Мікрагісторыя на карце

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Улетку 2015 года “К” апублікавала фотафакт з Барысава. У гістарычным цэнтры на адным з будынкаў з’явілася карта старога горада з мікратапонімамі. Пра гісторыю яе стварэння апавёў прэсе ураджэнец Барысава, эканаміст Дзмітрый Бабіцкі.

Праект рэалізоўваўся цягам 2014 — 2015 гадоў у Барысаве, Брэсце і Гомелі. Мэтай было захаванне гарадскіх культурных ландшафтаў, пад якімі разумеюць вынік узаемадзеяння чалавека і наваколля, сувязі паміж сацыяльнымі структурамі і горадам — як сімвалічнымі, так і утылітарнымі аб’ектамі і месцамі. У Барысаве падчас рэалізацыі праекта адраджалі народную гарадскую тапаніміку. Некаторым з нефармальных тапонімаў больш за 200 гадоў, і яны старэйшыя за пэўныя будынкі.

Спачатку мясцовыя краязнаўцы даследавалі, як апавядае часопіс "Гарадскія тактыкі", пісьмовыя крыніцы: архіўныя дакументы, мастацкія творы, успаміны. Потым была сабраная фокус-група (“круглы стол”), удзельнікі абмяняліся інфармацыяй і высветлілася, што кожны не ведаў хаця б аднаго тапоніма. Некаторыя мікратапонімы, назвы якіх вядомыя з пісьмовых крыніц, ужо не выкарыстоўваюцца жыхарамі і фактычна страчаныя, іх немагчыма лакалізаваць.

Па выніках даследавання і была падрыхтавана карта, з якой можна даведацца, дзе знаходзяцца Разуваеўка, Казіны Рог, Лужок, Слабада, Слабодка, Барок, Роў (праўда, на карце ўсе назвы чамусьці пішуцца з малой літары). Напрыклад, Разуваеўка звалася так таму, што знаходзілася на ўскрайку горада, і сяляне, вяртаючыся дамоў, там здымалі абутак, каб яго не псаваць (абутак фабрычнай вытворчасці лічыўся вялікай раскошай, і яго насілі толькі ў выключных і святочных выпадках кшталту наведвання горада і царквы). Пазнейшыя гарадскія легенды інтэрпрэтуюць назву Разуваеўкі праз крыміналізацыю раёна, але гэта не адпавядае часу ўтварэння тапоніма.

На Казіным Рагу барысаўцы пасвілі коз, адсюль і назва. “Рог” пазначае не рог казы, а рог вуліцы. Пазнейшыя інтэрпрэтацыі звязвалі назву тапоніма з клінавіднай формай раёна на карце. Акрамя тапонімаў Старога горада, свае назвы ёсць і ў новых мікрараёнаў: яны ўтварыліся ў 1960 — 1990 гадах, але выкарыстоўваюцца пераважна ў асяроддзі падлеткаў.

Вынікі барысаўскай часткі праекта папулярызаваліся ў мясцовай прэсе, пано з картай, выкананае ў тэхніцы сграфіта, прываблівае і турыстаў, і мясцовых жыхароў, якія звяртаюць больш увагі на гістарычную забудову. Праекты ў Барысаве, Брэсце і Гомелі былі пілотнымі і павінны былі стварыць мадэль для рэалізацыі ў іншых беларускіх гарадах. Мабыць, вынікі піярыліся недастаткова: пра ход праекта ў Брэсце і Гомелі не атрымалася знайсці ніякай інфармацыі.

Дзмітрый Бабіцкі падкрэслівае, што гарадскі культурны ландшафт складаецца як з матэрыяльных, так і з нематэрыяльных аб’ектаў. Да нематэрыяльных, акрамя тапонімаў, адносяцца фестывалі, рэлігійныя абрады, святкаванні гістарычных датаў, традыцыйныя заняткі і цырымоніі. Каштоўнасць нематэрыяльнага складніка, “духа месца” — не меншая за каштоўнасць архітэктурных помнікаў. Тут можна ўзгадаць Канвенцыю UNESCO аб нематэрыяльнай культурнай спадчыне, якая ў Беларусі імплементуецца пераважна шляхам аховы праяў традыцыйнай сялянскай культуры. Можа, наспеў час для зменаў у такой парадыгме?

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"