Дар музею ад земляка

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

“Прыйдзі, стваральны дух” — пад такой назвай у Музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” працуе выстава, на якой прадстаўлены рабочыя рукапісы сусветна вядомага беларускага перакладчыка Васіля Сёмухі, якія ён перадаў летась на сваю радзіму — на Пружаншчыну. А тытульны выраз — назва зборніка, у якім Васіль Сяргеевіч абагульніў думкі паэтаў, чые творы перастварыў па-беларуску.

/i/content/pi/cult/573/12577/12-2.jpg

Хлопчык з Ясянца

Васіль Сёмуха нарадзіўся 18 студзеня 1936 года на хутары Ясянец Пружанскага раёна ў сям’і лесніка. У ліпені 1942-га бацькоў Васіля арыштавалі, падазраючы ў сувязях з партызанамі. Пасля катаванняў расстралялі ва ўрочышчы Слабудка (каля Пружанаў), дзе агулам нацысты забілі 5 тысяч чалавек. А ў сёмухавай хаце на хутары зрабілі засаду на партызанаў. Шасцігадовы хлапчук схаваўся пад ложкам і сядзеў там трое сутак. Некалькі дзён бачыў толькі боты нямецкіх салдатаў, якія праходзілі міма ложка, чуў іх рогат. А пасярэдзіне пакоя фашысты склалі “стажок” з гранат з драўлянымі ручкамі, як зараз памятае тыя дні Васіль Сяргеевіч. Потым яны абстралялі партызанаў у лесе і спалілі хутар: Васіль цудам выратаваўся з вогненнай пасткі. Праўду пра лёс бацькоў даведаўся ўжо пасля вайны ад жанчыны, якая сядзела ў Пружанах у турме ў адной камеры з мамай, якую моцна білі, цкавалі сабакамі…

Тыя падзеі адбіліся на здароўі Васіля — ён доўга і цяжка хварэў. Асірацелае дзіця выхоўвала родная цётка Ганна з вёскі Смаляніца таго ж Пружанскага раёна, дзе Васіль атрымаў хрышчэнне ў праваслаўнай царкве Святога Мікалая (па прыкладзе бацькі, бо маці была пратэстанткай). Скончыў Сёмуха гарадскую сярэднюю школу № 2 (сёння — гімназія). У школе яго называлі Васіль Ясэнскі (бо з хутара Ясянец). Пазней гэтую мянушку ён сабе браў як псеўданім пры перакладзе рамана Уладзіміра Караткевіча “Леаніды не вернуцца да зямлі”…

Рукапісы як слоўнік

Рукапісы, перададзеныя ў музей, — гэта пераклады з розных моў свету (нямецкай, польскай, латышскай, лацінскай, іспанскай, нарвежскай, армянскай, украінскай і іншых), вынік паўстагоддзя працы. Да ўсяго, перастварэнні Сёмухі — шматтысячны слоўнік нашай мовы, на якой загаварылі героі Гётэ і Шылера, Гейнэ і Гофмана, Ніцшэ і Брэхта, Томаса Мана і Рыльке, Міцкевіча і Славацкага, Норвіда і Тувіма, Райніса і Чакса ды іншых літаратурных геніяў, а таксама — Біблія. Як адзначыў сам перакладчык у суправаджальным лісце ў музей, гэтыя рукапісы — “прыклад працы ў “дакамп’ютарную” эпоху з дапамогай нажніц, клею і іншых хітрыкаў, каб пазбегнуць лішніх перадрукаў”.

Важная рыса Сёмухі-перакладчыка: ён не баіцца існавання знакамітых асэнсаванняў на блізкіх мовах і перастварае ўсё толькі з мовы арыгінала, адначасова працуючы адразу над некалькімі творамі — так лепш перакладаецца, на думку аўтара. Галоўная вартасць яго перакладаў палягае ў тым, што ён ідзе не ад абавязкавай адпаведнасці слову, але ад думкі аўтара, ад мелодыкі і рытмікі верша, ад асаблівасцяў моў арыгіналу і перакладу. Сёмуха імкнецца да таго, каб не згубіць духоўнага настрою, стылю і, што, бадай, найбольш істотна, — нацыянальнай прыналежнасці твора, даносячы жывое дыханне арыгінала.

/i/content/pi/cult/573/12577/12-3.jpg

Кнігі і рукапісы, прадстаўленыя ў экспазіцыі.

Аніразу не захварэў

На выставе цэнтральнае месца займаюць рукапісы найпрыгажэйшых частак Бібліі: “Псалтыр”, “Найвышэйшая песня Саламонава” і “Новы Запавет”. Праца над беларускім тэкстам доўжылася каля 14 гадоў — з 1988-га. Пры перакладзе Сёмуха арыентаваўся на царкоўнаславянскі варыянт, але карыстаўся рускімі, нямецкімі, чэшскімі, польскімі, украінскімі перакладамі. Сярод усіх наш зямляк вылучае Біблію Марціна Лютара. Галоўным для маэстра мовы было ні словам не адысці ад арыгіналу. У час перакладу, кажа Васіль Сяргеевіч, адчуваў дапамогу вышэйшай сілы: аніразу не захварэў.

