Каб не “Капялюш”…

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

У выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбылася прэзентацыя праекта “Віцебская батлейка”. Наведвальнікі ўбачылі традыцыйны лялечны тэатр, які меў распаўсюджанне ў віцебскім рэгіёне ў XVIII — XIX стагоддзях.

/i/content/pi/cult/572/12563/2-1.jpgАндрэй Рэцікаў прэзентуе батлейку.

Аднавіў і даў другое нараджэнне віцебскаму батлеечнаму тэатру-жлобу Андрэй Рэцікаў — кіраўнік народнага тэатра лялек “Капялюш” цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Цэнтра культуры Наваполацка. Па адукацыі ён філолаг, у свой час вельмі захапіўся лялечным тэатрам, дасканала вывучыў яго гісторыю. У цэнтры рамёстваў ён — майстар па дрэваапрацоўцы, таму два дзясяткі гадоў майструе і сваіх лялечных персанажаў. Батлеечнымі прадстаўленнямі займаецца больш за 12 гадоў і ў цэнтры рамёстваў вядзе клас для дзятвы.

Для навучэнцаў гімназій, каледжаў горада, слухачоў абласнога цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў устаноў культуры было паказана традыцыйнае для Віцебшчыны батлеечнае прадстаўленне. А дапамог у гэтым Андрэю Рэцікаву фальклорны калектыў “Субацея” Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Наваполацка (кіраўнік Кацярына Фядотава), які выконваў калядныя канты падчас прадстаўлення.

Ала ЛЯЛЬКІНА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці