумелай засяроджанасць галоўнай гераіні на сваіх перажываннях, для яе ўласныя паэтычныя радкі — форма споведзі перад нябачным суразмоўцам. І разам з тым — моцны эмацыйны парыў, унутраны штуршок. Менавіта вершам — невыпадкова — завяршаюцца асобныя эпізоды спектакля. Захаваны і аўтарскі трагічны фінал..

Праўда, усё сказанае вышэй зусім не азначае, што рэжысёр Валерый Анісенка пайшоў цалкам следам за аўтарам. Хутчэй наадварот: у адпаведнасці з рэжысёрскай задумай тэкст даволі моцна скарэктаваны. Рэжысёр нібы “зачышчае” верхні сюжэтны пласт: гісторыя пра ўяўнае захворванне на СНІД маладой гераіні — толькі нагода, каб пагутарыць пра больш сур’ёзныя рэчы — амаль экзістэнцыйную адзіноту, той духоўны стан чалавека, які можа ўзнікнуць незалежна ад узросту і сямейнага становішча. Цяжка сказаць, што падштурхнула рэжысёра да такога шляху: сама п’еса альбо падкрэслена метафарычнае афармленне, прапанаванае маладым мастаком Андрэем Жыгурам. Што такое клетка, аб якую, бы параненая птушка, б’ецца Ніна, ланцугі, сеткі, куды поруч з аднагодкамі трапляе яна і з якіх не можа выкараскацца? Магчыма, гэта выявы яе сноў альбо наркатычных трызненняў? А яшчэ адбітак жорсткага, адчужанага, абыякавага свету, які ператвараецца для чалавека ў свайго роду замкнёную прастору, а таксама — псіхалагічны стан асобы, вырачанай на адзіноту. І не толькі Ніна трапляе ў клетку: там ужо даўно знаходзяцца яе бацькі, бабуля ды і... гледачы. Гэта даводзіць рэжысёр, стваральнікі спектакля.

У адпаведнасці з гэтым фабула п’есы адступае для яго стваральнікаў на другі план: яны засяроджваюцца на перажываннях чалавека, што трапіў у экзістэнцыйную сітуацыю і набывае магчымасць асэнсаваць сваё жыццё як пэўную духоўную субстанцыю. У ролі Ніны са знакавым прозвішчам Віч выступае маладая актрыса тэатра Святлана Сухадолава. Для яе гэта першая галоўная роля. І, бадай, самая ўдалая ў спектаклі. Яе хочацца назваць творчай перамогай. Пэўна ж, гэта вынік значных высілкаў самой актрысы і творчага тандэма з рэжысёрам, які ўзнік цягам рэпетыцыйнай работы. Здаецца, сам выбар выканаўцы пэўным чынам вызначыў мастацкае рашэнне вобраза і спектакля ў цэлым. Актрысе ў гэтай ролі ўласцівыя ўнутраная чысціня, цнатлівасць, хараство, якія нішто не можа знішчыць. І нават нейкая бравада, грубасць, уласцівыя гэтаму вобразу, падаюцца хутчэй нейкай абалонкай. Невыпадкова яна ўражвае доктара Самойлава (Яўген Бераснеў), які нібыта згубіў інтарэс да жанчын. Магчыма, актрысе варта больш дакладна паказаць тыя змены, што адбываюцца з гераіняй цягам усяго спектакля. Асабліва гэта тычыцца апошняй сцэны, у якой Ніна вырашаецца на самагубства.

Рэжысёр Валерый Анісенка і ў новым спектаклі працягвае пошукі ў галіне “дакументальнага тэатра”, якія ўжо раней адзначаліся ў яго зваротах да твораў сучаснай драматургіі альбо прозы (прыгадаем спектаклі “Ліфт” па п’есе Юліі Чарняўскай, “Пахавайце мяне за плінтусам” паводле Паўла Санаева, “Афінскія вечары” Пятра Гладзіліна). Тут істотныя некалькі фактараў, якія вызначаюць рэжысёрскі метад Анісенкі: сам выбар дастаткова жорсткага матэрыялу (ён намацвае болевыя кропкі соцыуму, разглядае дэгуманізацыю грамадства, “расчалавечванне” людзей), прынцыпы работы з акцёрам, ад якога патрабуецца жыццёвасць, псіхалагічная дакладнасць, пераканальнасць, адмаўленне “ігры” ў горшым сэнсе слова, барацьба з абрыдлымі выканальніцкімі прыёмамі і штампамі, што зусім не пазбаўляе мастацкай вобразнасці, метафарычнасці, ідэйна-філасофскага абагульнення многіх яго работ.

У такім жа кірунку ён працаваў і над новым спектаклем. І нават ролі, так бы мовіць, другога плана, напрыклад, бацькоў, бабулі Ніны пераконваюць сцэнічнай і жыццёвай праўдай. Заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова і Тамара Скварцова (Бабуля), артысты Георгій Лойка і Юрась Цвірка (Вадзім, айчым Ніны), Галіна Букаціна і Алена Шарэпчанка (Вольга, маці Ніны) адмаўляюцца ад выйгрышных прыёмаў, аддаюць перавагу знешне стрыманай манеры, спрабуюць намацаць “другі план” ролі, у выніку чаго вобразы набываюць мастацкі аб’ём.

Даволі нечаканым мне падалося “прачытанне” вобразаў доктара Самойлава і закаханай у яго медсястры Анжалікі (Юлія Крашэўская). У адрозненне ад іншых пастановак, дзе артысты дазвалялі сабе смакаваць салёныя жарцікі, падкрэсліваць цынізм і бесцырымоннасць сваіх герояў, пераводзячы спектакль у камедыйную танальнасць, Коласаўскі тэатр зноў жа ідзе шляхам раскрыцця драматызму характараў і іх узаемаадносін. Такім чынам дэманструецца думка, як амаральныя альбо спажывецкія заганы, стэрэатыпы грамадства змяняюць увогуле някепскіх і прыстойных людзей. Аўтары спектакля нібы папярэджваюць гледача аб тым, наколькі важна адрынуць уласныя амбіцыі і крыўды, пачуць блізкага чалавека, зразумець яго і своечасова працягнуць яму руку дапамогі.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа