Метафара горада — музей

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Расія
Эльвіра КАЛАШНІКАВА, вучоны сакратар Літаратурна-мастацкага музея Марыны і Анастасіі Цвятаевых з горада Аляксандрава, пра асаблівасці функцыянавання мемарыяльнага музея па-за межамі вялікага горада распавяла карэспандэнту “К” падчас канферэнцыі “Каласавіны-2015” у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

/i/content/pi/cult/573/12579/13-1.jpg

У гэтым дамку месціцца Музей Марыны і Анастасіі Цвятаевых горада Аляксандрава.

— Па сутнасці, Марына Цвятаева ў Аляксандраве не жыла — толькі гасцявала ў сваёй старэйшай сястры. Але ў 1982 годзе, калі імя паэтэсы было напалову забароненае, у Аляксандраве пачалі ладзіць фэст яе творчасці. У правінцыі можна было арганізаваць тое, што не дазвалялася ў савецкай сталіцы, а зручнае месцазнаходжанне (кожную гадзіну з Масквы да нас адпраўляецца электрычка) забяспечыла добрым прытокам публікі.

Сёння Цвятаеўскі фестываль паэзіі з’яўляецца старэйшым і найбуйнейшым паэтычным святам Расіі. На першых імпрэзах артысты і музыканты давалі дабрачынныя канцэрты, зборы ад якіх накіроўваліся на рахунак будучага музея. У 1991 годзе ён, створаны на сапраўды сабраныя грамадой грошы, адчыніў свае дзверы. Мы зноў сталі першымі: нават у Маскве аналагічная ўстанова з’явілася толькі да 100-годдзя Цвятаевай, а сёння па Расіі ўжо 10 мемарыяльных музеяў паэткі. Мы з калегамі імкнемся працаваць ва ўзаемадзеянні, прынамсі, каб не супадалі па часе мерапрыемствы, фестывалі і чытанні…

У кожнага з цвятаеўскіх музеяў — свая ніша. Прынамсі, мы не займаемся навуковымі даследаваннямі, літаратуразнаўчымі дакладамі — гэта прэрагатыва маскоўскіх калег, але больш працуем у якасці культурнага цэнтра горада. На названы вышэй фестываль да нас прывозяць спектаклі паводле творчасці Цвятаевай, ладзяць вернісажы і канцэрты, праводзяць сустрэчы з кампазітарамі, паэтамі. Пры музеі працуюць дзве канцэртныя залы, таму мы маем магчымасць праводзіць больш за 40 канцэртаў камернай музыкі, не кажучы пра Міжнародны фестываль камернай музыкі, які сёлета адзначыць сваё дваццацігоддзе. У тым жа 1996 годзе мы дамовіліся з маскоўскім Вялікім тэатрам аб правядзенні ў нашым горадзе “Аляксандраўскіх сезонаў”. Падкрэслю — гэта адзіны фестываль, які ладзіцца знакамітай трупай за межамі Масквы. Па рэгламенце яго вядучыя выканаўцы і калектывы завітваюць у Аляксандраў, як мінімум, раз у квартал.

Блізкасць Масквы — наша шчасце і наша праблема адначасова. Мы адмыслова не павялічваем цэны на білеты, каб маглі наведацца да нас мясцовыя жыхары, бо зарплаты ў Аляксандраве вельмі адрозніваюцца ад сталічных. З-за такой розніцы ў заробку мы страчваем моладзь: хто прыйдзе працаваць да нас, калі можна сесці на электрычку і праз дзве гадзіны апынуцца ў горадзе вялікіх магчымасцяў. Крыўдна… Я даўно гатова выйсці на пенсію, але пакуль няма каму перадаць справу…

Наша дасягненне — праца ў шчыльным тандэме з турыстычным бізнесам. Як вядома, Аляксандраў у свой час быў слабадой Івана Жахлівага. У Маскве заўсёды шмат жадаючых паглядзець на горад, які амаль 17 гадоў фактычна з’яўляўся сталіцай расійскай дзяржавы. Але для турпакета неабходна некалькі аб’ектаў. Таму мы дамаўляемся з кампаніямі, каб турыстаў прывозілі і да нас: тут яны даведваюцца пра “аляксандраўскае лета” — адзін з найбольш плённых перыядаў у творчасці Марыны Цвятаевай. Экскурсійныя аўтобусы могуць заехаць у вёску Лізунова, дзе знаходзіцца наш філіял: Дом-музей дзіцячага пісьменніка Мусатава. Ахвотныя далучаюцца і да гісторыі нядаўняга мінулага, прынамсі, наведвальнікаў уражвае экспазіцыя “Аляксандраў — сталіца 101 кіламетра”, прысвечаная лёсам вучоных, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, рабочых і сялян, па жыццях якіх прайшоўся махавік сталінскіх рэпрэсій. Удалая звязка з турыстычнымі фірмамі дапамагае музею актыўна развівацца, ствараючы сучасную метафару таго, ХХ стагоддзя.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"