"Пачынаецца ўсё з любві..."

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Гэты знакаміты радок Яўгеніі Янішчыц як найлепш пасуе да таго, што 13 лютага пляц ля Мінскай гарадской ратушы стане тэрыторыяй любові: любові да Бацькаўшчыны, да роднага горада, да сваёй сям'і... У Год культуры Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь ініцыявана акцыя "Беларусь, я люблю цябе". На сцэну ў гэты дзень выйдуць вядомыя артысты, салісты Маладзёжнага тэатра эстрады (ансамбль "Верасы", Яўген Ермалковіч, Вольга Плотнікава, Жанэт, шоу-тэатр "Хвілінка", заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вікторыя Алешка), Заслужанага калектыва краіны Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Тамела, саліст Дзмітрый Качароўскі), а таксама салісты Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя Уладзіміра Мулявіна, прадстаўнікі творчых калектываў раёнаў сталіцы, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі...

/i/content/pi/cult/573/12573/1-2.jpgЯкія навінкі чакаюць сферу культуры ў Год культуры? Што адбудзецца ў рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь, я люблю цябе!”? Пра культурную палітыку краіны прамаўлялі 11 лютага на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь.

Пра адметнасці, якія закрануць сферу культуры, распавяла журналістам першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга. Акрамя святкаванняў у 2016 годзе юбілейных дат выбітных дзеячаў культуры, літаратуры, мастацтва (Уладзіміра Мулявіна, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Максіма Багдановіча…), больш уважлівы падыход чакае арганізацыю традыцыйных мерапрыемстваў галіны наогул.

Сярод мэт 2016 года — узняць узровень культуры нашага грамадства, і гэта датычыцца не толькі ўласна сферы культуры. Сярод канкрэтных падзей — і новы конкурс “на ўсё лепшае”: “Чалавек года ў сферы культуры”. Арганізавана падзея для таго, каб актывізаваць цікавасць супрацоўнікаў устаноў сферы, мясцовых органаў улады ў кірунку рэалізацыі культурнай палітыкі і профільных мерапрыемстваў. Ну, а тыя ініцыятывы, якія “з’явяцца на свет” у Год культуры, займеюць працяг у наступныя гады.

Што да рэспубліканскай акцыі “Беларусь, я люблю цябе!”, дык яна, прысвечаная Дню ўсіх закаханых і Міжнароднаму дню роднай мовы, адбываецца сёння. Мінчан і гасцей сталіцы чакае гала-канцэрт, прэзентацыя кніг беларускіх аўтараў, выступленні паэтаў, дэманстрацыя тавараў пераможцаў прэміі “Народная марка”… Сумна не будзе! З нагоды “моўнага дня” ва ўстановах адукацыі сферы культуры і не толькі таксама правядуць дні і тыдні роднай мовы: вучні наведаюць музеі, пазнаёмяцца з пісьменнікамі, паўдзельнічаюць у літаратурных віктарынах… Да ўсяго, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Булаўкіна на прэс-канферэнцыі падкрэсліла: “Пачынаючы з гэтага навучальнага года, вучні 10-х класаў маюць права вывучаць беларускую мову на павышаным узроўні. З наступнага года — і вучні 11 класаў”. Сфарміраваліся адпаведныя класы, у выніку чаго — 3 гадзіны на тыдзень выдзяляецца беларускай мове і 3 гадзіны — беларускай літаратуры. А з наступнага навучальнага года ў пачатковай школе, пачынаючы з другога класа, вучні пераходзяць на вывучэнне мовы і літаратуры незалежна ад мовы навучання. Таксама распрацавана больш як 40 профільных факультатыўных заняткаў. З гэтага года Міністэрства адукацыі дзякуючы Міністэрству культуры рэалізуе праект па правядзенні ўрокаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі Беларусі ў музеях рэспублікі.

У рамках сустрэчы з прэсай дырэктар Маладёжнага тэатра эстрады Аляксандр Далжэўскі паведаміў, што калектыў рыхтуе эстрадную экспедыцыю “Беларусь — краіна талентаў”, якая пройдзе па ўсіх раёнах Беларусі. Праект уключае канцэртныя праграмы, майстар-класы артыстаў тэатра, дабрачынныя марафоны. Сярод мэт экспедыцыі — і пошук новых эстрадных выканаўцаў. “Затым на пляцоўцы нашага тэатра адбудзецца некалькі канцэртаў удзельнікаў праекта”, — зазначыў Далжэўскі.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст