Нестандартны сцэнарый

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Менавіта па нестандартным сцэнарыі прайшло 5 лютага пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якая разгледзела пытанне “Аб выніках дзейнасці ў 2015 годзе і праблемах развіцця сферы культуры Беларусі ў 2016-м (у кантэксце рэгіёнаў)”.

/i/content/pi/cult/572/12559/2.jpgПраходзіла мерапрыемства ў Маладзечне, і ўпершыню пленарнаму пасяджэнню папярэднічала работа ў чатырох тэматычных секцыях. І была ў гэтым свая заканамернасць. Агучаныя праблемы рэгіянальнай культуры магчыма эфектыўна вырашыць толькі за кошт нестандартных, сапраўды творчых ды нефармальных падыходаў.

Дзень пачаўся з работы чатырох секцый па наступных кірунках: “Прафесійнае мастацтва” (тэатральная, канцэртная, музычная, выяўленчая, манументальная і кінематаграфічная дзейнасць, дзейнасць творчых саюзаў); “Дзейнасць бібліятэк, музеяў і клубаў”; “Адукацыя ў сферы культуры”; “Ахова гісторыка-культурнай спадчыны”. Секцыі працавалі ў Мінскім абласным тэатры лялек, Мінскім абласным краязнаўчым музеі і Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя Міхала Клеафаса Агінскага.

Работа ў секцыях, як падаецца, мае рацыю. І справа не ў тым, што, да прыкладу, выкладчыку ДШМ не надта цікава аналізаваць зробленае бібліятэкарам ці асэнсоўваць перспектыву дзейнасці, скажам, дырэктара СДК. Галоўнае, напэўна, што праблемы “жанравай” спецыялізацыі разглядалі профі сваёй сферы.Час не губляўся на дадатковыя тлумачэнні і непатрэбныя лірычныя адступленні.

/i/content/pi/cult/572/12559/1.jpgДзелавітасці і канструктыўнасці дадаў падзел работы на падсекцыі. Напрыклад, “Дзейнасць бібліятэк, музеяў і клубаў” адсочваў прэзідыум у складзе, у прыватнасці, дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага, генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пракапцова, старшыні Беларускага фонду культуры Уладзіміра Гілепа, дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алега Хмялькова, начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталлі Задзяркоўскай…

Натуральна, эфектыўнасць абранай формы аналізу зробленага і абмеркавання праблем пакажа толькі час.

Пленарнае пасяджэнне калегіі праходзіла ў Палацы культуры “Маладзечна”. Чым была адметная прамова міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова? Вось тое зроблена, а гэта — трэба зрабіць. І пасля кожнага пункту выказанага — акрэсленасць праблем.

Возьмем, да прыкладу, кадравае пытанне. Сярод праблем названы наступныя. Патрэбы арганізацый культуры ў прафесійных спецыялістах не задавальняюцца год ад году. Летась ВНУ не забяспечылі 59 працэнтаў заявак арганізацый-заказчыкаў, ССНУ — 37 працэнтаў. Асабліва востра стаіць праблема забяспечанасці спецыялістамі, адказнымі за ахову гісторыка-культурнай спадчыны, у першую чаргу, у сферы рэстаўрацыі.

Што ж трэба зрабіць? Павысіць якасць работы з кадравым рэзервам, удасканаліць работу па замацаванні маладых спецыялістаў, для гэтага — забяспечыць ім жыллёва-побытавыя ўмовы, а таксама — метадычнае суправаджэнне, замацаванне куратараў, арганізаваць кантроль за выплатай надбавак і выкарыстаннем іншых мер матэрыяльнага стымулявання ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам…

На час здачы нумара ў друк было запланавана, што выступяць генеральны дырэктар — мастацкі кіраўнік Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага Камсамола Беларусі Аляксандр Козак, дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская, дырэктар Маладзёжнага тэатра эстрады Аляксандр Далжэўскі, дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Марына Рафеева, начальнік аддзела ўстаноў адукацыі і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена Гуляева, генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Поршнеў, начальнік упраўлення мастацтва, культурна-асветніцкіх устаноў, народнай творчасці і навучальных устаноў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, віце-прэм'ер беларускага Урада Наталля Качанава.

У праграме мера-прыемстваў — узнагароджанне работнікаў культуры, якія вызначыліся ў мінулым годзе, урачыстая цырымонія з нагоды перадачы эстафеты добрых спраў ад Года моладзі Году культуры і надання Маладзечну статуса “Культурная сталіца Беларусі”. А напрыканцы дня — святочны канцэрт творчых калектываў і выканаўцаў нефармальнай сталіцы Міншчыны.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"