“Летапіс” застаецца. А далей?

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Сітуацыя вырашылася проста. Тое пытанне, якое з пачатку новага года не давала спакою кінематаграфічнай супольнасці і грамадству — ці скасуюць вядомы кінабрэнд краіны, студыю “Летапіс”, у сувязі з глабальнай аптымізацыяй “Беларусьфільма”? — атрымала, нарэшце, афіцыйны адказ. “28 студзеня міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў сустрэўся з калектывам студыі дакументальнага кіно”, — паведаміла “К” Міністэрства культуры краіны. “Адбылася дзелавая, канструктыўная размова аб далейшым развіцці студыі і беларускага кіно ў цэлым…” І вось яно, доўгачаканае: “На пытанне пра чуткі, якія датычацца закрыцця студыі “Летапіс”, Барыс Святлоў адказаў, што Міністэрства ніколі не займалася разбурэннем культурных брэндаў, а ўсімі сіламі імкнулася іх захаваць, як бы складана гэта ні было”.

“Наадварот, у Год культуры, у год дзевяностагоддзя з дня выхаду першых дакументальных фільмаў, у год 55-годдзя студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, — было адзначана ў паведамленні Міністэрства культуры, — мы чакаем ад кінематаграфістаў новых твораў дакументальнага мастацтва і гатовы фінансава падтрымаць творчыя ініцыятывы, каб у 2018 годзе годна сустрэць 50-годдзе студыі “Летапіс”. “…Міністр звярнуўся да калектыву з просьбай унесці прапановы па тэматыцы дакументальных фільмаў, выхаду на бясстратную дзейнасць і дапамагчы кіраўніцтву студыі “Беларусьфільм” прыняць правільнае кіраўніцкае рашэнне”. Такім чынам былі развеяны чуткі, што тычыліся скасавання падраздзялення.

Здавалася б, чаму не ўзрадавацца? Сапраўды, рэакцыя Міністэрства запэўнівае, што студыя захавае сваю аўтаномію. Грошы на дакументальныя фільмы, якія-ніякія, але ёсць. “Былі агучаныя і сумы, якія запланаваны на дакументальнае кіно на даным этапе: 2,5 мільярда рублёў”, — пацвердзіў навіну дырэктар “Летапісу” Уладзімір Мароз. Асабісты візіт міністра культуры і зварот да супрацоўнікаў студыі — усё гэта на карысць дыялогу. Тым не менш, канстатаваць стабільнасць для слыннага падраздзялення, як, уласна, і ўсёй кінастудыі, пакуль не даводзіцца. Аптымізацыя “Беларусьфільма” працягваецца і працягнецца далей. “Толькі нядаўна былі аддадзены два паведамленні аб спыненні працоўных адносінаў з супрацоўнікамі “Летапісу”, — пацвердзіў стабільную дынаміку гэтай меры эканоміі Уладзімір Мароз. Сышоу ў нябыт “Беларускі відэацэнтр”, нягледзячы на тое, што больш за тузін яго стужак быў паказаны кінасупольнасці на прэс-паказе дакументальнага кіно. На дадзены момант у яго структуры проста няма людзей — з вышэйагучанай прычыны. А няма супрацоўнікаў — навошта і асобная студыя спецпраектаў? Усё зробленае — у мэтах той самай эканоміі, бо сітуацыя на “Беларусьфільме”, так і скажам, — крызісная.

Пацвердзіў гэта і яе дырэктар Ігар Поршнеў, які аддаў пару хвілін неафіцыйнай размовы з журналістам “К” падчас прэс-паказу “Летапісу”. “Што я магу сказаць пра эканамічнае становішча студыі? Вы, калі ідзеце ў краму, разлічваеце толькі на тыя сродкі, якія ў вас ёсць, — правёў ён такую паралель, каментуючы працэсы аптымізацыі і рэарганізацыі, што адбываюцца. — Вы жа не будзеце купляць каўбасу, калі ў вас няма на яе грошай? У такім становішчы зараз і мы. Вымушаны эканоміць на ўсім, выцягваючы комплекс”. Больш падрабязны каментар Ігар Поршнеў наконт далейшай аптымізацыі даваць “на хаду” адмовіўся. “У Расіі зараз таксама крызіс, і пакуль нават замоў з расійскага боку няма”, — адгукнуўся ён на пытанне аб прапановах ад сталых партнёраў, даючы трошкі інфармацыі наконт бягучых праектаў.

Такім чынам, нягледзячы на тое, што “Летапіс” застаецца, “Беларусьфільм” зараз перажывае цяжкія часы, і яго кіраўніцтву трэба прыняць сапраўды крэатыўныя захады, каб “застацца на плаву”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"