Прыляцелі “Птушкі”…

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

З часоў Арыстафана і яго Хмаразязюльска
Як сёння ставіць старажытнагрэчаскую камедыю? Ці можа яна ўвогуле быць цікавай для сучаснага гледача? На гэтыя і многія іншыя пытанні адказаў (і адначасова задаў новыя) Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, прапанаваўшы прэм’еру — “Птушкі” Арыстафана.

/i/content/pi/cult/573/12588/8-1.jpg

Сцэна са спектакля "Птушкі". / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Рэжысёр Аляксей Ляляўскі звярнуўся да поўнага, амаль падрадковага рускамоўнага перакладу камедыі, зробленага ў дарэвалюцыйныя гады. Пры гэтым моцна пашкадаваў вуха інтэлігентнай беларускай публікі (а менавіта такая напоўніцу ацэньвае дарослыя лялечныя пастаноўкі), бо выкінуў з тэксту ненарматыўную лексіку (на месцы “нядобрых” слоў вішчыць электрагітара), згадкі пра сексуальныя адхіленні, іншыя, на цяперашні погляд, “вольнасці” (тыя ж першыя спартыўныя строі ўдзельнікаў алімпійскіх гульняў адпавядалі стылю “ў чым маці нарадзіла”). Нічога падобнага ў спектаклі няма, хаця ўсе дзеючыя асобы, адпаведна старадаўнім традыцыям, мужчыны. Пастаноўка, можна сказаць, жудасна цнатлівая. Ну, не лічыць жа абразай грамадскім густам намёкі на імгненны інтым маленькіх лялечных птушак ці аголеную статую, аблітую чырвонай фарбай ніжэй жывата?

Што ў спектаклі захавана, дык гэта скіраванасць старажытнагрэчаскай п’есы. Незадоўга да напісання твора ў Афінах выйшла забарона адлюстроўваць у камедыях палітычныя падзеі, таму Арыстафан звярнуўся да алегорый — эзопавай мовы. І, можна сказаць, выступіў пачынальнікам жанра антыўтопіі, распавёўшы, як птушкі пры дапамозе двух грэчаскіх эмігрантаў, што папрасілі ў іх прытулку, будуюць “ідэальны горад” — Нефелакакігію (у перакладзе — Хмаразязюльск: як тут не згадаць імёны герояў Астроўскага ці творчасць Салтыкова-Шчадрына!). Насамрэч жа атрымліваецца абнесены сеткамі-межамі паветраны замак. А птушкі, уяўляючы сябе вышэй за багоў, становяцца ўсяго толькі мясам для патэльні (пасля таго, як знеслі яйкі). Жанрава акрэсліўшы спектакль “гісторыяй тучакукуйскай дэмакратыі”, пастаноўшчыкі пазбаўляюць гледача ультра-стэрылізаваных уяўленняў пра дэмакратычныя Афіны тых часоў і пра тое, што Старажатная Грэцыя стала калыскай не толькі мастацтваў. Невыпадкова герой Цімура Муратава (Аляксандра Казакова), галоўны ініцыятар заваёвы ўсяго свету, выступаючы з прамовай, капіруе асобныя элементы жэстыкуляцыі Леніна, потым Гітлера. Трыбунай пры гэтым становяцца руіны калоны як сімвалу непарушнасці і моцы.

Два розныя акцёрскія склады ўносяць у спектакль розныя фарбы. Старэйшае пакаленне (заслужаныя артысты Беларусі Уладзімір Грамовіч і Аляксандр Казакоў) выводзіць на першы план выразнасць слова і ігры, акцэнтуе камедыйнасць (як вынік — смех у зале). Малодшае (Дзмітрый Рачкоўскі і згаданы Цімур Муратаў) робяць спектакль больш жорсткім, часам абсурдысцкім, даносячы ўсё багацце яго мастацкіх дэталяў.

Нават першая сцэна ў адным выпадку асацыюецца з камічнымі ўцёкамі, у другім — з гэткім хорарам. І цягне за сабой не ланцужок кінакамедый, а спасылкі на сцэны пакарання: дваіх чалавек у нейкіх шэрых робах кудысьці цягнуць, яны вымушаны бегчы (бягуць, падаюць, ізноў бягуць), іх рукі абматаны вяроўкамі, скрозь дым (ці то пыл з-пад капытоў “дзікага палявання”?) нічога не бачна, словы-крыкі патанаюць у скрэжаце электрагітары.

У музыцы Леаніда Паўлёнка пануе стыхія паўтораў сціслых формул — з перавагай рытмаў, а не гаваркіх інтанацый. Толькі ў самым-самым фінале, спрыяючы паклонам, на змену мінімалізму прыйдзе водгук неафольку. Касцюмы астатніх артыстаў (Валерый Зяленскі, Ілья Соцікаў, Дзмітрый Чуйкоў) нагадваюць ці то апярэнне экзатычных птушак, ці то адзенне модных дзі-джэяў (мастак — Людміла Скітовіч). Лялек, як ніколі ў дарослых спектаклях Ляляўскага, багата, прычым розных тыпаў і канструкцый. Але ўсе яны сыходзяць на другі план, саступаючы месца тым, хто вырашае іх лёсы. Акрамя спасылак на старажытнагрэчаскае мастацтва (калоны, скульптуры, элементы масак на выразах твараў у лялек), відовішча раз-пораз апелюе да іншых культурных кодаў, закранаючы і “танцы абарыгенаў” (у спалучэнні з дыскатэкай), і эстэтыку егіпецкіх наскальных малюнкаў, і пластыку першабытных паляўнічых — іх нячутную хаду з доўгімі коп’ямі-дроцікамі. Пасейдон асацыюецца з Русалкай, бо нагадвае рыбіну і б’е хвастом, Геракл — са спартыўным трэнажорам, Атлант — з трыма кволымі “тытанамі”, што трымаюць на плячах пліту з барэльефамі легкаатлетаў.

Ёсць і ўласна беларускія паралелі. Першая сцэна — бег уцекачоў — наўпрост нагадвае кінаўвасабленне сівой даўніны. Схіленыя долу мікрафоны нагадваюць буслоў на балоце ці два калодзежы-жураўлі. На краявіды Вітольда Бялыніцкага-Бірулі настройвае прачытаны чыстым дзіцячым голасам верш “Птушка” Якава Палонскага.

А галоўнае — спектакль прызначаны не толькі для знаўцаў міфалогіі ўсіх часоў, пачынаючы з антычнасці, а для тых, хто імкнецца разважаць над законамі светабудовы, каб зразумець, што гісторыя мае не толькі лінейнае, але і спіралепадобнае, цыклічнае развіццё.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"