Слова віцэ-прэм'ера

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава звярнулася да ўдзельнікаў пасяджэння выніковай калегіі Міністэрства культуры краіны. Яна выказала ўдзячнасць работнікам культуры краіны за іх самаахвярную працу і ў сваёй прамове спынілася на самых важных аспектах развіцця сферы.

/i/content/pi/cult/573/12572/1-1.jpg

Выступае Наталля Качанава; Наталля Качанава аглядае выставу ў фае Палаца культуры Маладзечна разам з яго дырэктарам, членам Савета Рэспублікі Святланай Сарока.

Год культуры, зазначыла яна, — знакавы, вельмі важны для кожнага з нас, для ўсёй галіны, і тычыцца ён, апроч уласна культурных дзей, і культуры паводзін, і адносін адно да аднаго, і многіх іншых бакоў жыцця.

Давер народа неабходна апраўдаць, падкрэсліла Наталля Качанава. А давер гэты ёсць. Таму кадравае пытанне — першаступеннае. Кадры трэба вырошчваць, цаніць, звяртаць увагу на тое, каб маладыя спецыялісты былі зацікаўлены ў падаўжэнні кантрактаў па месцы працы, што стала для іх першым. Гэтак жа, на думку Наталлі Качанавай, не павінна губляцца пераемнасць у моладзі са старшым пакаленнем прафесіяналаў.

У рэгіёнах, па словах віцэ-прэм'ера, нямала годных творчых калектываў, творчых асоб. На рэспубліканскім узроўні варта пастаянна падтрымліваць стасункі з імі. Красамоўны прыклад  — выязная калегія Міністэрства культуры, што адбылася ў Маладзечне, абвешчаным сёлета Культурнай сталіцай Беларусі. Намеснік Прэм’ер-міністра, у прыватнасці, падкрэсліла:

— Усё, што сёння адбываецца ў нашай сталіцы ў галіне культуры, у поўнай меры мае быць рэалізавана ў рэгіёне.

Віцэ-прэм’ер пераканана, што патэнцыял нацыянальнай культуры недастаткова выкарыстоўваецца для развіцця культурнага турызму, сувенірнага бізнесу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А тыя магутныя магчымасці павінны працаваць на імідж нашай краіны за мяжой.

Спынілася Наталля Качанава і на якасці работы галіны. Тэатральныя пастаноўкі, музычныя праграмы, выставачныя праекты павінны прыцягваць усё большую колькасць наведвальнікаў музеяў, кіназалаў, тэатраў, бібліятэк.

— Да аптымізацыі трэба падыходзіць асцярожна, — зазначыла Наталля Качанава. — Яна — не дзеля скарачэння работнікаў, а дзеля павышэння эфектыўнасці работы галіны.

Гаворка ў выступленні віцэ-прэм’ера таксама ішла пра рэканструкцыю аб’ектаў культуры, пра выпрацоўку стратэгіі паэтапнага абнаўлення матэрыяльнай базы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"