110 “лішніх” на 14 тысяч

З процілеглага боку ад Бібліі размясцілася мефістофелеўская плеяда: рукапісы “Фаўста” Ёгана-Вольфганга Гётэ, “Доктор Фаўстус” Томаса Мана і “Мефіста” яго сына Клауса. Беларускі “Фаўст” Васіля Сёмухі, які перакладаўся 15 гадоў, па сваёй мастацкай дакладнасці стаў годным эквівалентам рускаму “Фаўсту” Барыса Пастарнака і латышскаму — Яніса Райніса. Што цікава, у перакладзе Сёмухі больш радкоў, чым у арыгінале Гётэ — 110 “лішніх” на 14 тысяч. Як зазначае перекладчык, часам чатыры словы па-нямецку не скажаш чатырма беларускімі, а трэба перакладаць доўгім сказам, інакш выйдзе абрубак, які не будзе адпавядаць тэксту. “Фаўст” Сёмухі быў прызнаны немцамі найлепшым перакладам славутага твора на славянскія мовы.

А пераклад “рамана эпохі” Томаса Мана, у якім легендарны Фаўст паўстае ў выяве музыканта, быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь імя Якуба Коласа. Чаму Сёмуха ўзяўся перекладаць яго?! Мабыць імкнуўся дайсці да глыбіні нямецкага духу, які зведаў у свой час разрыў. Трэці ж раман прывабіў Васіля Сёмуху нечаканай інтэрпрэтацыяй Мефістофеля, які з’явіўся ў вобразе “інтэлігентнага” нацыста. У ім у свой час пазналі сябе многія сучаснікі Клауса Мана, і не дзіва, што раман быў забаронены ў Германіі.

/i/content/pi/cult/573/12577/12-1.jpg

Аўтограф перакладчыка музею.

Кампазітарскім нюансам адпавядае

Як бачым, “мефістофелеўская тэма” — цэнтральная ў творчасці Васіля Сёмухі, з ёй ён шукаў адказы на пытане, чаму талент служыць — дабру ці злу? Усе астатнія творы нібыта акружаюць “Фаўста” і “Біблію”. Так, нямецкае “крыло” ў экспазіцыі ўзмоцнена рукапісамі са зборніка “Санеты Арфея” — перакладамі выдатнага аўстрыйскага лірыка Райнэра Марыя Рыльке. “Любасць сэрца майго да гэтага аўтара” — такі дарчы надпіс пакінуў Васіль Сёмуха на тытульнай старонцы рукапіса. На вяршыні нямецка-аўстрыйскай культуры размясціліся рукапісы вакальных цыклаў нямецкіх кампазітараў ХІХ стагоддзя. Беларускія выканаўцы атрымалі магчымасць выконваць шэдэўры музычнай класікі на роднай мове. Тэксты цалкам адпавядаюць кампазітарскім нюансам і выяўляюць яшчэ і музычнае дараванне перастваральніка.

Адзіны, хто…

Польскае “крыло” ў выставачных залах яскрава прадстаўлена перакладамі Юльяна Тувіма, у прыватнасці, найбуйнейшым ягоным творам — ліра-эпічнай паэмай “Кветкі Польшчы”, якую ён напісаў у эміграцыі. Як адзначае Сёмуха ў суправаджальным лісце, гэтая папка — з “Кветкамі…” Юльяна Тувіма, якога ён шчыра любіць, захавалася дзівам …

Улюбёную Васілём Сёмухам паэзію Латвіі прадстаўляюць рукапісы сімвалічнай драмы Яніса Райніса “Агонь і ноч” і “Белы алень” Візмы Бэлшавіцы. Дарэчы, калі ў перакладах з нямецкай і польскай моў перакладчыку было на каго апірацца, то ў перакладах з латвійскай ён выступіў як першапраходзец. Знаёмства з літаратурай балтыйскай краіны ў Васіля Сёмухі адбылося ў сярэдзіне 1960-х, калі ён працаваў над перекладам “Фаўста”: пачаў вывучаць латышскую мову, каб прачытаць “геніяльнейшы”, на думку Уладзіміра Караткевіча, пераклад гэтага твора, зроблены Янісам Райнісам. І вось яго так захапіла латвійская паэзія, асабліва творчасць Візмы Бэлшавіцы, што ён захацеў пазнаёміць з ёю сваіх землякоў. Перакладчык працаваў і хваляваўся: “Ці ўсё добра перакладзена? Добра перакласці можна толькі дрэнна напісаны твор. Добры твор добра перакласці немагчыма…" Сёння Васіль Сёмуха — адзіны ў Беларусі літаратар, хто можа перакладаць творы латвійскіх пісьменнікаў з мовы арыгінала.

Сёння Васіль Сёмуха жыве ў Мінску, працягвае працу. Спіс замежных аўтараў, якія дзякуючы Сёмуху “загаварылі” на беларускай мове, можна доўжыць, і нават пры самым дакладным пераліку ўсё роўна застаецца небяспека некага не назваць.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, старшы навуковы  супрацоўнік Музея-сядзібы “Пружанскі палацык”