Што значыць патранат UNESCO?

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

“Берагіня” грэе душу. З такім меркаваннем згодны мае калегі, якім давялося пабываць на Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва ў Акцябрскім. Гэта адзіны на Беларусі фэст, арыентаваны на пераемнасць традыцыйнай культуры натуральна: не па кнігах, а з “вуха ў вуха”, з “нагі на нагу”. І на вынік такой навукі варта паглядзець… У Акцябрскім пераконваешся, што паўнавартаснымі носьбітамі народнага мастацтва могуць быць дзеці ды моладзь, а не адны толькі ссівелыя дзядулі і бабулі. “Берагіню” даўно ўжо называюць эксклюзівам у цэнтры Еўропы.

А цяпер ад эмоцый — да фактаў. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў падчас нядаўняга тэлевізійнага інтэрв’ю паведаміў, што сёлетні Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва ў Акцябрскім пройдзе пад патранатам UNESCO. Каб высветліць падрабязнасці, мы звярнуліся да аўтара праекта “Берагіня”, яго навуковага і мастацкага кіраўніка Міколы Козенкі. Вось што ён паведаміў:

— UNESCO і раней фестываль падтрымлівала. Да прыкладу, было выдаткавана пяць тысяч умоўных адзінак на выданне прэзентацыйнага шматмоўнага буклета да “Берагіні”-2012. Але прадстаўнікі гэтай арганізацыі на самой “Берагіні” не прысутнічалі і не маглі на ўласныя вочы пераканацца ва ўнікальнасці фэсту. Справу паскорыў Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, ведаючы, што “Берагіня” не мае аналагаў у свеце. Фестываль арыентаваны на аўтэнтычныя формы нацыянальнай культуры, скіраваны на дзяцей і моладзь, на мясцовыя адметнасці ў розных творчых праявах. Еўропа не мае прыкладаў такой масавай пераемнасці…

Безумоўна, прасоўванне беларускасці каштуе немалых грошай. А працэс наладжвання стасункаў — узаемавыгадны. Урэшце, замежныя навукоўцы вывучаюць славянскую культуру на прыкладзе нашай, беларускай, бо яна яшчэ жыве і радуе шматграннасцю. Хоць колькасць носьбітаў традыцый сталага веку зменшылася ў разы.

Сёлета на “Берагіні” (23 — 26 чэрвеня), мяркуецца, будуць прысутнічаць калектывы з Партугаліі, Ізраіля, Славеніі… Прынамсі, краіны выказалі жаданне і сябе паказаць, і на нас паглядзець. Зараз вядзецца ліставанне, вырашаюцца аргпытанні разам з маскоўскім аддзяленнем UNESCO. Як сцвярджае Мікола Козенка, ужо вядомы праект праграмы фэсту (адзін з яе складнікаў — турнір фальклорных калектываў). З новага — конкурс інструментальных капэл. Вельмі хацелася б, падкрэслівае кіраўнік “Берагіні”, каб у фестывалі ўзялі ўдзел школы мастацтваў.

Прадстаўнікі UNESCO, спадзяемся, пабачаць “Берагіню” на ўласныя вочы ды пераканаюцца, што патрэбна сістэма перадфестывальнай падрыхтоўкі, бо, як неаднойчы паўтараў Козенка, не ўсе вобласці краіны сёння ўключаны ў гэты працэс… Хтосьці скажа: зноў мы з працягнутай рукой. Але ж трэба, каб “Берагіня” не выжыла, а развівалася ды красавала на карысць не толькі сваёй нацыі. І толькі ад нас залежыць, каб выглядалі мы годнымі партнёрамі, якім ёсць чым здзівіць свет.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"